500 000 беларусаў падтрымалі Каардынацыйную Раду
Больш за 522 000 беларусаў прайшлі апытанне на платформе «Голас» і адказалі на пытанне: «Ці прызнаёце вы Каардынацыйную Раду прадстаўніком грамадства ў дыялогу з дзяржавай».
504 000 апытаных — ці 96,75% — падтрымалі статус КР, 1,25% адказалі адмоўна, 2% не змаглі адказаць.
Давер беларусаў, якія прымалі ўдзел у галасаванні, быў бачны ад пачатку, але зараз лічбы кажуць самі за сябе. Паўмільёна галасоў, атрыманых за некалькі дзён, — досыць, каб заяўляць пра народнае прызнанне (для параўнання, нават для правядзення рэферэндуму патрэбна згода 450 тысяч чалавек). Дзякуй усім беларусам, якія выказалі падтрымку!
Мы атрымалі яшчэ адзін, правераны і падлічаны доказ таго, што велізарная частка беларусаў хоча змен і падтрымлівае ў гэтым імкненні Каардынацыйную Раду.
Галоўныя мэты КР захоўваюцца:
⁃ вызваліць палітвязняў і спыніць рэпрэсіі
⁃ прыцягнуць да адказнасці вінаватых у забойствах і гвалце
⁃ правесці новыя сумленныя выбары.
— Народную падтрымку немагчыма зымітаваць ці, наадварот, схаваць. Калі ёсць давер грамадства, не патрэбныя спецаперацыі і таемныя інаўгурацыі, — адзначыў сябра Прэзідыума КР Павел Латушка.
Апытанне праводзілася праз чат-боты платформы «Голас» у telegram і viber. Бралі ўдзел толькі зарэгістраваныя ўнікальныя карыстальнікі — грамадзяне Беларусі.