Беларусь на міжнароднай арэне! Упершыню дэлегацыя Каардынацыйнай рады далучылася да сесіі ПАРЭ

Апублікавана:

27 студзеня распачалася сесія Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЭ). Упершыню ў гісторыі ў ёй узяла ўдзел беларуская дэлегацыя - гэта значны і беспрэцэдэнтны крок для нашай краіны і ПАРЭ.

Да ўдзелу ў ПАРЭ была запрошана Каардынацыйная Рада Беларусі як прадстаўнічы орган дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці. У дэлегацыі працуюць спікер КР Анжаліка Мельнікава, дэлегаты Павел Латушка (“Каманда Латушкі і Рух за Свабоду”), Аляксандра Мамаева (“Еўрапейскі выбар”), Маргарыта Ворыхава (“Моладзевы наступ”), Валерый Мацкевіч   (“Еўрапейскі выбар”) і Павел Церашковіч (“Наша Справа / Беларускія хрысціянскія дэмакраты”).

Дэлегаты прынялі ўдзел у пасяджэнні камітэта па палітычных справах і дэмакратыі і камітэта па юрыдычных справах і правах чалавека, а таксама прадставілі сітуацыю ў Беларусі на пасяджэнні палітычнай групы “Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу” (ALDO).

Новапрызначаны Прэзідэнт ПАРЭ, Тэадорос Розопулос, сустрэўся з беларускай дэлегацыей, і ў сваёй прамове выказаў падтрымку беларускаму народу.

На сустрэчы абмяркоўвалі:

- Прыярытэты і шляхі супрацоўніцтва.

- Ухваленне рэзалюцыі аб непрызнанні любых "выбараў", арганізаваных нелегітымным рэжымам.

- Развіццё механізмаў падтрымкі дэмакратычных структур і грамадзянскай супольнасці: забеспячэнне доступу да фінансавання, адукацыі, прававой і псіхалагічнай дапамогі для тых, хто змагаецца за дэмакратыю і правы чалавека.

- Заклік да міжнародных органаў аб расследаванні злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку праз механізм Міжнароднага крымінальнана суда.

Прэзідэнт ПАРЭ запэўніў, што Асамблея гатовая надаць усебаковую падтрымку дэмакратычнай Беларусі ў яе змаганні за свабоду, правы чалавека і еўрапейскія каштоўнасці.