
Рашэньне Каардынацыйнай Рады Беларусі
ад 20/06/2026 (20260620/2/AP/KR)
Заява Каардынацыйнай Рады Беларусі
з нагоды ўдару па беларускім аўтобусе на тэрыторыі Расеі
Каардынацыйная Рада Беларусі выказвае шчырыя спачуваньні сем’ям загінулай і пацярпелых у выніку атакі на аўтобус, які перавозіў беларускіх дзяцей у Бранскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі.
Мы жадаем хутчэйшага выздараўленьня ўсім пацярпелым і выказваем падтрымку іх родным і блізкім.
Каардынацыйная Рада заклікае ўсе бакі ўзброенага канфлікту строга выконваць нормы міжнароднага гуманітарнага права, прымаць усе магчымыя меры для абароны мірнага насельніцтва і пазьбягаць дзеяньняў, якія могуць прывесьці да гібелі і раненьня цывільных асобаў, асабліва дзяцей.
Мы таксама ўскладаем адказнасьць на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які працягвае арганізоўваць і заахвочваць паездкі беларускіх дзяцей на тэрыторыю дзяржавы, якая вядзе поўнамаштабную вайну і рэгулярна падвяргаецца атакам у сувязі з гэтай вайной. Накіроўваючы дзяцей у зону павышанай вайсковай небясьпекі, улады Беларусі сьвядома падвяргаюць іх жыцьцё і здароўе дадатковай рызыцы.
У сувязі з гэтым Каардынацыйная Рада заклікае грамадзян Беларусі ўстрымлівацца ад паездак у Расейскую Фэдэрацыю, асабліва ў рэгіёны, набліжаныя да зоны баявых дзеяньняў. Вайна, распачатая расейскім кіраўніцтвам супраць Украіны, стварае сур’ёзныя рызыкі для бясьпекі ўсіх людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расеі, незалежна ад іх грамадзянства.
Беларускія дзеці не павінны станавіцца закладнікамі вайны, прапаганды або безадказных палітычных рашэньняў. Іх бясьпека павінна быць безумоўным прыярытэтам.
Сьпікер
Каардынацыйнай Рады Беларусі А. БРУХАН



