Гэты год паказаў, што нам трэба аб’ядноўвацца

Апублікавана:
04.09.2020, 15:17

Сёння, 4.09.2020, адбылася прэс-канференцыя ініцыятывы “Прафсаюз online” — праекта, які рэалізуецца ў межах адной з працоўных груп Каардынацыйнай Рады.
На сустрэчы таксама былі прадстаўнікі незалежных аб’яднанняў працоўных і стачкамаў заводаў.
Як зараз ідуць справы на заводах? Як уступіць у новы прафсаюз і навошта ён патрэбны? Чытайце галоўныя тэзісы сустрэчы ў нашым артыкуле.

Працоўная група Каардынацыйнай Рады, якая робіць сённяшнюю прэзентацыю, па сутнасці, зараз аб’ядноўвае дзве групы: Службу падтрымкі рэгіёнаў і Службу падтрымкі працоўных.
Мы ўвесь час атрымліваем з рэгіёнаў пытанні: што рабіць. У самых розных сітуацыях. Людзі ў рэгіёнах адчуваюць сябе пакінутымі ўладай, таму наша справа – ім дапамагчы. Тое ж датычыць працоўных: зараз многія гавораць, што страйк захлябнуўся. Працоўных увесь час кудысьці выклікаюць і спрабуюць запалохаць. Мы дапамагаем: на сайце Рады rada.vision ёсць кантакты кол-цэнтра. Туды можна звярнуцца за дапамогай у юрыдычных і іншых пытаннях. Цэнтр вельмі актыўна працуе, зваротаў шмат.

Як будзе працаваць “Прафсаюз online”?
Платформа дазваляе максімальна проста ўступіць у незалежныя прафсаюзы Беларусі – дастаткова ўсяго толькі запоўніць форму ці напісаць у тэлеграм-бот на сайце blrs.online. А ўсё астатняе зробяць валанцёры кампаніі – прыедуць у любое зручнае месца ў любы час і дапамогуць запоўніць заяву на ўступленне ў незалежны прафсаюз. Да таго ж на старонцы можна знайсці кантакт гарачай лініі па ўсіх пытаннях уступлення ў незалежныя прафсаюзы і выхаду з дзяржаўных прафсаюзаў.

Далей выступалі прадстаўнікі заводаў і незалежных аб’яднанняў.

Са слоў Генадзя Быкава, намесніка старшыні Свабоднага прафсаюза Беларускага, на сенняшні момант, афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі – адзін з галоўных фальсіфікатараў выбараў. У звальненнях і ціску, якія пачаліся на прадпрыемствах, удзельнічае ў тым ліку і ФПБ. Старшыня прафсаюза – гэта былы кіраўнік перадвыбарчага штаба Лукашэнкі. У звальненнях і ціску, якія пачаліся на прадпрыемствах, удзельнічае ў тым ліку і ФПБ. Да таго ж, штомесяц ФПБ толькі з унёскаў сваіх сяброў атрымлівае каля 20 мільёнаў долараў. Адпаведна, выхад з гэтай структуры – гэта не толькі ціск на кіраўнікоў прадпрыемстваў, але і агульная фінансавая шкода рэжыму.

Прадстаўнік стачкаму МТЗ Вадзім Пайвін паведаміў, што цяпер кіраўніцтва завода выкарыстоўвае прафсаюзы для ціску на працоўных, у тым ліку для адпраўкі сябраў стачкама “ў высылку” – на іншыя прадпрыемствы холдынга, якія месцяцца ў іншых гарадах. Адапведна, сяброўства ў незалежным прафсаюзе патрэбнае для арганізаваных супрацьдзеянняў такім метадам ціску на працоўных з боку наймальніка.

Паводле сябра стачкаму МАЗа Сяргея Гульцова, на заводзе ідзе італьянская забастоўка, хоць і актыўныя мітынгі спыніліся. У той жа момант, працоўныя МАЗа, як і іхныя калегі з МТЗ, ужо наладзілі атрыманне і размеркаванне дапамогі стачкамаўцам з фондаў салідарнасці. На думку Гульцова, уступленне ў незалежныя прафсаюзы – лагічны крок для далейшай арганізацыі працоўных для адстойвання іх правоў і арганізацыі іншых форм забастоўкі ў доўгатэрміновай перспектыве. На заводзе ёсць шмат ячэйкаў і сяброў ячэйкаў, якім давяраюць людзі. Прычым прадстаўнікам адных ячэйкаў нават не абавязкова ведаць аб іншых. Гэта і ёсць размеркаваны пратэст, і такая схема дзейсная.

Многіх пацярпелых працаўнікоў МАЗа звязалі з існуючымі фондамі. Актыўныя працоўныя спрабуюць максімальна распаўсюдзіць інфармацыю, таму што многія іх калегі дасюль не вераць у існаванне такога механізма. Падтрымка таксама істотная не толькі для звольненых, але і для тых, каго пазбаўляюць прэміі (якая часта складае палову заробка), або тых, хто працуе на здзельнай аплаце. Хацелася б падумаць над механізмам дапамогі гэтым людзям. Выйсце з афіцыйнага прафсаюза – гэта, у першую чаргу, ціск на адміністрацыю. Паколькі адміністрацыя цісне на працоўных, добра было б працоўным мець свой інструмент ціску.

Андрэй Комлік-Ямацін, сябра Стачкама Мінскага маторнага завода, адзначыў, што разрыў паміж працаўнікамі і афіцыйным прафсаюзам павялічвае сам прафсаюз. Так, у выніку змянення калектыўнай дамовы бонусы і “плюшкі” часцей ідуць сябрам дзяржаўнага прафсаюза. Андрэй адзначыў, што сувязь з вялікімі фондамі таксама наладжаная, але хацелася б арганізаваць адрасную падтрымку тым, хто працягвае працаваць, але чыя праца звязаная з прадукцыйнасцю.

Напрыканцы Віталь Рымашэўскі, сябра Каардынацыйнай Рады, зазначыў, што Каардынацыйная рада не пакіне без ўвагі ніводнага выпадка рэпрэсіяў, у тым ліку і ціску на працаўнікоў любых сфераў, а таксама школьнікаў ды студэнтаў. Таму працоўная група Каардынацыйнай Рады заклікае ўсіх звяртацца па ўсіх пытаннях ціску, выхаду з дзяржаўных прафсаюзаў і ўступлення ў незалежныя прафсаюзы. Кожнаму пацярпеламу будзе аказаная дапамога, таксама працоўныя будуць мець шырокі спектр дапамогі: прававой, інфармацыйнай і гэтак далей.

Старонка, дзе можна падаць заяўку на ўступленне ў незалежны прафсаюз: blrs.online.

Па любых пытаннях просім звяртацца на гарачую лінію: + 375 255011816.