Вынікі стрыму Максіма Знака

Апублікавана:
07.09.2020, 22:12

7 верасня 2020 года Максім Знак быў у прамым эфіры і даў каментар пра апошнія падзеі: выкраданне Марыі Калеснікавай, Івана Краўцова і Антона Раднянкова, змены ў працы Прэзідыума Каардынацыйнай Рады і аб тым, што мы плануем рабіць надалей.
Адказ – працягваць.
Чытайце галоўныя тэзісы ў нашым артыкуле.

Аб затрыманнях Марыі Калеснікавай, Антона Раднянкова і Івана Краўцова

Дзень добры, шаноўныя сябры, мяне завуць Максім Знак, мы сабраліся тут сёння для таго, каб паразмаўляць пра апошнія падзеі, пра шэраг юрыдычных пытанняў. Сёння мае сябры Марыя Калеснікава, Антон Раднянкоў, Іван Краўцоў, сябры штаба Віктара Бабарыкі, якія з першых дзён гэтай кампаніі рабілі спробы дабівацца права ўліку ўсіх выборцаў, права ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь абіраць новага прэзідэнта, абароны правоў грамадзян — усе гэты людзі, як і шмат іншых, як і актыўныя валанцёры штаба Віктара Бабарыкі, знаходзяцца не тут. Яны або затрыманыя, або вымушаныя зьехаць з краіны, або, як зараз адбываецца з Марыяй, Іванам і Антонам, яны проста зніклі.

Марыя Калеснікава сёння пайшла на пошту, сустрэла па дарозе журналіста Зміцера Лукашука, ён напісаў аб гэтым у сваім фэйсбуку, мы нават не ведалі, што яна менавіта ў гэты час пойдзе. Да пошты яна не дайшла, каля Нацыянальнага мастацкага музея яе, як распавялі відавочцы, змясцілі ў бусік, на якім было напісана «Сувязь», і яна адбыла ў невядомым накірунку. З гэтага моманту прайшло больш за 8 гадзін, але мы дасюль не ведаем, ні дзе знаходзіцца Марыя, ні што з ёй адбываецца, хаця адвакаты спрабавалі з ёй звязацца, накіравалі паведамленні аб прыняцці абароны ва ўсе органы, якія маглі мець дачыненне да гэтых падзей.

Пры гэтым Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў, пасля таго, як Марыя перастала выходзіць на сувязь, паспрабавалі яе знайсці, прыехалі да яе кватэры і таксама зніклі. Гэта ўся інфармацыя, якая ў нас ёсць пра ніх. Толькі што паступіла інфармацыя, што ў кватэры Івана Краўцова праводзіўся ператрус, прычым ператрус праводзілі супрацоўнікі ДФР. Як гэта звязана з дзейнасцю Івана, што нам будуць расказваць і пра Марыю, і пра Івана, і пра Антона, я мяркую, мы даведаемся, звычайна інфармацыя зьяўляецца на тэлеканалах.

Ёсць шмат пытанняў аб тым, што рабіць надалей. На жаль, гісторыя, якая адбылася сёння з сябрамі Каардынацыйнай Рады, з сакратарыятам Каардынацыйнай Рады, – не адзінкавая. Такое адбываецца ў нас сёння штодня. Затрымліваюць людзей. Учора, па звестках МУС, затрымана больш 600 чалавек за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. У адносінах да тых, хто не быў вызвалены, відаць, будуць весціся адміністрацыйныя працэсы. Спіс папаўняецца. Жахліва тое, што адбылося з Марыяй, Іванам і Антонам, але яшчэ больш жахліва, што гэта адбываецца з многімі людзьмі, гэта адбываецца кожны дзень на сістэматычнай падставе. Аб гэтым мы казалі сёння на Каардынацыйнай Радзе — і мы будем казаць пра гэта, пакуль гэта не зменіцца. Калі раптам аб гэтым не змагу казаць я, аб гэтым будуць казаць іншыя беларусы, у тым ліку і тыя, хто ўвайшоў у асноўны і пашыраны склады Каардынацыйнай Рады.

Як паўплывае затрыманне Марыі Калеснікавай на дзейнасць Каардынацыйнай Рады

З Каардынацыйнай Радай і Прэзідыумам в прыватнасці гісторыя такая. Прэзідыум быў абраны свабоднымі дэмакратычнымі выбарамі сярод усіх сяброў Асноўнага складу КР у складез 7 чалавек. На бягучы момант Павел Латушка быў вымушаны зьехаць з тэрыторыі РБ, Вольга Кавалькова адбыла адзін адміністрацыйны арышт, быў прызначаны новы адміністрацыйны арышт на 15 сутак, і, як яна паведаміла і мы атрымалі таму пацвержданне, яна была прымусам вывезеная з краіны, яе паставілі перад выбарам, ад яе ў дадзенай сітуацыі нічога не залежала. Лілія Ўласава, імя якой вядома кожнаму, хто займаецца юрыдычнай дзейнасцю Рэспублікі Беларусь, медыятар №1, чалавек, які стварыў медыяцыю ў гэтай краіне, 67 гадоў, таксама знаходзіцца па следствам, у адносінах да яе узбуджана крымінальная справа. Яна таксама сябра Прэзідыума КР. Сяргей Дылеўскі адбыў пакаранне па адой адміністрацыйнай справе, прызначаныя новыя 15 сутак арышту. І вось сёння Марыя Калеснікава. З Прэзідыума КР на воле і ў Беларусі застаюся я і Святлана Алексіевіч, але яна па стану здароўя не бярэ актыўны ўдзел у дзейнасці. Таму відавочна, што Прэзідыум не зможа прымаць тых рашэнняў, якія ён раней прымаў, таму для прадухілення далейшага ціску, а таксама для таго, каб забяспечыць больш аператыўную працу, сябры КР прынялі змяненні ў Рэгламент. Зараз, нягледзячы на тое, што хтосьці з Прэзідыума затрыманы, хтосьці можа знаходзіцца па-за межамі краіны, у працоўным парадку створана закрытая група ў Тэлеграм, там выносяцца на абмеркаванне нейкія праекты, абмяркоўваюцца — і пытанне выносіцца на галасаванне. Цягам 24 гадзін збіраюцца галасы сябраў КР. Калі збіраецца простая большасць, рашэнне адразу лічыцца прынятым і агалошваецца. Сёння такім чынам створаныя два звароты, там выкладзена ўсё, што мы думаем і пра ціск на КР, сябраў Прэзідыума і іншых сябраў КР (напрыклад, учора быў затрыманы Андрэй Ягораў).

Таксама мы выпусцілі асобны зварот, які датычыць брутальных затрыманняў відавочна супрацоўнікаў праваахоўчых органаў супраць ўдзельнікаў мірных акцый. Усе ведаюць, што адбывалася ўчора ў Мінску пасля завяршэння акцыі, дакладна ў районе праспекта Пераможцаў, дом 3. Усе ведаюць, што адбывалася са студэнтамі, жыхарамі Гродна, жыхарамі Трактарнага пасёлка, нават з працаўнікамі ТВВОД, якія дапамагалі ты, хто скочыў у Камсамольскае возера, ратуючыся ад пераследу з боку міліцыі. Усе гэтыя дзеянні, на думку КР, накіраванія на застрашванне, на запалохванне, і мы бачым, што яны наўпрост звязаныя з палітычнай актыўнасцю тых, хто падпадае пад пераслед.

З пункту гледжання прававога, мы бачым, што можна канстатаваць перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Калі мы бачым, што чалавек ляжыць на зямлі — гэта відэа ўжо абляцела ўсе каналы — у яго рукі заведзеныя за спіну, ён не супраціўляецца, ён паказвае, што ён цалкам падпарадкоўваецца пэўным патрабавання людзей у цывільным, і пры гэтым да яго падбягае чалавек у цывільным і некалькі разоў б’е па нырках і па нагах, то гэта відавочнае перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Мы ўсе бачым сітуацыю, неабходнасці ўжывання спецсродкаў тут няма. На думку сябраў КР, ужо ёсць падстава для ўзбуджэння крымінальнай справы. Калі высвятляецца, што гэтыя дзеянні ўчыненыя не проста так, не ў запале, а сістэматычна, а мы бачым, што сістэматычна па ўсей краіне пэўныя дзеянні адбываюцца, то тут залежыць ад канчатковай мэты. Калі гэта мэта пакараць за нейкія палітычныя перакананні, а мы бачым, што адбываецца з затрыманымі, сведчанні пра гэта ў Інтэрнэце зьяўлялісь неаднаразова, калі прычыненне болю і пакут у якасці пакарання за палітычную ці грамадскую дзейнасць, то гэта завецца катаванні. Ёсць легальнае вызначэнне: калі афіцыйная асоба прычыняе боль і пакуты іншаму чалавеку за яго грамадскую і палітычную чыннасць, то гэта катаванні, артыкул 128 «Злачынства супраць бяспекі чалавецтва». Калі гэта робіцца не для таго каб пакараць, а для таго каб застрашыць іншых, методыка застрашвання вядома спрадвеку: лічыцца, што калі зрабіць ціск на асобных сябраў, то гэта павінна паўплываць на паводзіны ўсёй групы. Калі затрымліваць актывістаў, то іншыя, магчыма, будуць сябе весці інакш. І гэта таксама крымінальнае злачынства, прадугледжанае Кодэксам. Калі дзеянні, што нясуць людзям пагрозу ці іншыя цяжкія наступствы, здзяйсняюцца з мэтай прымусіць адмовіцца некага ад палітычнай ці грамадскай чыннасці, то гэта завецца акт тэрарызму і падлягае крымінальнаму пераследу. Нарэшце, калі дзеянні былі здзейсненыя для таго, каб нейкім чынам падштурхнуць мірныя акцыі і мірных дэманстрантаў на тое, каб яны аказалі супраціўленне, таму што такая версія цяпер таксама выказваецца. Ніводная вітрына не была пабітая за ўсю гісторыю актаў пратэсту, з выняткам вітрыны, якая была пабітая супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Калі дзеянне знарочыстыя і дэманстрацыйна грубыя, неапраўдана жорсткія былі скіраваны на тое, каб раззлаваць дэманстрантаў, тое гэта можа быць расцэненая, як спробы распальвання сацыяльнай розні, — гэта таксама злачынства, якое знаходзіцца поруч з злачынствамі супраць бяспекі чалавецтва, артыкул 130 КК.

Сёння сябры Каардынацыйнай Рады з улікам усяго гэтага склалі заяву ў Следчы камітэт і адправілі яе па пошце, таму што цяпер небяспечна заходзіць у такія дзяржаўныя ўстановы. Многія людзі, якія прыходзілі падаваць асабістае даручальніцтва за Віктара Бабарыку, апынуліся парушальнікамі права і адбылі пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту. У Следчы камітэт адпраўленая заява з просьбай правесці праверку па ўсіх агучаных фактах, паглядзець уважліва на апублікаваныя відэа, там можна ўсталяваць асобы, хто кіраваў гэтымі людзьмі, можна ўсталяваць, ці зьяўляюцца гэтыя асобы ў масках і ў цывільным, узброеныя, супрацоўнікамі праваахоўных органаў ці не зьяўляюцца, правесці праверку па ўсіх фактах і вынесці нейкую пастанову. Мы спадзяёмся, што будзе пастанова па ўзбуджэнню крымінальнай справы і правядзенні расследавання па крымінальнай справе і прыцягненні да адказнасці ўсіх вінаватых асобаў. Нагадаю, што да цяперашняга часу нягледзячы на пададзеныя сотні заяваў па фактах таго, што адбывалася з затрыманымі пасля 9 жніўня, у тым ліку заявы Марыі Калеснікавай, якія яна падавала і ў Генеральную Пракуратуру, і ў Следчы камітэт, заявы Паўла Латушкі, заява Ліліі Уласавай і іншых асоб, ні па адной з гэтых заяў нам невядома пра факты ўзбуджэння крымінальнай справы. Неаднаразова і Марыя Калеснікава, і іншыя асобы звярталіся да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, органаў следства з указаннем на тое, што адзінай просьбай зьяўляецца выкананне прысягі, дадзенай народу, і дзеянне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Дастаткова паглядзець на відэа, на фатаграфіі, на шматлікія сведчанні, каб зразумець — трэба, каб справа была ўзбуджана, каб яна расследавалася і каб пра факты гэтых расследаванняў ведалі ўсе беларусы, якія бачаць усе гэтыя публікацыі, відэа і маюць цалкам пэўнае меркаванне па ўсіх наяўных фактах. Таму, як бачыце, чыннасць КР працягваецца і будзе працягвацца, усе тыя дакументы, заявы, якія будуць прымацца, вы зможаце ўбачыць у афіцыйным канале, сёння такіх заяваў дзве.

Што да далейшай працы, нават калі Прэзідыум не зможа працаваць, у нас ёсць два пэўных механізмы — прыняцце рашэнняў у тэлеграм-чаце цягам 24 гадзін і дафарміраванне асноўнага складу КР за кошт тых, хто падаў заяву на ўступ у пашыраны склад КР. У нас больш за 5000 сяброў цяпер указана на сайце, ёсць спрошчаная працэдура прыёму ў пашыраны склад і складанейшая працэдура прыёму ў асноўны склад. З улікам змен у рэгламент будзе дафарміраваны склад до 120 чалавек і сябры Рады змогуць аператыўна, хутка, плённа працаваць над вырашэннем сітуацыі ў краіне ў той меры, у якой яны могуць гэта зрабіць з улікам іх становішча і пазіцыі.

Аб раней запушчаных ініцыятывах абскарджанне вынікаў выбараў і адкліканне дэпутатаў

Кандыдаты ў прэзідэнты, у тым ліку Святлана Ціханоўская, звярталіся ў Вярхоўны суд, і была атрымана адмова ў разглядзе справы па сутнасці. Была выказана пазіцыя, што ніхто з кандыдатаў у прэзідэнты не мае права звяртацца ў Вярхоўны суд, з выняткам выпадкаў, калі б ЦВК прыняла рашэнне пра несапраўднасць выбараў. Калі выбары былі прызнаныя сапраўднымі, то ніхто не мае права хадзіць у суд. На мой погляд, гэта супярэчыць канстытуцыйнай норме пра права на судовую абарону, якая гарантаваная кожнаму і ўжо тым больш кандыдату ў прэзідэнты, і гэта вызначэнне будзе абскарджана. У дадзеным выпадку абскардзіць можна толькі ў наглядным парадку, для чаго трэба атрымаць копію вызначэння з пячаткай суда. На жаль, непасрэдна ў Вярхоўным судзе ў мяне не атрымалася, і мы чакаем, калі па пошце будзе дастаўлена адпаведнае вызначэнне для падачы нагляднай скаргі. Каардынаты мае як адваката Святланы Ціханоўскай ёсць, спадзяюся, гэтыя вызначэнні будуць атрыманыя, наглядная скарга ўжо гатова, паколькі вызначэнні былі апублікаваныя на сайце і таму зразумелыя абгрунтаванні суда, і як толькі будзе атрыманы дакумент з пячаткай, скарга тут жа будзе пададзена.

Ёсць цікавая інфармацыя, якая паступіла ад грамадзянскіх ініцыятыў, пра тое, што адбываецца на ўчастках. Выборцы абыходзяць сваіх суседзяў і атрымліваюць інфармацыю, колькі з іх сапраўды галасавала за Святлану Ціханоўскую. Безумоўна, толькі ў тым выпадку, калі чалавек гатовы разгалошваць таямніцу свайго галасавання, ён мае права гэта зрабіць, ніякіх абмежаванняў па агітацыі цяпер не існуе, таму многія выбарцы добраахвотна ўпісваюць свае дадзеныя ў агульную табліцу і пацвярджаюць пісьмова, што вось такой даты галасавалі на вось такім участку за Святлану Ціханоўскую. Такая табліца займае шмат старонак. Ёсць выпадкі, калі ў нас на ўчастку паказаны адна колькасць, прыкладам, 70 грамадзянаў, што прагаласавалі за Ціханоўскую, а подпісаў пад табліцай грамадзянаў, якія сцвярджаюць, што яны галасавалі за Ціханоўскую ў адпаведны дзень, некалькі сотняў. Атрымліваецца відочная неадпаведнасць афіцыйнага пратакола, калі ён быў вывешаны, і заяў грамадзянаў, кожны з якіх можа выступіць сведкам у выпадку патрэбы пра рэальнае волевыяўленне — на падставе гэтых табліц разам з далучэннем іншых дадзеных, у прыватнасці, пра дапушчаныя парушэнні на дадзенай пляцоўцы. Усё гэта разам з копіяй табліцы грамадзяне падаюць у праваахоўныя органы з просьбай правесці праверку ў парадку крымінальна-працэсуальнага заканадаўства і паглядзець, ці няма тут прыкмет складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 192 КК: ці няма фальсіфікацый, падробкі па выбарах. Пакуль невядома пра ўзбуджэнне крымінальнай справы па якой-небудзь з такіх заяў, але мы бачым, што довады па кожнаму ўчастку збіраюцца, прытым яны збіраюцца ў воблаку, яны нікуды ўжо не дзенуцца, пацверджанняў таго, што з выбарамі было нешта цалкам не так, як напісана ў апублікаваных афіцыйных дакументах, ёсць на дадзены момант вельмі шмат.

Больш за тое, цікавая сама сітуацыя пра тое, што дагэтуль няма дадзеных і, як ЦВК растлумачыла, іх і не будзе, калі не зменіцца пазіцыя, пра тое, як людзі прагаласавалі на ўчастках. Ёсць дадзеныя прыкладна па 1500 участках, па астатніх невядома, як менавіта галасавалі людзі. Але калі скласці апублікаваную інфармацыю і паглядзець на сярэдняе значэнне, якое павінна было быць па кандыдатах у прэзідэнты па тых 4 500 участках, што не апублікаваныя, то атрымваецца вельмі цікавая карціна. Святлана Ціханоўская павінна была набраць 2,97%, славутыя 3%, для таго каб выйсці на выніковае значэнне вынікаў па краіне, Аляксандр Лукашэнка павінны быў набраць парадку 89%. Наколькі такое магло адбыцца, трэба вызначаць статыстычна, аднак, калі на кожным з неапублікаваных пляцовак грамадзяне збіраюць больш 10% подпісаў ад усіх выбарцаў, то робіцца зразумела, што ўжо ніяк статыстыка дакладна не сыдзецца, таму што ўсяго па ўсёй краіне ў Ціханоўскай у сярэднім ледзь больш за 10%, а па апублікаваных пратаколах, якія атрымалася зняць у ноч з 9 на 10 жніўня — парадку 25%. Гэта абсалютна не карэлюе з тымі дакументамі, якія былі апублікаваны, магчыма, гэта і ёсць прычына, чаму астатнія дакументы не публікуюцца.

Адкліканне дэпутатаў. Многія грамадзяне з запалам паставіліся да таго, што трэба ўдакладніць, а хто ў іх дэпутат, чым ён займаецца, што ён зрабіў і якім чынам рэагаваў на тыя паведамленні, якія яму прыходзілі ў рамках выбарчай кампаніі. Вельмі многія дэпутаты напярэдадні пазачарговай сесіі парламента, на якой яны заслухоўвалі пасланне Аляксандра Лукашэнкі да народа і парламента, атрымалі лісты, у якіх выбарцы прасілі іх зрабіць шэраг пэўных рэчаў, у тым ліку прыйсці ў якасці назіральнікаў на пляцоўцы. Цяпер па гэтых пытаннях дэпутаты або робяць справаздачу перад выборцамі, або выборцы запускаюць працэдуру адклікання дэпутата. Вядома, з якімі праблемамі сутыкаюцца пры гэтым выборцы, але немагчыма недаацэньваць ступень іх зараджанасці і крэатыўнасці. Прывяду прыклад. Гэта проста шэдэўр! На 20 старонках з 40 дадаткамі, з крыжаванымі спасылкамі, быццам сур’ёзная група юрыстаў працавала цягам тыдня, — і я разумею, што гэта зрабілі людзі, якім не ўсё адно, што адбываецца ў краіне, яны разумеюць, што дэмакратыя — гэта калі яны бяруць удзел у кіраванні, яны гатовы гэтым займацца і гэта рабіць.

Як Каардынацыйная Рада прадстаўляе большасць

Каардынацыйная Рада — гэта фактычна вельмі розныя людзі, якія сабраліся для таго, каб паспрабаваць максімальна поўна прадставіць розныя пункты погляду, якія ёсць у беларускім грамадстве з нагоды таго, што адбываецца, можа, рознае бачанне будучыні ў гэтых людзей, можа, розныя палітычныя пагляды. Але Каардынацыйная Рада пры прыняцці рэзалюцыі вызначыла, што ёсць тры асноўныя патрабаванні, пад якімі цяпер падпісваецца большасць беларусаў. То бок гэта тыя патрабаванні, якія гучаць у розных фармулёўках гучаць і на заводах, і падчас мірных акцый, і людзі пішуць у ФБ. Гэтыя тры патрабаванні паўтараюцца ўвесь час: расследаванне злачынстваў і кара для тых, хто вінаваты у гвалце, вызваленне палітвязняў і іншых асоб, якія неабгрунтавана пацярпелі, у тым ліку пасля мірных акцый, і правядзенне сумленных выбараў па міжнародных стандартах, для таго каб можна было беларусам вызначыць свой лёс. Улічваючы, што гатоўнасці з боку ўлады няма, КР займаецца тым, што фармуліруе чаканні беларускага грамадства, рэагуе на тыя падзеі, якія адбываюцца і ў той меры, у якой гэта магчыма, дапамагае грамадзянскім ініцыятывам адзін з адным каардынавацца і ў рамках працоўных груп атрымліваць інфармацыю, што трэба кожнай грамадзянскай ініцыятыве. Ніякіх дадатковых рэсурсаў і структур няма, фактычна структура цалкам гарызантальная, кожны сябра КР можа ўваходзіць у неабмежаваную колькасць працоўных груп – менавіта там адбываецца асноўная праца. Прытым на гэтую працу ніхто не дае справаздачу, Прэзідыум у яе не ўмешваецца, таму што тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі з пункту гледжання творчасці і крэатыву, — гэта выдатна. Галоўнае тут — не замінаць. Любае кіраванне гэтым працэсам можа толькі нашкодзіць, беларусы самі выдатна спраўляюцца. Далейшая чыннасць КР будзе працякаць у тым жа рэчышчы — кансалідаваная рэакцыя на тое, што адбываецца, накшталт сённяшніх зваротаў, а таксама ўсялякая падтрымка, у тым ліку медыйная, грамадзянскіх ініцыятыў, для таго каб беларусы бачылі і разумелі, што менавіта яны неверагодныя.