Сёння свята ў чалавека, які пачаў барацьбу за дэмакратычную Беларусь яшчэ ў тыя часы, калі большасць беларусаў не цікавіліся палітыкай. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», сябра Каардынацыйнай рады Алесь Бяляцкі ўжо не першы раз адзначае свой Дзень народзінаў за кратамі. Мы папрасілі яго знаёмых і сяброў распавесці больш пра Алеся, каб вам было прасцей пачаць з ім размову ў лістах.

Кнігі. Алесь – чалавек, якога нельга ўявіць без кнігі. Ён літаратар, цудоўна ведае беларускую і замежную літаратуру. Любіць чытаць мемуары. Апошняя кніга, якая засталася на яго стале пасля арышту, былі мемуары Танка.

Музыка. У маладосці спяваў пад гітару, быў удзельнікам музычнага рок-гурту «Баскі». Цяпер больш цікавіцца класікай.

Фірмовы выраз. «Размаўляй са мной па-беларуску!»

Хоббі. Вырошчвае кветкі і вінаград.

Ліставанне. Алесь Бяляцкі быў арыштаваны ў 2011 годзе і правёў у турме амаль 3 гады. Вось як ён ставіцца да лістоў з волі: «Тысячы лістоў, атрыманых, пакуль я сядзеў у турме, стваралі вакол мяне моцную маральную абарону. Гэта тое, што падтрымлівала мяне і нагадвала, што я сяджу там не проста так, што мая барацьба за правы чалавека працягваецца».

Падтрымайце Алеся Бяляцкага лістамі, якія ўжо аднойчы дапамаглі яму перажыць цяжкія часы ў турме, павіншуйце яго з Днём народзінаў! 

Адрас для віншаванняў: СІЗА №1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Бяляцкі Алесь Віктаравіч.

Еще новости

Поделиться