Аляксей Міхалевіч
Адвакат, спецыяліст у галіне міжнароднага прававога супрацоўніцтва па крымінальных справах. Доктар сацыяльных навук. Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Былы палітычны вязень. Першы намеснік старшыні Руха «За Свабоду»
Нарадзіўся 15 мая 1975 года ў Мінску ў сям’і навуковых супрацоўнікаў беларускай Акадэміі навук. Вучыўся ў матэматычнай школе №19 г. Мінска, Беларускім гуманітарным ліцэі.
У 1997 году скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці «палітолаг-юрыст».
Падчас вучобы ва універсітэце ўзначальваў Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў — грамадскую арганізацыю, якая абараняе правы навучэнцаў беларускіх ВНУ. Стажыраваўся ў Варшаўскім (Польшча) і Оксфардскім (Англія) універсітэтах.
У 1997 годзе, па заканчэнні універсітэта, стварыў і ўзначаліў арганізацыю, якая займалася маладзёжнымі абменамі і турызмам, і дзякуючы якой больш за 2000 маладых людзей здолелі наведаць краіны заходняй і цэнтральнай Еўропы.
З 2000 па 2004 год працаваў намеснікам дырэктара, генеральным дырэктарам СП «Аркадыя», якое спецыялізавалася на турыстычным бізнесе. У 2005 г. акрэдытаваны Міністэрствам эканомікі РБ як антыкрызісны ўпраўляючы.
У 2007-2008 гг. — юрысконсульт Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Афганістане.
У 2008-2010 гг. — юрыст Беларускага незалежнага прафсаюза.
Звязаны з палітыкай з 1993 года, калі ўступіў у Партыю БНФ. У 2004 - 2008 гг. — намеснік старшыні Партыі БНФ. З 2018 года — першы намеснік старшыні Руха «За Свабоду».
З 2003 па 2007 гг. — дэпутат Пухавіцкага раённага савета Мінскай вобласці, каардынатар Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў.
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года. Палітычны вязень (снежань 2010 — люты 2011). З сакавіка 2011 да верасня 2015 — у вымушанай палітычнай эміграцыі ў Чэхіі. У 2015 годзе вярнуўся ў Беларусь, быў арыштаваны, але выпушчаны з шматлікімі парушэннямі заканадаўства. Актыўны ўдзельнік падзей 2020 года.
Разведзены, шчаслівы бацька дзвюх дочак. Доктар сацыяльных навук (Польская Акадэмія Навук, 2013 г.).
Працуе адвакатам, уваходзіць у Чэшскую адвакацкую палату.
Спецыяліст у галіне міжнароднага прававога супрацоўніцтва па крымінальных справах (экстрадыцыі, Інтэрпол, міжнародная абарона).