Дзесяць дзён назад па ўсёй краіне прайшлі ператрусы ў офісах няўрадавых арганізацый, а таксама затрыманні іх лідараў і сяброў. Алесь Бяляцкі, сябра КР, старшыня ПЦ «Вясна» і яшчэ двое «вясноўцаў» дагэтуль знаходзяцца ў зняволенні.  

У пятніцу ціск на беларускія няўрадавыя арганізацыі развярнуўся з новай сілай – абвешчана пра ліквідацыю 48 НВА, у тым ліку Цэнтра прававой інфармацыі Lawtrend, праваабарончага цэнтра Human Constanta і Офіса па правах людзей з інваліднасцю.

Супрацоўнікі пазбытага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», нягледзячы на ціск на калегаў, працягваюць сваю працу: 

 –  Мы рашуча пратэстуем супраць новай хвалі рэпрэсій супраць сяброў арганізацыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым і заяўляем, што не спынім нашай праваабарончай дзейнасці, – заяўляюць у «Вясне». 

Міжнародныя арганізацыі выявілі салідарнасць з беларускімі НВА

Amnesty International заклікае міжнародную супольнасць адрэагаваць на ціск на няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі зваротамі ў Генпракуратуру.

Абсерваторыя па абароне правоў чалавека асудзіла масавыя ператрусы і затрыманні праваабаронцаў і журналістаў.

Высокі прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль выступіў з заявай у сувязі з атакай на незалежныя арганізацыі ў Беларусі.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет заклікала ўрад спыніць палітыку запалохвання і пераследу грамадзянскай супольнасці і супрацоўнікаў СМІ.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch асудзіла беспрэцэдэнтны ціск на праваабаронцаў з боку ўлад.

Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco – Partnership for Human Rights заклікала міжнародную супольнасць да больш цвёрдай рэакцыі ў падтрымку беларускіх НВА.

Расійскія праваабаронцы выступілі з заявай у падтрымку беларускіх калегаў.

Арганізацыя Front Line Defenders заклікала ўлады Беларусі неадкладна выпусціць праваабаронцаў, зняць з іх абвінавачанні і спыніць пераслед.

Яшчэ навіны

Падзяліцца