Я заклікаю чальцоў Каардынацыйнай Рады думаць пра сваіх выбаршчыкаў
«Кожны дэлегат, які прымае той ці іншае рашэнне, ці то сыходзіць, ці нейкае іншае рашэнне, павінен у першую чаргу думаць пра сваіх выбаршчыкаў і перад сваімі выбаршчыкамі дэлегаты нясуць адказнасць», — адзначыў спікер Каардынацыйнай Рады, член фракцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» Арцём Брухан у эфіры тэлеканала «Белсат».
Арцём Брухан адзначыў, што нягледзячы на розныя працэсы Каардынацыйная Рада працягвае сваю працу:
«Каардынацыйная Рада была ўпісана ў апошнюю рэзалюцыю Еўрапарламента, і там асобна прапісана важнасць Каардынацыйнай Рады як ключавога інстытута дэмакратычных сіл. Пачынае працу дэлегацыя ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы, таксама эфектыўную працу праводзіць наша дэлегацыя ў ПАРЕ, упершыню кіраўніцтва КР было запрошана на парламенцкую асамблею EuroNest — гэта ўсё сведчыць пра прызнанне міжнароднымі партнёрамі Каардынацыйнай Рады, пра яе эфектыўную дзейнасць».
Спікер Каардынацыйнай Рады падкрэсліў важнасць паважаць сваіх выбаршчыкаў і несці адказнасць перш за ўсё перад імі.
«Я заклікаю чальцоў Каардынацыйнай Рады думаць пра сваіх выбаршчыкаў, не пра свае асабістыя амбіцыі, не пра сваё эга, а ў першую чаргу пра сваіх выбаршчыкаў, якія галасавалі за вас і дэлегавалі вам права працаваць у Каардынацыйнай Радзе, адстойваючы інтарэсы тых людзей, якія за вас галасавалі і рэалізоўваць тую праграму, з якой вы ішлі на выбары. Так працуе нармальны палітычны працэс і нармальная парламенцкая дэмакратыя. Давайце паважаць сваіх выбаршчыкаў, бо такія сыходы і дэмаршы, па майму меркаванню, гэта непавага да людзей, якія ў сітуацыі рызыкаў галасавалі за нас. Мы ўпершую чаргу нясем адказнасць перад імі».
Падрабязны каментар Арцёма Брухана адносна сітуацыі ў Каардынацыйнай Радзе, выбараў у КР, як беларусы могуць сачыць за дзейнасцю КР — у відэа.