Статут (Рэгламент) Каардынацыйнай рады Беларусі

Рэдакцыя зацьверджанная па выніках галасавання Каардынацыйнай рады 02 Сакавіка 2023 г.

Статут у фармаце PDF

Статут Каардынацыйнай рады Беларусі (далей Статут ці Рэгламент) распрацаваны ў адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі права і дэмакратычнымі асновамі фарміравання і дзейнасці грамадска-палітычных органаў, што рэпрэзентуюць грамадзянскую супольнасць.

Статут Каардынацыйнай рады рэгулюе адносіны дэлегатаў паміж сабой у частцы, якая не супярэчыць агульным прынцыпам права і прызнаным міжнародным стандартам. Сапраўдны Статут рэгулюе пытанні арганізацыі дзейнасці ўсёй Каардынацыйнай рады, яго структурных падраздзелаў і дэлегатаў, а таксама іх узаемадзеянні з іншымі грамадзянскімі ініцыятывамі, грамадскімі аб’яднаннямі, палітычнымі суб’ектамі, органамі дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікамі замежных дзяржаў і міжнароднымі партнёрамі.

Сапраўдны Статут служыць мэце рэалізацыі права і магчымасці кожнага грамадзяніна Беларусі без неабгрунтаваных абмежаванняў браць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў з дапамогай свабодна абраных прадстаўнікоў, уключаючы ажыццяўленне палітычнай і грамадзянскай дзейнасці, скіраванай на стварэнне незалежнай дэмакратычнай Беларусі ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі канстытуцыяналізму.

8 жніўня 2022 года Каардынацыйная рада прыняла рашэнне аб рэарганізацыі сваёй дзейнасці ў рамках фарміравання новай канфігурацыі дэмакратычных сіл Беларусі. Па выніках рэформы быў сфарміраваны другі склад Каардынацыйнай рады, якая і прымае сапраўдны Статут (Рэгламент).

Каардынацыйная рада другога складу (9 лютага 2023 года) складаецца з:

A. сяброў асноўнага складу Каардынацыйнай рады першага фарміравання (складу) ад 19 жніўня 2020 года, якія пацвердзілі намер працягваць працаваць у абноўленай Каардынацыйнай радзе (25 дэлегатаў);

B. беларусаў, абраных па выніках працэдуры для свабодна вылучаных кандыдатаў (15 дэлегатаў);

C. дэлегатаў арганізацый грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл (75 дэлегатаў), вылучаных па 5 тэматычным сектарам (па кожным сектары 15 дэлегатаў):
a. Сектар 1 «Палітычныя арганізацыі» (палітычныя партыі, зарэгістраваныя ў Беларусі; палітычныя штабы палітыкаў, палітычныя рухі, ініцыятывы, аргкамітэты па стварэнні партый);
b. Сектар 2 «Права чалавека, моладзь і экалогія» (абарона праў чалавека, сацыяльныя паслугі, праца з уразлівымі групамі, моладзь і моладзевая палітыка, гендарная роўнасць, экалогія);
c. Сектар 3 «Адукацыя, культура і медыя» (развіццё медыясферы, адукацыя, культура, незалежныя аналітычныя і даследчыя цэнтры, арганізацыі, заснаваныя на веры);
d. Сектар 4 «Мясцовыя супольнасці, прафсаюзы і бізнес» (праца з мясцовымі супольнасцямі, развіццё бізнесу і прадпрыемніцтва, развіццё гарадоў і ўрбаністыка, мясцовае (рэгіянальнае) развіццё, дваровыя супольнасці, прафесійныя саюзы і супольнасці);
e. Сектар 5 «Дыяспары» (краінавыя і рэгіянальныя аб’яднанні беларусаў за мяжой, праекты па каардынацыі дзейнасці дыяспар).

Дзеянне сапраўднага Статута распаўсюджваецца на ўсіх дэлегатаў Каардынацыйнай рады і афіляваных з ёй структур у адпаведнасці з рэгламентавальнымі і іншымі дакументамі Каардынацыйнай рады.

Тэрміны, што адносяцца да фізічных асоб, ужываюцца да кожнай персоны, незалежна ад полу і гендарнай ідэнтычнасці, калі іншае проста не вызначана сапраўдным Рэгламентам. Кожны тэрмін у адзіночным ліку ўжываецца і да множнага ліку і наадварот. Выкарыстанне злучніка “і” можа мець значэнне “ці” і наадварот.

1. Каардынацыйная рада, яе мэты і віды дзейнасці

1.1. Каардынацыйная рада – гэта прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, што аб’ядноўвае прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці – незалежных грамадскіх актывістаў і прадстаўнікоў грамадзянскіх ініцыятыў, грамадскіх аб’яднанняў і асацыяцый, прафесійных саюзаў, палітычных партый, дабрачынных фондаў і іншых некамерцыйных арганізацый для вядзення дзейнасці, азначанай у сапраўдным Статуце, дзеля ўсталявання ў Рэспубліцы Беларусь дэмакратычнай формы кіравання, заснаванай на прыярытэце неад’емных і сусветна прызнаных правоў чалавека і вяршэнства права, захавання суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

1.2. Каардынацыйная рада ажыццяўляе любую дзейнасць, што выцякае з характару прадстаўнічага органа беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл і не забаронена сапраўдным Рэгламентам:

1.2.1. Абмеркаванне важных для грамадства тэмаў, датычных усяго беларускага грамадства і, у прыватнасці, пытанняў, звязаных з мірным трансферам улады ў Беларусі, аднаўленнем у Беларусі дэмакратычнай формы дзяржаўнага кіравання, рознабаковай ацэнкай сітуацыі ў Беларусі і дзеянняў органаў дзяржаўнай улады, у прыватнасці:

1.2.1.1. правядзенне адкрытых і закрытых слуханняў, асамблей, тэматычных сесій для выяўлення думак і пазіцый грамадзянаў Рэспублікі Беларусь (іх аб’яднанняў) па любых значных пытаннях;

1.2.1.2. разгляд, абмеркаванне, узгадненне і зацвярджэнне значных для грамадства пытанняў, што закранаюць інтарэсы беларускага грамадства, палітычных суб’ектаў, што накіравалі сваіх дэлегатаў у Каардынацыйную раду, а таксама любых іншых грамадскіх і палітычных суб’ектаў беларускага дэмакратычнага руху, што знаходзяцца ўва ўзаемаадносінах адказнага партнёрства з Каардынацыйнай радай;

1.2.1.3. атрыманне інфармацыі ад беларускіх грамадскіх і палітычных лідараў, ініцыятыў і арганізацый беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці;

1.2.1.4. атрыманне інфармацыі ад розных міжнародных і замежных структур, інстытутаў, органаў дзяржаўнага кіравання.

1.2.2. Узаемадзеянне з любымі палітычнымі і грамадскімі суб’ектамі Беларусі, уключаючы:

1.2.2.1. прапанаванне, абмеркаванне і зацвярджэнне стратэгічных задач для Аб’яднанага пераходнага кабінета і іншых палітычных суб’ектаў, што накіравалі сваіх дэлегатаў у Каардынацыйную раду, а таксама любых іншых грамадскіх і палітычных суб’ектаў беларускага дэмакратычнага руху, што знаходзяцца ўва ўзаемаадносінах адказнага партнёрства з Каардынацыйнай радай;

1.2.2.2. правядзенне адкрытых і закрытых слуханняў аб дзейнасці структур Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінета і іншых палітычных суб’ектаў, што накіравалі сваіх дэлегатаў у Каардынацыйную раду, а таксама любых іншых грамадскіх і палітычных суб’ектаў беларускага дэмакратычнага руху, што знаходзяцца ўва ўзаемаадносінах адказнага партнёрства з Каардынацыйнай радай;

1.2.2.3. узгадненне кандыдатаў на пасаду ў Аб’яднаны пераходны кабінет, а таксама іншых публічных пазіцый, што рэпрэзентуюць інтарэсы ўсяго дэмакратычнага руху;

1.2.2.4. прапанаванне кандыдатаў на пасаду ў Аб’яднаны пераходны кабінет, а таксама любых іншых кандыдатаў на іншыя публічныя і значныя для грамадства пазіцыі, што закранаюць інтарэсы беларускага дэмакратычнага руху;

1.2.2.5. Пункт не прыняты;

1.2.2.6. ажыццяўленне функцыі грамадзянскага кантролю шляхам заслухоўвання перыядычных справаздач Аб’яднанага пераходнага кабінета, уключаючы яго асобных прадстаўнікоў̆, па пытаннях яго дзейнасці, у тым ліку па прыцягненні і выдаткаванні фінансавых сродкаў;

1.2.2.7. вынясенне ацэнак і рэкамендацый для Аб’яднанага пераходнага кабінета і яго Кіраўніка па выніках разгляду яго справаздач, уключаючы справаздачы яго асобных прадстаўнікоў;

1.2.2.8. разгляд пытання аб вынясенні вотуму недаверу ўсяму складу Аб’яднанага пераходнага кабінета, калі пададзеная справаздача аб яго дзейнасці прызнаецца нездавальняльнай;

1.2.2.9. пры ўзгадненні з Аб’яднаным пераходным кабінетам распрацоўка і зацвярджэнне нацыянальных праграм і стратэгій для міжнароднай дапамогі для Беларусі, уключаючы праграмы падтрымкі асобных тэматычных сектараў;

1.2.2.10. прэзентаванне інтарэсаў беларускага грамадства на міжнароднай арэне, у рамках узгодненых з Аб’яднаным пераходным кабінетам кірункаў міжнароднай дзейнасці дэмакратычных сіл.

1.2.3. Абарона правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзянаў, пазбаўленых падтрымкі і абароны беларускай дзяржавы, як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, гэтак і за яе межамі, уключаючы аказанне тэрміновай праўнай дапамогі.

1.2.4. Спрыянне і арганізацыя працэсаў па вырашэнні канфліктаў і спрэчак паміж беларускімі грамадскімі і палітычнымі аб’яднаннямі і ініцыятывамі з дапамогай медыяцыі і перамоў, уключаючы стварэнне незалежных камісій па расследаванні і ўсталяванні фактаў, разгляд і абмеркаванне экспертных вывадаў.

1.2.5. Аўдыт фінансавай і іншай дзейнасці грамадзянскіх і палітычных ініцыятыў беларускага грамадства, уключаючы накіраванне запытаў на падаванне інфармацыі аб крыніцах фінансавання і выдатках грамадскіх і палітычных суб’ектаў, што накіравалі сваіх дэлегатаў у Каардынацыйную раду, а таксама любых іншых грамадскіх і палітычных суб’ектаў беларускага дэмакратычнага руху, што знаходзяцца ўва ўзаемаадносінах адказнага партнёрства з Каардынацыйнай радай.

1.3. Усталяванае сапраўдным Статутам адказнае партнёрства з Каардынацыйнай радай – гэта ўзаемадзеянне паміж Каардынацыйнай радай і грамадска-палітычнымі суб’ектамі беларускага дэмакратычнага руху, скіраванае на падвышэнне ўзроўню ўзаемнага даверу, легітымнасці грамадзянскага прадстаўніцтва і аўтарытэта арганізацый, заснаванае на прынцыпах адкрытасці, дакладнасці дадзенай у рамках папярэдніх дамоўленасцяў і заканадаўчых абмежаванняў інфармацыі, гатовасці да публічнага абмеркавання пытанняў, што маюць значэнне для беларускай дэмакратычнай супольнасці і да аргументаванага публічнага дыялогу, што кранае стратэгіі развіцця і дзейнасці арганізацый, якія ўступілі ў такога роду ўзаемаадносіны.

1.4. Тэрмін паўнамоцтваў Каардынацыйнай рады і яго афіцыйная мова

1.4.1. Каардынацыйная рада ўтворана 14 жніўня 2020 года па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай як асамблея аўтарытэтных прадстаўнікоў розных груп беларускага грамадства, створана для пошуку вырашэнняў у пераадоленні палітычнага крызісу ў Беларусі і забеспячэнні згоды ў грамадстве (першы склад).

1.4.2. Тэрмін паўнамоцтваў другога складу Каардынацыйнай рады, сфармаванай у 2023 годзе – адзін год з дня правядзення першага ўсталявальнага сходу (8 лютага 2023 года), пасля фарміравання поўнага складу Каардынацыйнай рады.

1.4.3. Пункт не прыняты.

1.4.4. Мовай усіх афіцыйных дакументаў Каардынацыйнай Рады з’яўляецца беларуская мова.

2. Дэлегаты, парадак іх вылучэння, абрання і спынення
паўнамоцтваў

2.1. Дэлегаты Каардынацыйнай рады – гэта прадстаўнікі грамадскіх і палітычных арганізацый беларускага дэмакратычнага руху і грамадзянаў, якія рэалізуюць сваё права браць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў у Беларусі, уключаючы ажыццяўленне палітычнай і грамадзянскай дзейнасці, скіраванай на стварэнне незалежнай дэмакратычнай Беларусі ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі канстытуцыяналізму.

2.2. Дэлегаты Каардынацыйнай рады трэцяга і наступных складаў абіраюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і таемнага галасавання. Пры немагчымасці арганізаваць такое галасаванне ў сілу няпраўнага захопу ўлады ў Рэспубліцы Беларусь і з прычыны парушэння асноўных правоў і свабод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, а таксама поўнай ці частковай акупацыі Рэспублікі Беларусь замежнымі ўзброенымі сіламі, парадак абрання дэлегатаў і фарміравання Каардынацыйнай рады вызначаецца папярэднім складам Каардынацыйнай Рады ў тэрмін не пазней як за тры месяцы да даты заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга складу Каардынацыйнай рады.

2.3. Тэрмін дзеяння паўнамоцтваў дэлегата Каардынацыйнай рады складае дванаццаць месяцаў з моманту правядзення першага Агульнага паседжання яго складу.

2.4. Усе дэлегаты Каардынацыйнай рады роўныя. Дэлегаты Каардынацыйнай рады маюць наступныя правы:

2.4.1. атрымліваць дакладную і поўную інфармацыю пра дзейнасць Каардынацыйнай рады і яго структур;

2.4.2. абіраць і быць абраным у кіроўныя і працоўныя органы і на кіроўныя пазіцыі Каардынацыйнай рады ў адпаведнасці з працэдурамі, апісанымі ў сапраўдным Рэгламенце;

2.4.3. браць удзел у абмеркаваннях, распрацоўцы і прыняцці рашэнняў Агульнага паседжання Каардынацыйнай рады праз галасаванне ў адпаведнасці з працэдурамі, усталяванымі сапраўдным Рэгламентам, ці ўстрымлівацца ад галасавання;

2.4.4. уносіць прапановы, пытанні і праекты дакументаў у павестку Агульнага паседжання Каардынацыйнай рады для абмеркавання і галасавання, пры ўмове, што такое ўнясенне падтрымліваецца не меней як шасцю іншымі дэлегатамі;

2.4.5. складаць з сябе паўнамоцтвы ўдзельніка кіроўных структур Каардынацыйнай рады, а таксама выходзіць са складу Каардынацыйнай рады ў любы момант па ўласным жаданні з адпаведным паведамленнем пра гэта Спікера Каардынацыйнай рады ці Сакратарыята;

2.4.6. ствараць працоўныя і іншыя групы, фракцыі, ініцыяваць стварэнне камісій, а таксама браць удзел у іх дзейнасці ў адпаведнасці з унутранымі перакананнямі, уласным бачаннем стратэгій Каардынацыйнай рады, ужываць свае прафесійныя веды і навыкі, спрыяць павышэнню эфектыўнасці дзейнасці Каардынацыйнай рады;

2.4.7. свабодна далучацца не больш як да адной фракцыі пры яе згодзе, уваходзіць у адну ці некалькі працоўных груп, ці не далучацца ні да адной з фракцый і не ўваходзіць у склад ніводнай працоўнай групы.

2.4.8. пры ажыццяўленні сваіх правоў і выкананні сваіх абавязкаў, весці ўнутраную і вонкавую перапіску, ствараць і скіроўваць запыты на афіцыйным бланку Дэлегата Каардынацыйнай рады Беларусі.

2.5. Дэлегаты Каардынацыйнай рады абавязаны сумленна выконваць ролю дэлегата Каардынацыйнай рады і бараніць інтарэсы грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, дэмакратычных сіл і арганізацый беларускай грамадзянскай супольнасці, што накіравалі іх у Каардынацыйную раду, у прыватнасці:

2.5.1. браць удзел у працы Каардынацыйнай рады – быць на яго Агульных паседжаннях, знаёміцца з дакументамі і браць удзел у агульным галасаванні. У выпадку, калі дэлегат не бярэ ўдзел у агульным галасаванні цягам двух месяцаў запар, то яго адсутнасць не будзе ўлічвацца пры вызначэнні кворуму на наступных Агульных паседжаннях. Права голасу дэлегата аднаўляецца аўтаматычна пры аднаўленні яго ўдзелу ў Агульных паседжаннях;

2.5.2. весці канструктыўную дыскусію, у прыватнасці, выконваць яе правілы, у якіх не дапускаецца абраза іншых удзельнікаў абмеркавання; выкарыстанне ненарматыўнай лексікі, бяздоказных сцвярджэнняў і абвінавачванняў, дэзынфармацыі, парушэнне парадку выступу. У выпадку паўторнага парушэння правілаў дыскусіі ў рамках аднаго абмеркавання парушальнік можа быць пазбаўлены голасу да канца такога абмеркавання ў адпаведнасці з рашэннем сталай Камісіі па этыцы ў адпаведнасці з пунктам 3.12 сапраўднага Рэгламенту. Дадзенае палажэнне не ўсталёўвае цэнзуры і скіравана на выкананне агульнапрынятых нормаў сумленных паводзін.

2.6. Дэлегат Каардынацыйнай рады можа быць пазбаўлены мандата па рашэнні кваліфікаванай большасці Агульнага паседжання ў наступных выпадках:

2.6.1. дэлегат не бярэ ўдзел у Агульных паседжаннях Каардынацыйнай Рады цягам трох месяцаў запар з выняткам выпадкаў, прызнаных Агульным паседжаннем уважнымі;

2.6.2. дзейнасць дэлегата несумяшчальная з мэтамі Каардынацыйнай рады ці дэлегат сваімі дзеяннямі дыскрэдытуе дзейнасць Каардынацыйнай рады. Працэдура такога выключэння прадугледжваецца адмысловым палажэннем, прынятым Агульным паседжаннем Каардынацыйнай рады.

2.7. Пункт не прыняты.

2.8. Дэлегатам Каардынацыйнай рады не можа быць сябра Аб’яднанага пераходнага кабінета ці яго намеснік з правам голасу.

3. Формы ўзаемадзеяння дэлегатаў

3.1. Для павышэння эфектыўнасці працы Каардынацыйнай рады фармалізаваныя ўзаемадзеянні груп дэлегатаў ажыццяўляюцца праз працоўныя і іншыя групы, фракцыі і камісіі.

3.2. Фракцыя – гэта сфармаваная ў добраахвотным парадку група дэлегатаў колькасцю не меней за дзевяць чалавек. Фракцыя ўтвараецца ў адпаведнасці з унутранымі перакананнямі ўдзельнікаў на аснове адзінства думак па значных пытаннях стратэгіі Каардынацыйнай рады, шляхоў яго развіцця, стратэгіі дзейнасці дэмакратычных сіл і іншым яднальным іх азнакам. Дзейнасць фракцыі мае сваёй мэтай падвышэнне плённасці і эфектыўнасці дзейнасці Каардынацыйнай рады ў дасягненні яго мэт.

3.3. Фракцыя паведамляе Сакратарыят пра сваё стварэнне і спыненне дзейнасці, склад, кіраўнікоў, парадак прыняцця рашэнняў і галасаванне. Адказнасць за поўнасць і актуальнасць звестак пра фракцыю, перададзеных у Сакратарыят, ляжыць на кіраўніках фракцыі. Фракцыя спыняе сваю працу ў выпадку прыняцця рашэння пра
свой роспуск ці змяншэння колькасці дэлегатаў у фракцыі ніжэй за ўзровень, усталяваны сапраўдным Рэгламентам.

3.4. Дэлегат Каардынацыйнай рады можа выйсці з фракцыі шляхам паведамлення пра гэта кіраўніцтва фракцыі і Сакратарыята. Фракцыйная прыналежнасць дэлегата спыняецца па сканчэнню сутак з моманту падачы паведамлення аб выйсці з фракцыі.

3.5. Пункт не выносіўся на галасаванне.

3.6. Фракцыі валодаюць наступнымі паўнамоцтвамі:

3.6.1. вылучаць сваіх прадстаўнікоў у кіроўныя органы Каардынацыйнай рады;

3.6.2. выносіць пытанні і прапановы на павестку Агульнага паседжання Каардынацыйнай рады;

3.6.3. атрымліваць інфармацыю ад органаў Каардынацыйнай рады па запыце;

3.6.4. выносіць пытанні і прапановы на галасаванне Агульнага паседжання Каардынацыйнай рады;

3.6.5. прапанаваць кандыдатаў на пазіцыі Спікера, Віцэ-спікера і кіраўніка Сакратарыята Каардынацыйнай рады.

3.7. Працоўная група – гэта добраахвотнае аб’яднанне не меней за трох дэлегатаў для ажыццяўлення праектнай ці сталай дзейнасці, што патрабуе адпаведных ведаў і кампетэнцый і скіравана на выкананне адмысловых задач у рамках агаданых сапраўдным Рэгламентам відаў дзейнасці Каардынацыйнай рады.

3.8. Працоўная група паведамляе Сакратарыят пра сваё стварэнне, склад, кіраўніка,заяўленыя мэты і заданні, парадак ажыццяўлення дзейнасці і прыняцця рашэнняў, а таксама пра спыненне дзейнасці групы. Адказнасць за поўнасць і актуальнасць звестак пра працоўную групу, перададзеных у Сакратарыят, ляжыць на кіраўніках працоўнай групы.

3.9. Камісія Каардынацыйнай рады – гэта група дэлегатаў, упаўнаважаная Нарадай фракцый на выкананне задач па ўсталяванні фактаў, высвятленні акалічнасцяў і атрыманні экспертных вывадаў, патрэбных Каардынацыйнай радзе для адказнага і інфармаванага выканання яе мэт.

3.10. Прапанова аб стварэнні камісіі можа быць унесена на Нараду фракцый Спікерам, фракцыяй ці групай дэлегатаў колькасцю не меней за шэсць чалавек. У прапанове павінны ўтрымлівацца наступныя абавязковыя атрыбуты: а) абгрунтаванне стварэння камісіі, яе мэты і задачы, б) аб’ём і тэрмін яе паўнамоцтваў, уключаючы правы вядзення ўнутранай і вонкавай перапіскі, стварэння і накіравання запытаў на афіцыйным бланку камісіі Каардынацыйнай рады Беларусі, в) узгодненая кандыдатура кіраўніка і намесніка кіраўніка камісіі. Фракцыі маюць права дэлегаваць свайго прадстаўніка ў камісію ў любы час. Камісія падсправаздачная Нарадзе фракцый і Агульнаму паседжанню Каардынацыйнай рады ў парадку і ў тэрмін, што вызначаны ў рашэнні аб яе ўтварэнні.

3.11. Пункт не прыняты.

3.12. Для выканання прынцыпаў канструктыўнай камунікацыі і вырашэння канфліктаў ствараецца сталая камісія па этыцы камунікацый, якая мае права простай большасцю выносіць прадстаўленне Спікеру і Віцэ-спікеру аб абмежаванні права дэлегата на публічны выступ у Каардынацыйнай радзе, калі такі дэлегат неаднаразова парушыў прынятыя правілы канструктыўных дыскусій Каардынацыйнай рады. Сябры камісіі прызначаюцца з дэлегатаў па жэрабі. Абмежаванне камунікацыі не абмяжоўвае дэлегата ў любых іншых яго правах і можа насіць толькі часовы характар.

3.13. Фракцыі, працоўныя групы і камісіі могуць даваць справаздачу аб выніках сваёй дзейнасці не часцей за адзін раз у тры месяцы перад Агульным паседжаннем Каардынацыйнай рады. Пры патрэбе, Спікер можа запытаць аднаразовую ці перыядычную справаздачу ў фракцыі, працоўнай групы ці камісіі, кіраўнікі якіх абавязаны вырабіць такую справаздачу для яе прэзентавання на Агульным паседжанні Каардынацыйнай рады ці Нарадзе фракцый у разумны тэрмін.

4. Кіроўныя органы Каардынацыйнай рады – агульнае паседжанне, нарада фракцый, спікер і віцэ-спікер, сакратарыят і яго кіраўнік

4.1. Агульнае паседжанне

4.1.1. Кіроўныя органы Каардынацыйнай рады – агульнае паседжанне, нарада фракцый, спікер і віцэ-спікер, сакратарыят і яго кіраўнік

4.1.2. Агульнае паседжанне правамоцнае прымаць рашэнні па ўсіх узнятых перад ім пытаннях пры ўдзеле ў галасаванні не меней за палову плюс адзін дэлегат ад агульнага ліку дэлегатаў Каардынацыйнай рады з дзейным мандатам.

4.1.3. Агульнае паседжанне прымае рашэнні простай большасцю галасоў дэлегатаў па наступных пытаннях:

4.1.3.1. зацвярджэнне рэзалюцый, заяў, зваротаў і запытаў ад імя Каардынацыйнай рады па прадстаўленні Нарады фракцый, фракцый, камісій, ці дэлегатаў у колькасці не меней за 6 чалавек;

4.1.3.2. зацвярджэнне справаздач аб дзейнасці;

4.1.3.3. зацвярджэнне палажэння аб бюджэце Каардынацыйнай рады;

4.1.3.4. падпункт не прыняты;

4.1.3.5. зацвярджэнне штогадовага бюджэту Каардынацыйнай рады бягучага склікання, штогадовай справаздачы аб дзейнасці Сакратарыята і аб выкананні бюджэту;

4.1.4. Агульнае паседжанне прымае рашэнні кваліфікаванай большасцю ў дзве траціны дэлегатаў па наступных пытаннях:

4.1.4.1. зацвярджэнне і змена сапраўднага Статута (Рэгламенту);

4.1.4.2. падпункт не прыняты;

4.1.4.3. выключэнне дэлегатаў з Каардынацыйнай рады бягучага складу;

4.1.4.4. падпункт не прыняты;

4.1.4.5. вынясенне вотуму недаверу і падтрыманне прапановы аб адстаўцы Спікера, Віцэ-спікера ці кіраўніка Сакратарыята па прадстаўленні групы дэлегатаў колькасцю не менш за адну траціну ад спіскавага складу Каардынацыйнай рады;

4.1.4.6. кааптацыя новых дэлегатаў у Каардынацыйную раду бягучага складу;

4.1.4.7. вынясенне вотуму недаверу Аб’яднанаму пераходнаму кабінету пры нязацвярджэнні яго справаздачы;

4.1.5. Агульнае паседжанне абірае Спікера, Віцэ-спікера, кіраўніка Сакратарыята і адмысловых прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады рэйтынгавым галасаваннем з ліку кандыдатаў, вылучаных ад фракцый і ініцыятыўных груп дэлегатаў колькасцю не меней за шэсць чалавек. Група дэлегатаў ці фракцыя можа вылучыць не больш за аднаго кандыдата на пазіцыю Спікера.

4.1.5.1. Рэйтынгавае галасаванне па абранні Спікера, Віцэ-спікера, кіраўніка Сакратарыята і адмысловых прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады праводзіцца прэферэнцыйным галасаваннем па спісах.

4.1.6. Галасаванне Агульнага паседжання Каардынацыйнай рады адбываецца ў адкрытым фармаце. Вынікі галасавання агучваюцца Спікерам неадкладна пасля падліку галасоў. Вынікі галасавання публікуюцца Сакратарыятам Каардынацыйнай рады не пазней за 24 гадзіны пасля завяршэння галасавання.

4.1.7. Стварэнне і накіраванне заяў, лістоў, запытаў і любых іншых дакументаў на афіцыйным бланку Каардынацыйнай рады Беларусі з’яўляецца выключным правам Нарады фракцый.

4.1.8. Працягласць выступаў на агульным паседжанні Каардынацыйнай рады выяўляецца Спікерам, які кіруецца наступнымі рэкамендацыямі ў дачыненні да працягласці розных відаў выступаў:
A. даклад – ад 10 да 30 хвілін па ўзгадненні з дакладчыкам;
B. судаклад – ад 10 да 15 хвілін;
C. заключнае слова дакладчыка і судакладчыка – да 10 хвілін;
D. выступ у спрэчках ад імя фракцыі, працоўнай групы, групы дэлегатаў, камісіі, адмысловага прадстаўніка – да 7 хвілін, а ад свайго імя – да 4 хвілін;
E. адказ на адно пытанне – да 3 хвілін, а само пытанне – не больш за адну хвіліну;
F. заява, паведамленне, аб’ява, унясенне прапаноў – да 3 хвілін;
G. выступ па працэдурных пытаннях, матывах галасавання, рэплік, даведак, тлумачэнняў, аб’явы асобнай думкі – да 2 хвілін.

4.2. Спікер і віцэ-спікер

4.2.1. Спікер Каардынацыйнай рады – гэта дзейны дэлегат, які набраў максімальны рэйтынг на галасаванні Агульнага паседжання па выбарах Спікера Каардынацыйнай рады, які не знаходзіцца ні ў адной фракцыі і ажыццяўляе наступныя функцыі:

4.2.1.1. старшыняванне і забеспячэнне вядзення паседжанняў Каардынацыйнай рады ў адпаведнасці з сапраўдным Рэгламентам;

4.2.1.2. забеспячэнне адпаведнасці дзейнасці Каардынацыйнай рады палажэнням сапраўднага Рэгламенту;

4.2.1.3. рэпрэзентаванне Каардынацыйнай рады ўва ўсіх адносінах з партнёрамі, контрагентамі і шырокай грамадскасцю праз сродкі масавай інфармацыі і афіцыйныя каналы камунікацый Каардынацыйнай рады, уключаючы вядзенне ўнутранай і вонкавай перапіскі, стварэння і накіравання запытаў на афіцыйным бланку Спікера Каардынацыйнай рады Беларусі;

4.2.1.4. забеспячэнне эфектыўных камунікацый паміж усімі дэлегатамі і структурамі Каардынацыйнай рады;

4.2.1.5. забеспячэнне эфектыўнага выканання сваіх функцый усімі структурнымі падпадзеламі Каардынацыйнай рады ў адпаведнасці з палажэннямі сапраўднага Рэгламенту;

4.2.2. Віцэ-спікер – гэта дзейны дэлегат Каардынацыйнай рады, які заняў другое месца на галасаванні Агульнага паседжання па выбарах Спікера Каардынацыйнай рады, які спрыяе Спікеру ў выкананні яго паўнамоцтваў па ўзгадненні з ім і замяшчае яго ў перыяды змушанай адсутнасці. У выпадку адстаўкі Спікера ці немагчымасці выканання ім сваіх функцый цягам трох месяцаў запар Віцэ-спікер набывае ўсе правы і абавязкі Спікера, а пазіцыя Віцэ-спікера пераходзіць да дэлегата Каардынацыйнай рады, што заняў наступнае месца на галасаванні Агульнага паседжання па выбарах Спікера Каардынацыйнай рады.

4.2.3. Тэрмін паўнамоцтваў Спікера і Віцэ-спікера Каардынацыйнай рады роўны тэрміну паўнамоцтваў бягучага складу Каардынацыйнай рады, калі толькі такія паўнамоцтвы не былі спынены датэрмінова Агульным паседжаннем Каардынацыйнай рады ў адпаведнасці з сапраўдным Рэгламентам.

4.2.4. Спікер і Віцэ-спікер падсправаздачныя ў сваёй дзейнасці Агульнаму паседжанню Каардынацыйнай рады.

4.2.5. Кіруючыся палажэннямі сапраўднага Статута, Спікер і Віцэ-спікер супольна распрацоўваюць правілы правядзення паседжанняў Каардынацыйнай рады, у якіх вызначаюць парадак рэгістрацыі выступаў дэлегатаў, іх паслядоўнасць і працягласць у залежнасці ад тыпу і таму аб’ёму перадатнай інфармацыі, які заяўляецца. Распрацаваныя правілы даводзяцца да ўвагі дэлегатаў Каардынацыйнай рады ў разумны тэрмін.

4.3. Нарада фракцый Каардынацыйнай рады

4.3.1. Агульныя Палажэнні аб Нарадзе фракцый

4.3.1.1. Нарада фракцый – гэта калектыўны орган кіравання Каардынацыйнай рады. У кампетэнцыю Нарады фракцый уваходзяць любыя пытанні, што не адносяцца да адмысловай кампетэнцыі Агульнага паседжання Каардынацыйнай рады. Нарада фракцый падсправаздачная ў сваёй дзейнасці Агульнаму паседжанню Каардынацыйнай рады.

4.3.1.2. Нарада фракцый Каардынацыйнай рады складаецца з прадстаўнікоў фракцый і прадстаўнікоў камісій, а таксама Спікера Каардынацыйнай рады і кіраўнік Сакратарыята. Колькасць прадстаўнікоў фракцый у Нарадзе фракцый кратная дзевяці дэлегатам (фракцыя з дзевяці дэлегатаў будзе мець аднаго прадстаўніка, фракцыя з
васямнаццаці – двух прадстаўнікоў і г. д.). Кожная камісія дэлегуе ў Нараду фракцый не больш за аднаго прадстаўніка. Кіраўнік Сакратарыята і прадстаўнікі камісій Рады бяруць удзел у Нарадзе фракцый без права голасу.

4.3.1.3. Нарада фракцый правамоцная пры ўдзеле ў паседжанні прадстаўнікоў, фракцыі якіх маюць у суме не меней за палову плюс адзін голас ад агульнай сумы галасоў, што складаюць Нараду фракцыі.

4.3.1.4. Нарада фракцый пры прыняцці рашэнняў імкнецца да кансэнсусу. Прадстаўнікі адной фракцыі маюць колькасць галасоў, кратных дзевяці дэлегатаў іх фракцыі (фракцыя з дзевяці дэлегатаў будзе мець адзін голас, фракцыя з васямнаццаці – два галасы і г. д.). Спікер Каардынацыйнай рады мае адзін голас. Пры немагчымасці дасягнення кансэнсусу Нарада фракцый прымае рашэнне большасцю галасоў. Пры роўнасці галасоў, голас Спікера Каардынацыйнай рады мае вырашальнае значэнне.

4.3.2. Паўнамоцтвы Нарады фракцый:

4.3.2.1. Нарада фракцый вызначае парадак дня працы Каардынацыйнай рады і парадак пытанняў, што выносяцца на галасаванне;

4.3.2.2. Нарада фракцый сцвярджае афіцыйныя дакументы, што распаўсюджваюцца ад імя Каардынацыйнай рады;

4.3.2.3. Нарада фракцый прымае рашэнні аб удзеле Каардынацыйнай рады ў якасці партнёра ці патрона праектаў, публічных кампаній ці іншых публічных імпрэз;

4.3.2.4. Нарада фракцый ажыццяўляе кантроль выканання Статута, кантроль дзейнасці Сакратарыята, а таксама фінансавы кантроль дзейнасці Каардынацыйнай рады;

4.3.2.5. Нарада фракцый спрыяе Спікеру і Сакратарыяту ў вырашэнні арганізацыйных задач;

4.3.2.6. пры адсутнасці Спікера ці Віцэ-спікера Нараду фракцый вядзе адзін з лідараў фракцый, абраны па жэрабі;

4.3.2.7. Нарада фракцый сцвярджае штатны расклад Сакратарыята і бюджэт Каардынацыйнай рады па прадстаўленні кіраўніка Сакратарыята;

4.3.2.8. Нарада фракцый вызначае асноўныя кірункі і задачы ў ажыццяўленні прадстаўніцкіх функцый Каардынацыйнай рады, уключаючы прадстаўніцтва на міжнародным узроўні;

4.3.2.9. Нарада фракцый можа фармаваць камісіі Каардынацыйнай рады па сваёй ініцыятыве ці па прапанове фракцый. Склад дадзеных камісій, іх паўнамоцтвы і абавязкі вызначаюцца Нарадай фракцый.

4.3.3. Пазафракцыйныя дэлегаты Каардынацыйнай рады маюць права вылучаць свайго прадстаўніка з правам голасу ў Нараду фракцый (прадстаўнік дзевяці пазафракцыйных дэлегатаў будзе мець адзін голас, прадстаўнік васямнаццаці пазафракцыйных дэлегатаў – два галасы і г. д.) з тэрмінам паўнамоцтваў у тры месяцы. Вылучэнне
адбываецца шляхам простага галасавання пазафракцыйных дэлегатаў. Пазафракцыйныя дэлегаты паведамляюць Сакратарыят аб вылучэнні свайго прадстаўніка ў Нараду фракцый з падаваннем спіса дэлегатаў, якія яго вылучылі.

4.4. Сакратарыят і яго кіраўнік

4.4.1. Сакратарыят Каардынацыйнай рады – гэта падраздзяленне, што ажыццяўляе арганізацыйна-тэхнічнае і фінансавае забеспячэнне дзейнасці Каардынацыйнай рады і ўсіх яго структур.

4.4.2. Пункт не прыняты.

4.4.3. Сакратарыят забяспечвае арганізацыю правядзення Агульных паседжанняў Каардынацыйнай рады, яго галасаванняў, нарад фракцый, камісій, працоўных груп, інфармаванне шырокай грамадскасці аб дзейнасці структур Каардынацыйнай рады праз сродкі масавай інфармацыі і афіцыйныя каналы інфармавання Каардынацыйнай рады, арганізацыі сустрэч дэлегатаў і кіруючых органаў Каардынацыйнай рады, мясцовых і міжнародных падарожжаў упаўнаважаных прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, арганізацыі асамблей, слуханняў, публічных імпрэз Каардынацыйнай рады, збірае і забяспечвае бяспеку асабістых звестак дэлегатаў у адпаведнасці з патрабаваннямі датычнага заканадаўства.

4.4.4. Сакратарыят фарміруе поўны спіс дэлегатаў Каардынацыйнай рады бягучага складу, уключаючы іх імёны і прозвішчы, не больш чым праз дзесяць дзён пасля сканчэння фарміравання складу Каардынацыйнай рады і прэзентуе яго ў адкрытым доступе. Асабістыя звесткі дэлегатаў Каардынацыйнай рады, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама дэлегатаў якія абгрунтавана асцерагаюцца магчымых рэпрэсій, могуць быць скарочаны да імя ці псеўданіма дэлегатаў і назвы ініцыятывы, якая яго вылучыла.

4.4.5. Кіраўнік Сакратарыята з’яўляецца найвышэйшай службовай асобай, якая кіруе Сакратарытам і мае права распараджацца маёмасцю Сакратарыята, прымаць і сплачваць грашовыя сродкі, падпісваць дамовы ад імя Сакратарыята і выступаць ад імя Сакратарыята перад органамі дзяржаўнага кіравання і ў судзе. Кіраўнік
Сакратарыята не можа адначасна быць дэлегатам Каардынацыйнай рады. У выпадку калі дэлегат абіраецца часткай Сакратарыята ён складае свой мандат на час выканання абавязкаў кіраўніка Сакратарыята.

4.4.6. Кіраўнік Сакратарыята прызначаецца Агульным паседжаннем Каардынацыйнай рады ў адпаведнасці з палажэннямі сапраўднага Рэгламенту.

4.4.7. Кіраўнік Сакратарыята распрацоўвае і прэзентуе на зацвярджэнне Агульнаму паседжанню Каардынацыйнай рады праект бюджэту Сакратарыята і яго штатнага раскладу, а таксама прапановы па іх змене і дапаўненню пры патрэбе.

4.4.8. Кіраўнік Сакратарыята дае справаздачу Нарадзе фракцый аб аператыўным выкананні бюджэту Сакратарыята штоквартальна. Кіраўнік Сакратарыята падае штогадовую справаздачу аб дзейнасці Сакратарыята і выкананні бюджэту Агульнаму паседжанню Каардынацыйнай рады.

4.5. Спецыяльныя прадстаўнікі

4.5.1. Пры патрэбе, для вырашэння спецыялізаваных задач і місій, Агульнае паседжанне Каардынацыйнай рады можа прызначаць адмысловых прадстаўнікоў з ліку кандыдатаў, вылучаных ад фракцый і ініцыятыўных груп дэлегатаў колькасцю не меней за шэсць чалавек.

4.5.2. Адмысловыя прадстаўнікі Каардынацыйнай рады падсправаздачныя ў сваёй дзейнасці Агульнаму паседжанню Каардынацыйнай Рады і Нарадзе фракцый у межах і тэрмінах перададзеных ім паўнамоцтваў.

5. Бюджэт Каардынацыйнай рады

5.1. Парадак фарміравання і зацвярджэння Бюджэту Каардынацыйнай рады, а таксама парадак справаздачнасці Сакратарыята аб выкананні Бюджэту і ажыццяўлення кантролю за выдаткаваннем грашовых сродкаў рэгламентуецца Палажэннем аб бюджэце Каардынацыйнай рады.

Падзяліцца