Учора, 11.09.2020, адбылося пасяджэнне Асноўнага складу Каардынацыйнай Рады.
Чытайце асноўныя тэзісы сустрэчы.

Што з Прэзідыумам?

Першае і галоўнае — Каардынацыйная Рада працягвае працу. Склад Прэзідыуму не змяняецца.
Паводле змен у Рэгламенце ад 6.09.2020, у выпадку, калі ў сяброў Прэзідыума няма магчымасці прымаць рашэнні, рашэнні ў Радзе прымаюцца Асноўным складам Рады простай большасцю галасоў. Такім чынам, дзейнасць КС працягваецца, і прыняцце развязкаў магчыма. На ўчарашняй сустрэчы гэта было пацверджана! Сам склад Прэзідыума застаецца ранейшы.

Над чым працуе КР цяпер?

Прыярытэты працы захоўваюцца (яны выкладзеныя ў Рэзалюцыі КР):

  • спыненне гвалту і прыцягненне вінаватых да адказнасці
  • вызваленне палітычных вязняў
  • новыя сумленныя выбары

Таксама хуткім часам мы хочам зрабіць падтрымку і давер беларусаў да КР бачнай і просім вас максімальна падтрымліваць КР.

Апроч таго, у складзе Рады працягваюць дзейнічаць працоўныя групы. На дадзены момант іх 6.

  1. Служба падтрымкі рэгіёнаў
  2. Служба падтрымкі працоўных калектываў
  3. Праца з грамадзянскай супольнасцю
  4. Фем група
  5. Група па расследаванні парушэнняў праў чалавека і гвалту падчас мірных дэманстрацый
  6. Эканамічная аналітыка

Што можна зрабіць цяпер?

  1. Уваходзьце ў Пашыраны склад КР. Зараз вельмі прыдатны час для выразу сваёй пазіцыі! Гэта яшчэ адзін спосаб паказаць, што нас — рэальная большасць. Унутры Пашыранага складу таксама будзе магчымасць дзейнічаць у працоўных групах: вы зможаце ствараць іх самі ці падлучацца да ўжо існых груп. Далучайцеся! Робім новую Беларусь разам і ўжо цяпер.
  2. Распаўсюджвайце інфармацыю пра палітвязняў. Публічнасць — прылада, якая дапаможа іх найхутчэйшаму вызваленню.

Таксама вязням і іх блізкім вельмі патрэбная наша падтрымка: мы павінны паказаць на справе, што ніхто не забыты. Інфармацыя пра іх, іх гісторыі павінны быць чутныя з кожнага праса, іх прозвішчы павінны ведаць нават дзеці, іх твары павінны ведаць нават іншаземцы.

Змены — у нашых руках! Мы лепш за усіх ведаем, што адзіны “лялькавод”, які стаіць за беларусамі, — праўда і справядлівасць.

Застаемся на сувязі і сачыце за навінамі!

Яшчэ навіны

Падзяліцца