Рэзалюцыя Каардынацыйнай рады

Ухвалена на пасяджэнні Прэзідыума Каардынацыйнай рады 19.08.2020

19 жніўня 2020 года пачала работу Каардынацыйная рада, скліканне якой было ініцыявана Святланай Ціханоўскай.

Каардынацыйная рада ставіць сваёй мэтай пошук шляхоў для пераадолення палітычнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь і забеспячэння згоды ў грамадстве на падставе Канстытуцыі. Каардынацыйная рада не мае на мэце змены канстытуцыйнага ладу і знешнепалітычнага курсу.

9 жніўня 2020 года на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі зафіксаваныя шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства.

З моманту пачатку выбарчай кампаніі з палітычных матываў былі затрыманыя і арыштаваныя больш за 7000 грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Праваахоўныя органы ўжывалі ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый недапушчальны гвалт, што прывяло да чалавечых ахвяраў. У адносінах да затрыманых здзяйсняліся катаванні.

Народ цалкам страціў давер да дзейнай улады і патрабуе яе адстаўкі.

Многія замежныя дзяржавы не прызналі вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Каардынацыйная Рада мяркуе, што для аднаўлення статусу Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай і прававой дзяржавы неабходна выканаць асноўныя патрабаванні, якія былі сфармуляваныя падчас масавых акцый і падтрымліваюцца большасцю беларускага грамадства:

  1. Спыненне гвалту, спыненне палітычнага пераследу з боку ўладаў і правядзенне расследавання, таго, што адбылося, у адпаведнасці з заканадаўствам.
  2. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, адмена незаконных судовых пастановаў, выплата кампенсацый усім пацярпелым.
  3. Прызнанне выбараў 9 жніўня 2020 года несапраўднымі. Правядзенне новых выбараў паводле міжнародных стандартаў з новым складам усіх камісій па выбарах, уключаючы Цэнтральную камісію.

Каардынацыйная рада мяркуе, што адзіным спосабам пераадолення палітычнага крызісу з’яўляецца неадкладны пачатак перамоваў і выпрацоўка механізмаў для аднаўлення законнасці і правядзення новых выбараў. Ухіленне ад гэтых перамоваў ускладае на дзейную ўладу адказнасць за паглыбленне палітычнага і эканамічнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь.

Каардынацыйная рада канстатуе, што для прызначэння новых выбараў і выканання іншых патрабаванняў беларускі народ працягне рэалізоўваць свае грамадзянскія правы, гарантаваныя Канстытуцыяй, з мэтай аднаўлення законнасці і справядлівасці:

  • права на працу і права на страйк, забарона прымусовай працы (арт. 41 Канстытуцыі);
  • права на мірныя акцыі (арт. 35 Канстытуцыі);
  • права на судовую абарону (арт. 60 Канстытуцыі);
  • права на вольнае выражэнне думак і перакананняў (арт. 33 Канстытуцыі);
  • права на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі (арт. 34 Канстытуцыі);
  • права на распараджэнне сваёй уласнасцю (арт. 13 Канстытуцыі).

Каардынацыйная рада падтрымлівае створаныя грамадзянскія ініцыятывы, якія забяспечаць захаванне працы і аказанне дапамогі кожнаму, хто абараняе свае правы мірнымі спосабамі.

Пераклад на нямецкую мову

Пераклад на кітайскую мову

Падзяліцца