Прэс-канферэнцыя Вольгі Кавальковай і Паўла Латушкі

Апублікавана:
07.09.2020, 21:07

Два сябры Прэзідыюма Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова і Павел Латушка, вымушаныя пакінуць Беларусь, 7 верасня правялі ў Варшаве прэс-канферэнцыю.

Ацэньваючы сучасную сітуацыю, Павел Латушка зазначыў, што гвалт не перапыняецца, улады пасля 9 жніўня працягваюць жорстка падаўляць пратэсты і спыняцца не збіраюцца. Дзясяткі крымінальных справаў супраць пратэстоўцаў, тысячы адміністратыўных. Адначасова нуль спраў узбуджана супраць тых, хто выкрадае людзей на вуліцах, карыстае гвалт. Права ў Беларусі перастала існаваць. Суды і пракуратуры штампуюць прысуды, у якасці сведак удзельнічаюць людзі ў масках. Беларусь – адзіная дзяржава ў Еўропе, можа, і ў свеце, якая не пускае сваіх грамадзянаў у краіну.

Паводле Латушкі, мы бачым шматлікія праблемы ў эканоміцы. Урад, які сфарміраваны на сенняшні дзень, паказвае, што ён не ў стране прапанаваць грамадству антыкрызісную праграму выхаду з гэтай складанай эканамічнай сітуацыі. І нават калі б такая праграма была, Лукашэнка ніколі не прыняў бы яе, бо ён зыходзіць з прынцыпаў сацыялістычнага, савецкага кіравання дзяржавай. Трэба радыкальна змяняць эканоміку, каб замежныя інвестары зноў зацікавіліся Беларуссю, каб нашы кампаніі не з’яжджалі з краіны, што мы бачым зараз. Каб беларускія кампаніі рэінвеставалі ў нацыянальную эканоміку.

“У сувязі з гэтым мы плянуем узмоцніць міжнародную дзейнасць Каардынацыйнай Рады, каб падтрымаць сотні тысяч людзей, якія супраціўляюцца рэжыму.Запланаваныя сустрэчы з вышэйшым кіраўніцтвам еўрапейскіх краінаў, каб з першых вуснаў, што дзеецца ў Беларусі, паінфармаваць, якія мы маем прапановы па выхадзе з палітычнага і эканамічнага крызісу” – заявіў Латушка.

У сваю чаргу, Вольга Кавалькова зазначыла, што народ патрабуе выкананне закона. Незаконныя дзеянні прадпрынятыя супраць усяго беларускага народа. Сення мы бачым шакуючыя выпадкі: вываз Ціханоўскай і мяне з Беларусі, недапушчэнне ў краіну мітрапаліта Кандрусевіча. Шматтысячныя арышты, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі татальна па-за рамкамі закона. Мы разумеем, што ў Беларусі дзейнічае банда, якая катуе беларускі народ.

Са СМІ мы дазналіся, што Марыя Калеснікава была затрыманая ў горадзе, па-сутнасці выкрадзеная. Дзе яна зараз знаходзіцца, невядома. Гэта сведчыць аб тым, што курс, які выбрала ўлада, працягваецца. “Ён недапушчальны для Беларусі, і мы патрабуем вызвалення ўсіх тых людзей, якія былі затрыманыя за іх перакананні, – і сябры Каардынацыйнай рады, і лідары меркаванняў, якія зараз знаходзяцца ў вязніцы па сфабрыкаваных справах ці пад адміністратыўным арыштам. А мы павінны вярнуцца ў Беларусь і дзейнічаць далей, бо мы не парушалі закона” – падкрэсліла Кавалькова.

Паводле Вольгі Кавальковай, рэпрэсіі прыводзяць да адваротнага эфекту, множыцца салідарнасць. І калі ўлада будзе працягваць збіваць людзей, гэта прывядзе да таго, што ўсе перарасце ў сілавое супрацьстаянне. Гэтага нельга дапусціць, улады проста абавязаныя пачаць размову з грамадствам, пачаць змяняцца знутры на ўсіх узроўнях.