Марыі Калеснікавай, сябру Прэзідыума КР, падоўжылі тэрмін зняволення пад вартай да 8 студзеня. А абаронцы Максіма Знака ўчора падалі хадайніцтва пра спыненне крымінальнай справы супраць Максіма.

«З улікам таго, што Максіму за гэтыя два месяцы не пададзена ніводнага з ягоных выказванняў, якія следчыя лічаць злачынствам, і не праведзены допыт па іх, то ўжо адна гэтая акалічнасць паказвае безпадстаўнасць ягонай ізаляцыі ад грамадства. Па стане на момант сённяшняга наведвання Максіма ў СІЗА ён не атрымліваў пастаноў пра падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай», – скаментаваў абаронца Максіма Знака.

З моманту стварэння Каардынацыйнай Рады, пяцёра з сямі сяброў Прэзідыума былі затрыманыя, двое – высланыя з краіны. Яшчэ каля дзясятка сяброў асноўнага складу КР, у іх ліку Вольга Шпарага, Святлана Гатальская, Андрэй Ягораў, Алег Майсееў, Юлія Міцкевіч, правялі ад 15 да 25 дзён пад вартай. Некалькі дзён таму Дзянісу Гота прысудзілі 25 сутак.

Спроба спыніць дзейнасць КР зняволеннем пад варту яго сяброў – адзінае, на што здольныя тыя, хто ўтрымлівае ўладу. Бо вярнуць давер беларусаў да гэтай сістэмы ўжо немагчыма, адмыць кроў з рук супрацоўнікаў праваахоўных органаў – таксама.

Кожны ў Каардынацыйнай Радзе гатовы рызыкаваць сваёй бяспекай дзеля вялікай мэты – новай Беларусі. Падтрымайце КР – напішыце зняволеным Дзянісу, Марыі і Максіму ліст, адпраўце сваё паведамленне вызваленым сябрам КР у каментарах пад гэтым пастом.

Яшчэ навіны

Падзяліцца