Заява Каардынацыйнай Рады аб ціску на СМІ

Апублікавана:
30.09.2020, 16:35

Загад Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь аб прыпыненні статусу СМІ найбуйнейшага незалежнага інфармацыйнага партала TUT.by з’яўляецца чарговым абуральным прыкладам адсутнасці законнасці ў Беларусі.

Міністэрства інфармацыі працягвае перавышаць свае паўнамоцтвы і абмяжоўваць дзейнасць асноўных незалежных СМІ, парушаючы тым самым Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, паводле якой грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі.

Паводле арт.4 Канстытуцыі, дэмакратыя ў Беларусі ажыццяўляецца на грунце разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і думак. Свабода слова і выраз думак немажлівыя пры пастаянным ціску і цэнзуры з боку дзяржаўных органаў.

Паводле Канстытуцыі, манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі ці асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца. Пры гэтым Міністэрства інфармацыі ніяк не рэагуе на прапаганду і шчырую падмену фактаў і паняткаў, якія сталі грунтам дзяржаўных СМІ, якія ў адрозненне ад незалежных медыя, фінансуюцца за кошт сродкаў падаткаплацельнікаў.

Патрабуем неадкладна:

  1. Скасаваць загад Міністэрства інфармацыі і спыніць ціск на рэдакцыю tut.by, якая карыстаецца абсалютнай падтрымкай і даверам усіх грамадзянаў Беларусі;
  2. Спыніць пераслед журналістаў пры ажыццяўленні імі сваёй прафесійнай дзейнасці;
  3. Спыніць незаконныя звальненні супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, якія жадаюць выконваць свае прафесійныя абавязкі ў адпаведнасці з асноўным Законам Рэспублікі Беларусь;
  4. Правесці маштабную праверку дзяржаўных СМІ па ўсіх фактах распаўсюджання непраўдзівай інфармацыі.

Ціск на незалежныя СМІ працягваецца. На жаль, у нашай краіне якасць працы, ацэньваецца па ступені рэпрэсій супраць тых, хто прафесійна выконвае сваю працу. А праца журналіста ў Беларусі і зусім стала небяспечнай для жыцця.

Дзякуй журналістам tut.by і ўсіх незалежных медыя за іх працу і работу, падчас якой яны паддаюць сябе рызыцы і небяспецы.

Мы хочам бачыць і чуць праўду!

Будзем працягваць ісці да перамогі разам!