Дзеянні ўлад у інфармацыйнай сферы прыводзяць да аслаблення інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікавана:
03.09.2020, 17:55

#Голассавета

1 верасня міліцыя затрымала некалькіх журналістаў падчас выканання імі прафесійных абавязкаў. Расійскіх журналістаў адпусцілі, а шасцярых супрацоўнікаў беларускіх СМІ накіравалі ў РУУС, дзе яны правялі ноч да суда. Потым суд двойчы вяртаў пратаколы ў адносінах да журналістаў на дапрацоўку ў міліцыю, але затрыманыя рэпарцёры TUT.by, БелаПАН і «Комсомольской правды в Белорусии» на волю так і не выйшлі. Іх адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Верагодна, каб даць магчымасць міліцыі трэцім разам «выправіць памылкі».
Пры затрыманні журналісты былі ў камізэльках з надпісам «Прэса», з бэйджамі і службовымі пасведчаннямі, прадстаўлялі зарэгістраваныя ў краіне СМІ – і усё роўна былі затрыманыя, абвінавачаныя ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі і ўзятыя пад варту. Між тым міністр унутраных спраў Юрый Караеў некалькі разоў голасна заяўляў, што журналіст мае такое ж права выконваць сваю працу, як і сілавік.

Але гэта – не эксцэсы выканаўцаў. Затрыманні карэспандэнтаў мас-медыя (а ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» толькі за жнівень зафіксавала больш 150 такіх выпадкаў) цалкам упісваюцца ў «генеральную лінію» па абмежаванню распаўсюджвання непадцэнзурнай інфармацыі тут і зараз:

  • фактычнае адключэнне Інтэрнэта на тры дні ў «ІТ-краіне» (што ўжо прывяло і яшчэ прывядзе да пераезду многіх ІТ-кампаній за межы Беларусі);
  • блакаванне сайтаў, незалежна асвятляючых палітычную сітуацыю;
  • негалосная забарона на друк і распаўсюджванне тут некалькіх нацыянальных друкаваных выданняў (пад якія трапілі «Камсамолка», «Народная воля», «Белгазета», «Свабодныя навіны плюс»);
  • адмова ў акрэдытацыі замежным карэспандэнтам і безпадстаўнае пазбаўленне пастаяннай акрэдытацыі двух дзесяткаў журналістаў замежных СМІ, якія яе мелі…

Мэта гэтых дзеянняў зразумелая. Толькі вось усе гэтыя меры – з арсеналу мінулага дзесяцігоддзя. Сёння, калі кожны чалавек з смартфонам «сам сабе рэжысёр» і можа зрабіць карцінку», не звяртаючы ўвагу на афіцыйныя прадпісанні і забароны, яны ўжо неэффектыўныя. І спрыяюць хіба што замене верыфікуемай незалежнымі СМІ інфармацыі на неправераную, якая распаўсюджваецца па сацсетках, А таксама прыняццю беларускімі дзяржаўнымі СМІ інфармацыйнай павесткі і прапагандыстскіх месэджаў замежнай дзяржавы. Г.зн. падрыву уласнай інфармацыйнай бяспекі. Што толькі пагаршаецца ў выніку дэсанта расійскіх тэлепрапагандыстаў на тэлеканал «Беларусь 1», які хутка можна будзе пераназваць у «Белоруссию».

Андрэй Бастунец, сябра Асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, старшыня БАЖ