Я/МЫ Максім Знак. Зварот Каардынацыйнай Рады

Апублікавана:
28.09.2020, 09:13

9 верасня быў затрыманы сябра Прэзідыума Каардынацыйнай Рады, кандыдат юрыдычных навук, адвакат, паэт, музыкант, спартсмен, чалавек бліскучага розуму і моцнай волі Максім Знак.

18 верасня яму было прад’яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса РБ: Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецыі Рэспублікі Беларусь.

У той жа дзень у знак нязгоды Максім Знак абвясціў галадоўку.

Галадоўка – крайняя мера пратэсту. Да яе звярталіся і звяртаюцца палітыкі і грамадскія дзеячы толькі тых дзяржаў, дзе слова і думку грамадзянаў улада не жадае чуць.

Мы, сябры Каардынацыйнай Рады, успрымаем галадоўку Максіма Знака як крайні спосаб прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да шматлікіх парушэнняў праваахоўнымі органамі канстытуцыйных праў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і шматлікія пераследы грамадзянаў па палітычных матывах.

Ад імя Каардынацыйнай Рады заклікаем:

  1. неадкладна падаць магчымасць аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі Максіму Знаку;
  2. неадкладна вызваліць Максіма Знака з-пад варты;
  3. спыніць крымінальны пераслед Максіма Знака.

Мы заклікаем сусветную супольнасць звярнуць пільную ўвагу на шматдзённую галадоўку сбяра Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Максіма Знака і зрабіць увесь мажлівы ціск на легітымных прадстаўнікоў улады Рэспублікі Беларусь дзеля неадкладнага аказання яму медыцынскай дапамогі і яго неадкладнага вызвалення.

Мы падтрымліваем нашага калегу ў яго нязломным імкненні выканання канстытуцыйных правоў, але асцерагаемся за стан здароўя Максіма Знака і лічым галадоўку крайняй мерай дасягнення вынікаў. Мы прызнаем, што чалавечае жыццё павінна заставацца галоўнай каштоўнасцю любай дзяржавы, і таму просім Максіма спыніць галадоўку.

Мы не заклікаем Максіма спыніць пратэст. Але заклікаем захоўваць сябе для будучыні!

Максім, ты патрэбны нам і ўсім беларусам для пабудовы новай вольнай дэмакратычнай Беларусі!