Заява камісіі па справах студэнцтва Каардынацыйнай рады Беларусі з нагоды зменаў у Законе «Аб воінскім абавязку і воінскай службе»

Нядаўна прынятыя змены ў Законе “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”, скасаванне адтэрміноўкі ад войска для беларусаў, якія паступаюць у замежныя ВНУ ( 11.05. 2023 г. № 268-3) — глыбока трывожны і рэгрэсіўны крок, які падрывае прынцыпы акадэмічнай свабоды і перашкаджае грамадзянам Беларусі ў атрыманні адукацыі. Пазбаўляючы студэнтаў, якія хочуць і могуць вучыцца за мяжой, магчымасці адтэрміноўкі ад службы ў войску, улады ўскладваюць празмерны цяжар на маладых людзей, якія імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю і развіць свае навыкі для паляпшэння жыцця грамадства.

Адтэрміноўка ад прызыву — важны механізм, які дазваляе студэнтам завяршыць навучанне да праходжання ваеннай службы. Улады, скасаваўшы адтэрміноўку, ігнаруюць фундаментальнае права на адукацыю і перашкаджаюць магчымасці студэнтаў уносіць уклад у развіццё краіны.

Змена ў Законе кладзецца дадатковым ярмом на будучых студэнтаў і, фактычна, дыскрымінуе іх у выбары месца навучання і абмяжоўвае магчымасці для асабістага і прафесійнага росту. Студэнты, якія ўжо знаходзяцца за мяжой, не вернуцца ў краіну, абітурыенты, якія плануюць навучанне за мяжой, адпачатку будуць разглядаць пераезд на сталае месца жыхарства. Тым самым змены ніяк не змяншаюць матывацыю атрымоўваць адукацыю за мяжой, а толькі перашкаджаюць жаданню абітурыентаў і студэнтаў вяртацца ў Беларусь пасля навучання.

Скасаванне адтэрміноўкі не прызнае патрабаванні нацыянальнай бяспекі. У эпоху, калі рэчаіснасць становіцца ўсё больш складанай, а вырашэнне канфліктаў патрабуе ўдзела высокакваліфікаваных спецыялістаў, адукацыя і спецыяльная падрыхтоўка сталі жыццёва важнымі кампанентамі нацыянальнай абароны. Адмаўляючы студэнтам у магчымасці завяршыць навучанне і атрымаць веды і навыкі, якія неабходны ў сучасным грамадстве, улады грэбуюць доўгатэрміновымі інтарэсамі беларускай нацыі.

Мы заклікаем улады Беларусі перагледзець гэтае рашэнне і зрабіць прыярытэтам правы і дабрабыт сваіх студэнтаў. Тыя, хто ўзялі на сябе ролю ўладаў у Беларусі, павінны актыўна садзейнічаць развіццю адукацыі, прадастаўляць магчымасці для акадэмічнага росту і шукаць альтэрнатыўныя шляхі вырашэння праблем нацыянальнай бяспекі, якія не перашкаджалі б адукацыйным імкненням і перспектывам сваіх маладых суайчыннікаў. Толькі дзякуючы шматбаковай падтрымцы адукацыі і пашырэнню правоў і магчымасцей моладзі, нацыя можа па-сапраўднаму квітнець і захоўваць дабрабыт.

 

30.05. 2023 г. 

Падзяліцца