Зварот Каардынацыйнай Рады да расійскай грамадскасці і афіцыйных асоб

Выбары, што прайшлі ў Беларусі 9 жніўня, за якімі надышлі трагічныя падзеі – забойствы, збіццё і катаванні мірных дэманстрантаў, – увялі Беларусь у глыбокі палітычны крызіс. У цэнтры Еўропы ў XXI стагоддзі развязаны тэрор у дачыненні мірных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія выказваюць альтэрнатыўны ўладзе пункт погляду.

Матэрыялы расійскіх СМІ не заўсёды ўлічваюць і адлюстроўваюць тыя працэсы, якія рэальна адбываюцца ў Беларусі. Таму лічым важным данесці да вас пункт погляду значнай часткі беларускага грамадства.

Вырашэнне ўнутранага крызісу, які ўзнік у Беларусі, магло б быць ініцыявана ў межах дзеючага праўнага поля і існуючых палітычных структур. Гаворка, перадусім, пра беларускі Парламент, які закліканы прадстаўляць інтарэчы грамадзянаў, усяго грамадства. На вялікі жаль, нічога падобнага не адбылося. Дзеючая ўлада катэгарычна адмаўлялася і адмаўляецца прызнаць крызіс і шукаць цывілізаваныя спосабы яго вырашэння.

У існуючых умовах па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай, асноўнага альтэрнатыўнага кандыдата на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, была створаная Каардынацыйная Рада. Гэта грамадзянская платформа, у якую ўвайшлі прадстаўнікі розных груп грамадства.

Хочам асабліва падкрэсліць: Каардынацыйная Рада ніколі не ставіла і не ставіць сваёй мэтай пагоршыць адносіны Беларусі і Расіі, як гэта спрабуюць падаваць беларускія афіцыйныя каналы. Мы падтрымліваем развіццё беларуска-расійскіх адносін ва ўсіх сферах.

Але для таго, каб планаваць хаця б найбліжэйшую будучыню, планаваць сумесную працу, трэба вырашыць сур’ёзны канфлікт у краіне. Для гэтага мы як грамадзянская платформа ініцыявалі дыялог па трох самых адчувальных пытанняя: 1) спыненне гвалту ў дачыненні мірных грамадзянаў, даследаванне фактаў гвалту і пакаранне вінаватых у строгай адпаведнасці з законам; 2) спыненне палітычных рэпрэсій у краіне і вызваленне з турмаў і ізалятараў грамадзянаў, якія пад іх падпалі; 3) падрыхтоўка новых выбараў, якія пройдуць адкрыта і празрыста, бо менавіта недавер да афіцыйных вынікаў мінулых 9 жніўня выбараў, шматлікія зафіксаваныя факты фальсіфікацый выклікалі шырокі грамадскі пратэст.

Каардынацыйная Рада не ставіла і не ставіць сваёй мэтай «захоп улады», як гэта прадстаўляюць некаторыя СМІ. Улада павінна змяняцца ў краіне на выбарах, вынікі якіх ні ў каго не будуць выклікаць суменнняў. Мы ж як грамадзянская платформа выступаем за тое, каб у краіне як мага хутчэй пачалі працаваць падставовыя канстытуцыйныя нормы. За тое, каб любыя праблемы ў грамадстве вырашаліся шляхам дыялогу.

Аднак у апошнія дні мы бачым, што ўлада не толькі пярэчыць усім спробам цывілізаванага дыялогу, але нарошчвае гвалт і ціск у дачыненні мірных грамадзянаў. Прадстаўнікі дзяржаўных органаў, закліканых забяспечваць у Беларусі правапарадак і законнасць, збівалі людзей, разбівалі вітрыны, праводзілі масавыя затрыманні на вуліцах. Гэтаму ёсць шматлікія відэасведчанні.

У дачыненні сяброў створанай Каардынацыйнай Рады развязана сапраўдная вайна: практычна ўсе сябры Прэзідыума або затрыманыя і знаходзяцца ў ізалятарах, або вывезеныя з краіны супраць іх волі і жадання.

Працягваюцца пераследы і рэпрэсіі ў дачыненні журналістаў і СМІ, таварыстваў і грамадскіх дзеячаў, бізнесу.

Дзеянні беларускай улады за апошні месяц, якая шырока выкарыстоўвае арсенал гвалту, правакуюць далейшы ўзрост пратэстаў, радыкалізацыю настрояў у грамадстве, і з вялікай верагоднасцю могуць прывесці краіну да гуманітарнай катастрофы.

Мы перакананыя, што Расія як найважнейшы партнёр Беларусі не можа быць зацікаўлена ў такім сцэнары. Мы перакананыя, што блізкі нам расійскі народ хоча, каб Беларусь была мірнай, спакойнай краінай. Мы ўпэўненыя, што стабільнасць у рэгіёне важная не толькі для Беларусі, але і для Расіі, і ўжо зусім відавочна, што гэтая стабільнасць не можа быць дасягнутая далейшымі рэпрэсіямі і сілавым прыгнечаннем мірных пратэстаў. Толькі цывілізаваным, перамоўным шляхам павінны вырашацца любыя сур’ёзныя супярэчнасці і канфлікты.

Для нас зьяўляецца важным, каб думку значнай часткі беларускага грамадства чулі і ўлічвалі ў Расіі.

Пазіцыя нашых знешнепалітычных партнёраў і саюзнікаў, безумоўна, мае сур’ёзнае значэнне для беларускага народа, для будучыні Беларусі і будучыні беларуска-расійскіх адносін.

Падтрымка афіцыйнымі асобамі дзеянняў сілавых органаў Беларусі, палітыкі рэпрэсій замест дыялогу, безумоўна, пакіне сур’ёзны негатыўны адбітак на двухбаковых адносінах. У той жа час шчырая падтрымка рэальнага, а не бутафорскага, дыялогу ў краіне паміж рознымі палітычнымі сіламі, будзе спрыяць найхутчэйшай нармалізацыі становішча ў Беларусі і развіццю адносін Беларусі і Расіі.

Каардынацыйная Рада Беларусі

Яшчэ навіны

Падзяліцца