Заява Каардынацыйнай Рады Беларусі ў сувязі з дамоўленасцю аб размяшчэнні ў Беларусі ядзернай зброі

На фоне бягучай узброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны, 25 сакавіка 2023 г. прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што яго краіна зможа размясціць сваю ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Каардынацыйная Рада лічыць такі крок істотнай эскалацыяй канфлікту, якая мае сур’ёзныя наступствы для бяспекі грамадзян Рэспублікі Беларусь і грамадзян краін-суседак, парушае міжнародныя абавязкі і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародныя абавязкі Расейскай Федэрацыі. 

Мы лічым, што дамоўленасць паміж кіраўніцтвам Расейскай Федэрацыі і нелегітымным урадам А. Лукашэнка аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі з’яўляецца парушэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. У Дэкларацыі «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь» ад 1990 года легітымныя прадстаўнікі беларускага народу выразна адзначылі намер беларусаў зрабіць нашу краіну безʼядзернай нейтральнай дзяржавай. Нелегітымны ўрад А. Лукашэнка, які прайграў выбары, не мае права змяняць гэтае рашэнне, што дакладна вядома таксама і кіраўніцтву Расейскай Федэрацыі.

Згодна з імкненнем да бяз’ядзернасці, у 1993 годзе Беларусь далучылася да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі і добраахвотна адмовілася ад размяшчэння ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі. Абʼект і мэта гэтай дамовы – мінімізацыя будзь якіх ядзерных рызыкаў, улічваючы вайну з ужываннем ядзернай зброі. З кантэксту сённяшняй вайны, а таксама з таго факту, што тактычная ядзерная зброя плануецца быць размешчанай дзяржавай-агрэсарам на тэрыторыі дзяржавы, якая да гэтага добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, мы лічым, што такія дзеянні Расейскай Федэрацыі і нелегітымнага ўрада А. Лукашэнкі, парушаюць абавязанні Рэспублікі Беларусь па Дамове аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі 1968 г.

Беларускі народ у асобе яго прадстаўнікоў, абраных у Каардынацыйную Раду, рашучым чынам асуджае і выступае супраць выкарыстання тэрыторыі нашай краіны з боку Расейскай Федэрацыі для ўзброенай агрэсіі супраць Украіны, а таксама для сталага стварэння з яе пагрозы для міжнароднай супольнасці.

Размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі пераўтварае краіну ў першачарговую мішэнь для ядзернага ўдару ў выніку канфлікту паміж ядзернымі дзяржавамі. Ахвярамі ўдару непазбежна стануць мірныя жыхары Рэспублікі Беларусь. Беларусы маюць трагічную гісторыю ядзерных катастрофай на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе, якая закранула значную частку нашай краіны і выклікала доўгатэрміновыя наступствы для здароўя людзей і прыроды. У выпадку размяшчэння ядзернай зброі, у адрозненні ад аварый тэхнагеннага характару, беларускі народ не будзе мець ніякіх падстаў разлічваць на дапамогу міжнароднай супольнасці ў пераадоленні жудасных наступстваў ядзернага ўдару. Нарэшце нават само размяшчэнне і захоўванне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі могуць спрычыніцца да тэхнагенных катастроф і адпаведнага забруджання навакольнага асяроддзя. Адсутнасць празрыстасці, падсправаздачнасці нелегітымнага ўрада А. Лукашэнка ў дачыненні да ядзернай энергетыкі і бяспекі толькі ўзмацняе гэтыя рызыкі.

Мы лічым, што нелегітымны ўрад А. Лукашэнка павінен паставіць прыярытэтам бяспеку і дабрабыт насельніцтва Беларусі перад інтарэсамі свайго палітычнага выжывання і неадкладна спыніць размяшчэнне ядзернай зброі ў краіне. Каардынацыйная рада рашуча асуджае гэтае неабдуманае і безадказнае рашэнне з боку нелегітымнага ўраду А. Лукашэнка і кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі і заклікае міжнародную супольнасць прыняць неадкладныя і рашучыя меры для перадухілення размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.

Мы лічым, што пагроза ядзернай зброяй, яе выкарыстанне і распаўсюджванне павінна быць адназначна асуджана, і ўсе краіны павінны працаваць над раззбраеннем і светам, свабодным ад пагрозы ядзернай вайны. Бяспека і дабрабыт людзей і навакольнага асяроддзя ніколі не павінны прыносіцца ў ахвяру палітычнай выгадзе або ваеннай моцы.

У сувязі з вышэйадзначаным, мы, Каардынацыйная Рада, як прадстаўнікі беларускага народа:

  • падкрэсліваем неабходнасць працягваць намаганні па зніжэнні рызыкі выкарыстання ядзернай зброі як палітычнага інструменту;
  • патрабуем ад Расейскай Федэрацыі неадкладна вывесці расейскія войскі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, спыніць незаконнае выкарыстанне паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, спыніць фінансаванне і іншую падтрымку нелегітымнага ўраду А. Лукашэнка, якія ажыццяўляюцца насуперак волі беларускага народу;
  • заклікаем беларускіх афіцэраў трымаць прысягу і не дапускаць любых пагроз бяспецы беларускага народа;
  • заклікаем усіх, хто застаўся ў Беларусі, далучыцца да нас у супрацьдзеянні размяшчэнню ядзернай зброі на нашай радзіме;
  • заклікаем беларусаў за мяжой таксама выкарыстоўваць свой уплыў, каб супрацьстаяць гэтай пагрозе;
  • заклікаем МАГАТЭ, як асноўны наглядальны механізм за выкананнем Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, даць ацэнку намерам Расейскай Федэрацыі і нелегітымнага ўрада А. Лукашэнкі, з пункту гледжання выканання Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыяй сваіх абавязанняў і ў свеце аб’екта і мэты Дамовы;
  • патрабуем прыцягнення кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі і нелегітымнага ўрада А. Лукашэнка да адказнасці за ўзброеную агрэсію супраць Украіны, парушэнне нормаў міжнароднага права і правоў чалавека.

Падзяліцца