Сёння, 31 жніўня, адбылося другое паседжанне Асноўнага складу Каардынацыйнай Рады.
На паседжанні Прэзідыум распавёў аб зробленай працы, прадстаўнікі рабочых груп расказалі пра свае поспехі і пытанні, а таксама абмеркавалі самыя важныя прапановы па далейшай працы Рады.

Асноўныя тэзісы — у нашым артыкуле.

Пра работу Прэзідыума

За мінулы час Прэзідыум зрабіў некалькі Заяў, у прыватнасці, каментуючы паведамленні пра фармаванне ўзброеных групіровак для выкарыстання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пра 53 млн еўра ад ЕС. Прэзідыум падтрымаў ініцыятыву пра водгук дэпутатаў і заклікаў уваходзіць у Пашыраны склад Рады, каб рабіць новую Беларусь разам. Запоўніць форму для ўступу ў Раду можна на нашым сайце.

Таксама можна сказаць, што суб’ектнасць Рады была прызнаная дзяржавай умомант: заведзеная крымінальная справа, на тэму Рады выказваліся Следчы Камітэт, прэзідэнт, а таксама Сяргей Лаўроў, Дзмітрый Пяскоў, прадстаўнікі ЕС, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і г.д. То бок праца Рады відавочна паўстала на парадку дня.
Няхай медыйнасць прывядзе да плённых вынікаў.

Вынікі ад рабочых груп

1. Гарачая лінія і Служба падтрымкі рэгіёнаў
Кансультуе па асноўных пытаннях працы КР, а таксама перанакіроўвае на іншыя сэрвісы дапамогі ў выпадку патрэбы.

2. Падтрымка працоўных калектываў.
Працуе Незалежны прафсаюз. На многіх лідараў страйкавага руху заведезеныя крымінальныя справы (толькі ў Салігорску больш за 9 чалавек), таму зараз арганізацыі менш цэнтралізаваныя.

3. Дапамага пацярпелым (праваабарончы цэнтр “Вясна”).
Па краіне працуе сетка дапамогі затрыманым і збіраюцца дадзеныя пра іх. Зараз плынь паменьшала, але яна пастаянная. Таксама працягваецца праца па зборы інфармацыі аб фактах гвалтавання (з дапамогай Беларускага Хельсінскаго Камітэту і іншых арганізацый).
Таксама адзначана, што досвед затрымання без гвалту вельмі дрэнны, але ён не фатальны. Зараз нам спецыяльна спрабуюць знізіць маральны дух, але нам трэбы трымацца.

4. Выхаванне грамадзянскага грамадства.
Рыхтуецца алгарытм для дакумента, які потым будзе перакладацца на даступную мову для розных груп насельніцтва: напрыклад аб тым, як размаўляць з органамі дзяржаўнай улады.
Асобна ідзе праца над школьнай праграмай для дзяцей і падлеткаў аб асновах дэмакратычнага кіравання ў дзяржаве (такая праграма, дарэчы, калісь была ў дзяржаўных школах).
Рыхтуецца цыкл кароткіх ролікаў аб тым, што кожны з нас можа зрабіць як радавы грамадзянін.

5. Бізнес і эканамічная павестка.
Проста цяпер у працэсе распрацоўкі бот аб разнастайных варыянтах падтрымкі пацярпелым і ўзаемнай дапамозе. Таксама абмяркоўваецца стварэнне дадатку аб дакументаванні дадзеных ад ахвяраў гвалту.

6. Эканамічная аналітыка.
Гэтая рабочая група лічыць, што эканамічная праграма цяпер не патрэбная. Цалкам ніхто не ведае, што будзе заўтра, таму любыя мадэлі зараз – проста крок да спрэчак.
Адзначым, што ў складзе Савета сфармавалася некалькі рабочых груп на тэму эканомікі.

7. Супольнасць адвакатаў.
Пачалі працу па крымінальных справах затрыманых. Не хочуць аддаваць справы ў Следчы камітэт непасрэдна цяпер, таму што ён не праяўляе дастатковай зацікаўленасці да вядзення спраў. Але дадзеныя аб пацярпелых важна збіраць зараз, пакуль успаміны, на жаль, свежыя ў памяці. Калі ў вас ёсць пацярпелыя, давайце кантакты і пішыце ў падтрымку КР.

Апроч справаздачы ўжо існуючых рабочых груп, былі абмеркаваныя асноўныя пытанні, для вырашэння якіх групы будуць дапоўненыя, а таксама створаны новыя групы.

Сачыце за навінамі!

Яшчэ навіны

Падзяліцца