Наша справа
Праграма дзейнасці ў Каардынацыйнай радзе
«Не - жалезнай заслоне паміж Беларуссю і Еўропай!» Санкцыі - для злачынцаў, адказных за вайну і рэпрэсіі! Адкрытыя межы - для вольных беларусаў! Падтрымка і дапамога - для беларускіх валанцёраў і добраахвотнікаў ва Украіне!
Мы ідзём у новае скліканне Каардынацыйнай Рады для таго, каб:
- захаваць для беларусаў адкрытыя межы з Еўропай: свабоду перасоўвання, працы, вучобы у краінах ЕС,
- узмацніць падтрымку добраахвотнікаў і валанцёраў ва Украіне і іх сем’яў,
- стварыць сістэму рэабілітацыі беларускіх ветэранаў вайны ва Украіне і пацярпелых ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі,
- стварыць годныя ўмовы для беларусаў у эміграцыі, каб яны маглі захоўваць беларускасць,
- наладзіць эфектыўную сувязь дыяспар з прыхільнікамі перамен у Беларусі дзеля ўстойлівых дэмакратычных перамен у Беларусі,
- спрыяць вызваленню палітзняволеных.
Асноўнымі міжнароднымі задачамі КС будуць:
- захаванне выдачы працоўных, навучальных, турыстычных і гуманітарных віз для ўсіх беларусаў, якія не маюць дачынення да палітычных рэпрэсій;
- пашырэнне магчымасцяў для легалізацыі, працаўладкавання, навучання, стажыровак і абменаў для беларусаў у дэмакратычных краінах;
- вырашэнне пытання легалізацыі і сістэмнай падтрымкі беларускіх дабраахвотнікаў, ветэранаў і валанцёраў на тэрыторыі Украіны,
- развіццё новых форм кантактаў і ўзаемадзеяння дэмакратычных краін з беларускім грамадствам.
Праграма дзеянняў
Галоўнымі прыярытэтамі ў працы ўсіх дэмакратычных сіл на бліжэйшыя два гады павінны стаць падтрымка тых беларусаў, якія знаходзяцца ў першых шэрагах змагання - прыхільнікаў перамен унутры краіны і беларусаў, якія змагаюцца супраць расійскай агрэсіі ва Украіне - добраахвотнікаў, валанцёраў, ветэранаў і членаў іх сем'яў.
Трэба таксама бараніць правы беларусаў ў выгнанні, каб яны маглі забеспечыць для сябе і сваіх сем’яў годнае жыццё і не страцілі сваю ідэнтычнасць, сфармавалі эфектыўную сістэму ўзаемадапамогі і падтрымкі тых, хто працягвае змагацца ў Беларусі і ва Украіне.
Сёння простыя беларусы ўсё больш адчуваюць негатыўныя наступствы "Жалезнай заслоны", якая апускаецца на межах Беларусі. Санкцыі павінны працаваць супраць тых, хто адказны за рэпрэсіі і гвалт унутры краіны, а не супраць простых беларусаў. Ізаляцыя садзейнічае паўзучай акупацыі Беларусі пуцінскім рэжымам.
Нашы задачы
1. Падтрымка беларусаў унутры краіны - у тым ліку праз забеспячэнне магчымасці вучыцца, працаваць, падарожнічаць і весці бізнес у краінах Еўрапейскага Саюза.
2. Вызваленне і рэабілітацыя палітычных зняволеных, падтрымка сем'яў палітвязняў.
3. Падтрымка беларусаў, якія абараняюць Украіну, тых, хто працуе ў валанцёрскіх арганізацыях. Неабходна аказанне сістэмнай дапамогі не толькі добраахвотнікам, але і іх сем'ям:
- стварыць сістэму рэабілітацыі для пацярпелых, параненых, дэмабілізаваных,
- займацца падтрымкай добраахвотнікаў, ветэранаў, валанцёраў і іх сем'яў не толькі зборамі, але і пошукам рашэнняў праблем украінскага заканадаўства па пытаннях міграцыі і фінансавай дзейнасці, пошукам магчымасці рэабілітацыі і новых падыходаў да сацыялізацыі ветэранаў, вырашыць праблемы легалізацыі на тэрыторыі Украіны, магчымасці фінансавай і валанцёрскай дзейнасці.
4. Падтрымка беларусаў на эміграцыі. Беларуская дыяспара - гэта неад'емная частка беларускага народа. Каардынацыйная Рада мусіць стварыць дзейсны механізм для абароны і прадстаўлення інтарэсаў беларусаў у тых краінах, у якіх яны знаходзяцца. Наладжванне кантактаў беларускіх эмігранцкіх супольнасцяў з мясцовымі ўладамі, дапамога ў легалізацыі, працаўладкаванні, магчымасці дадатковай адукацыі для дзяцей і дарослых, псіхалагічнай падтрымкі і рэабілітацыі.
Мы павінны дапамагчы вярнуцца ў прафесію ў новых умовах беларускім настаўнікам, медыкам, артыстам і прадстаўнікам іншых сфер.
Каардынацыйная Рада павінна стаць структурай, якая аб'ядноўвае ўсе дэмакратычныя сілы для лабіравання і абароны інтарэсаў беларускага народа, а не для дробных унутраных разборак паміж рознымі групамі ў дэмакратычных сілах.
План працы на бліжэйшыя два гады:
1. Дамагчыся аднаўлення выдачы гуманітарных, рабочых, турыстычных віз для беларусаў на ўзроўні не ніжэй за 2019 год. Для гэтага Каардынацыйная Рада павінна ўсталяваць камунікацыі і правесці працу з усімі ўрадамі дэмакратычных краін.
2. Стварыць сістэму падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў, ветэранаў вайны і валанцёраў ва Украіне, беларускіх палітвязняў і іх сем'яў. Неабходна дабіцца выдзяленне сістэмнай дапамогі для рэпрэсаваных, у тым ліку магчымасць псіхалагічнай падтрымкі, падтрымкі сем'яў. Для гэтага мы выкарыстоўваем інструмент беларуска-еўрапейскага дыялогу і пляцоўкі Стратэгічнага дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі і ЗША. Прыярытэтным напрамкам павінна стаць падтрымка і рэабілітацыя палітвязняў, зняволеных, для добраахвотнікаў і ветэранаў вайны ва Украіне і членаў іх сем'яў.
Мы плануем стварыць на базе КС міжнародны камітэт дапамогі палітвязням і беларускім ветэранам вайны ва Ўкраіне, у які будзе прапанавана ўвайсці прадстаўнікам міжнародных праваабарончых арганізацый, прадстаўнікам урадаў і парламентаў краін-сябраў ЕЗ.
3. Каардынацыйная Рада павінна заключыць афіцыйнае пагадненне аб супрацоўніцтве з парламентамі дэмакратычных краін свету.
Мэта гэтага супрацоўніцтва - падтрымка беларусаў у Беларусі і ў дыяспары, фармаванне прынцыпаў будучага супрацоўніцтва з дэмакратычнай Беларуссю.
Сярод прыярытэтаў - арганізацыя рэгулярных кансультацый і абмеркавання беларуска-ўкраінскіх пытанняў з МЗС Украіны, Украінскай Вярхоўнай Радай і грамадзянскай супольнасцю Украіны.
4. Мы працягнем працу Камісіі па адукацыі і яе асноўнымі задачамі стануць:
а) маніторынг парушэння акадэмічных правоў і свабод;
б) падтрымка рэпрэсаваных настаўнікаў, выкладчыкаў і навучэнцаў;
в) сістэмная падтрымка працаздольнай і эфектыўнай сеткі адукацыйных ініцыятыў (унутры краіны і за яе межамі), якія дазваляюць рэпрэсаваным настаўнікам і выкладчыкам заставацца ў прафесіі, а іншадумцам навучэнцам - у адукацыі. У прыватнасці, неабходна скласці спіс рэпрэсаваных выкладчыкаў і студэнтаў - дзеля падтрымкі;
г) стварэнне інфраструктуры для захавання настаўнікаў і выкладчыкаў у прафесіі, а студэнтаў і навучэнцаў - у адукацыі.
Садзейнічаць стварэнню незалежнага Беларускага Нацыянальнага Універсітэта, які будзе арганічна спалучаць у сабе еўрапейскае і беларускае вымярэнні, а менавіта: адпавядаць мэтам, каштоўнасцям і асноўным напрамкам еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і фармаваць, развіваць і папулярызаваць беларускую ідэнтычнасць.
5. Мы працягнем працу Камісіі па справах студэнцтва і моладзі — для таго, каб голас маладых людзей быў пачуты. Камісія працягне выступаць у якасці абаронцы і адміністратара студэнцкай павесткі ўнутры беларускіх дэмакратычных сіл. Мы спрабуем зразумець і знайсці найбольш эфектыўныя рашэнні праблемаў і запатрабаванняў студэнтаў і моладзі ў Беларусі, а таксама за яе межамі.
(Камісія па справах студэнцтва КР была створана рашэннем нарады фракцый 1 сакавіка 2023 года. Наша асноўная задача - адстойваць інтарэсы і вырашаць праблемы беларускіх студэнтаў на ўсіх даступных нам узроўнях. Каб дасягнуць пазітыўных зменаў, выявіць і вырашыць канкрэтныя праблемы мы супрацоўнічаем з прадстаўнікамі студэнцтва, актывістамі і арганізацыямі.
6. Мы зробім Каардынацыйную Раду пляцоўкай супрацы паміж рознымі арганізацыямі і ініцыятывамі беларускага грамадства. Рабочыя групы і камісіі КР будуць складацца не толькі з сябраў КР, але і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, экспертаў, прадстаўнікоў дыяспары, жаночых, моладзевых, праваабарончых арганізацыяў, якія працуюць для падтрымкі беларусаў.
Прагаласуйце за перадвыбарчы блок “Наша справа” і далучайцеся да нашай працы. Разам -пераможам і, крок за крокам, вызвалім Беларусь!
Разам - пераможам! Жыве Беларусь!