Ісці наперад: Каардынацыйная Рада працягвае працу
Учора, 11.09.2020, адбылося пасяджэнне Асноўнага складу Каардынацыйнай Рады.
Чытайце асноўныя тэзісы сустрэчы.
Што з Прэзідыумам?
Першае і галоўнае — Каардынацыйная Рада працягвае працу. Склад Прэзідыуму не змяняецца.
Паводле змен у Рэгламенце ад 6.09.2020, у выпадку, калі ў сяброў Прэзідыума няма магчымасці прымаць рашэнні, рашэнні ў Радзе прымаюцца Асноўным складам Рады простай большасцю галасоў. Такім чынам, дзейнасць КС працягваецца, і прыняцце развязкаў магчыма. На ўчарашняй сустрэчы гэта было пацверджана! Сам склад Прэзідыума застаецца ранейшы.
Над чым працуе КР цяпер?
Прыярытэты працы захоўваюцца (яны выкладзеныя ў Рэзалюцыі КР):
- спыненне гвалту і прыцягненне вінаватых да адказнасці
- вызваленне палітычных вязняў
- новыя сумленныя выбары
Таксама хуткім часам мы хочам зрабіць падтрымку і давер беларусаў да КР бачнай і просім вас максімальна падтрымліваць КР.
Апроч таго, у складзе Рады працягваюць дзейнічаць працоўныя групы. На дадзены момант іх 6.
- Служба падтрымкі рэгіёнаў
- Служба падтрымкі працоўных калектываў
- Праца з грамадзянскай супольнасцю
- Фем група
- Група па расследаванні парушэнняў праў чалавека і гвалту падчас мірных дэманстрацый
- Эканамічная аналітыка
Што можна зрабіць цяпер?
- Уваходзьце ў Пашыраны склад КР. Зараз вельмі прыдатны час для выразу сваёй пазіцыі! Гэта яшчэ адзін спосаб паказаць, што нас — рэальная большасць. Унутры Пашыранага складу таксама будзе магчымасць дзейнічаць у працоўных групах: вы зможаце ствараць іх самі ці падлучацца да ўжо існых груп. Далучайцеся! Робім новую Беларусь разам і ўжо цяпер.
- Распаўсюджвайце інфармацыю пра палітвязняў. Публічнасць — прылада, якая дапаможа іх найхутчэйшаму вызваленню.
Таксама вязням і іх блізкім вельмі патрэбная наша падтрымка: мы павінны паказаць на справе, што ніхто не забыты. Інфармацыя пра іх, іх гісторыі павінны быць чутныя з кожнага праса, іх прозвішчы павінны ведаць нават дзеці, іх твары павінны ведаць нават іншаземцы.
Змены — у нашых руках! Мы лепш за усіх ведаем, што адзіны “лялькавод”, які стаіць за беларусамі, — праўда і справядлівасць.
Застаемся на сувязі і сачыце за навінамі!