Заява спікера Каардынацыйнай рады да міжнародных лідараў у сувязі са станам Віктара Бабарыкі

Спадарыні Ўршулі фон дэр Ляен, Старшыні Еўракамісіі.
Спадару Джо Байдэну, Прэзідэнту ЗША
Спадару Рышы Сунаку, Прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі

Паважаная прэзідэнт фон дэр Ляйен,
Паважаны прэзідэнт Байдэн,
Паважаны прэм’ер-міністр Сунак,

Каардынацыйная Рада, як прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл Беларусі, які прызнаны міжнароднай супольнасцю, звяртае вашу ўвагу на чарговыя факты нечалавечага абыходжання з палітычнымі зняволенымі ў беларускіх турмах.

26 красавіка стала вядома, што Віктар Бабарыка, палітычны вязень, лідэр партыі «Разам», адзін з лідараў дэмакратычных сілаў Беларусі і прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты ў 2020 годзе, знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы з меркаванымі слядамі збіванняў. У бальніцу Віктар патрапіў з папраўчай калоніі №1 горада Наваполацку з пнеўматораксам, слядамі збіцця. Да гэтага да Віктара каля двух месяцаў не дапускалі адвакатаў, інфармацыі аб ягоным стане практычна няма.


Гэта не першы выпадак гвалту ў беларускіх турмах. На працягу ўсяго перыяду зняволення з 2020 года лідар дэмакратычных сіл Віктар Бабарыка, лідары Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава і Максім Знак, многія іншыя палітвязні, увесь час адпраўляюцца ў ШІЗА на доўгі тэрмін. Асаблівасцю гэтага тыпу пакарання з’яўляецца тое, што людзі змушаныя на працягу сутак заставацца зачыненымі ў маленькай прасторы ў поўнай адзіноце з уключаным святлом, без магчымасці прысесці ці абаперціся, што можна прыраўнаваць да катаванняў.

Як вядома, Марыя Калеснікава некалькі месяцаў таму апынулася ў рэанімацыі, куды яе даставілі з калоніі, дзе яна адбывае зняволенне. Доўгі час да яе не маглі дапусціць родных і адваката. Марыя перанесла аперацыю на страўніку, пасля якой яе зноў адправілі ў турму.

Сярод палітычных зняволеных знаходзяцца людзі з цяжкімі хранічнымі, у тым ліку анкалагічнымі захворваннямі. Да іх ужываюць тыя ж метады пакарання і гвалту за іх палітычныя погляды. 7 сябраў Каардынацыйнай рады знаходзяцца ў зняволенні, у тым ліку Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі.

Сёння ў Беларусі больш за 1500 палітычных зняволеных і гэта толькі паводле звестак праваабаронцаў. Эксперты ацэньваюць рэальную колькасць крымінальных спраў, звязаных з палітычным пераследам, у больш за 4000. На ўсе выпрабаванні палітычныя зняволеныя адказваюць нязломным характарам і верай у перамогу дэмакратычных каштоўнасцяў, працягваючы адбываць свой тэрмін па надуманых прычынах з-за сваіх палітычных поглядаў.

У гэтай сітуацыі мы лічым неабходным тэрмінова дапусціць незалежных медыкаў да Віктара Бабарыкi, Марыі Калеснікавай і іншых палітычных зняволеных, якім неабходная медыцынская дапамога ў дадзены момант.

Мы лічым неабходным патрабаваць ад рэжыму дапусціць дыпламатаў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, у тым ліку АБСЕ, да сустрэчы з палітычнымі зняволенымі, каб разумець, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца і якая экстраная дапамога ім неабходна.

Мы заклікаем рэжым выконваць закон і даць права палітычных зняволеных на абарону, даць магчымасць беларускім адвакатам прафесійна выконваць свой абавязак.

Мы асуджаем гвалт і катаванні ў беларускіх турмах, невыкананне правоў чалавека палітычных зняволеных, іх сваякоў і адвакатаў, а таксама пераслед па палітычных матывах і пакаранне за палітычныя погляды і перакананні. Адзіным магчымым выхадам з крызісу мы лічым поўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных з турмаў з забеспячэннем рэабілітацыі для іх і іх сем’яў.

З павагай,

Андрэй Ягораў

Спікер Каардынацыйнай Рады Беларусі

Падзяліцца