Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады, супрацоўнікі Сакратарыята, якія ўдзельнічаюць у яе дзейнасці, аб’яднаныя агульнай мэтай усталявання ў Рэспубліцы Беларусь дэмакратычнай формы кіравання, заснаванай на прыярытэце неад’емных і сусветна прызнаных правоў чалавека і вяршэнства права, захавання суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь,

усведамляючы неабходнасць фармавання высокай палітычнай культуры Каардынацыйнай Рады, кіруючыся Статутам Каардынацыйнай Рады, прынятым 1 сакавіка 2023 г., прымаючы Этычны Кодэкс, тым самым абавязваюцца прытрымлівацца этычных нормаў, прафесійных стандартаў і прынцыпаў узаемадзеяння і камунікацыі, дэклараваных ніжэй.

  1. Этычныя прынцыпы і нормы Каардынацыйнай Рады Беларусі

1.1. Агульныя этычныя прынцыпы

Агульныя этычныя прынцыпы Кодэкса заклікаюць дэлегатаў і дэлегатак Каардынацыйнай Рады:

  • абараняць дэмакратыю і правы чалавека,
  • служыць інтарэсам беларускага грамадства,
  • імкнуцца да адзінства і згоды ў вырашэнні важных для Беларусі палітычных, эканамічных і сацыяльных праблем, вызначаных парадкам дня Каардынацый Рады,
  • імкнуцца канструктыўна і пасродкам дыялога вырашаць канфлікты,
  • прафесійна, празрыста і адказна выконваць свае грамадзянскія абавязкі,
  • шанаваць разнастайнасць меркаванняў і палітычны плюралізм.
1.2. Абарона дэмакратыі і правоў чалавека

1.2.1. Этычныя прынцыпы Кодэкса распаўсюджваюцца на ўсіх дэлегатаў і дэлегатак Каардынацыйнай Рады незалежна ад партыйнай або фракцыйнай прыналежнасці ці палітычнай арыентацыі. Кодэксам прызначаецца, што дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады дзейнічаюць у розных культурных, палітычных і прававых кантэкстах.

1.2.2. У Каарданацыйнай Радзе недапушчальна дыскрымінацыя па прызнаку расы, этнічнай прыналежнасці, полу, сэксуальнай арыентацыі, рэлігіі ці статусу меншасці.

1.2.3. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады імкнуцца да аднаўлення законнасці ў Беларусі, павінны кіравацца агульна прынятымі нормамі права і выконваць законы той краіны, дзе знаходзяцца, акрамя выпадкаў праявы грамадзянскага непадпарадкавання ва ўмовах барацьбы за дэмакратыю і правы чалавека.

1.2.4. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады абавязаны забяспечыць адпаведнасць прымаемых рашэнняў этычным прынцыпам на практыцы, а таксама адпаведнасць нормам міжнароднага права і прынятых Радай дагаворных абавязацельстваў.

1.2.5. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны ўстрымлівацца ад ужывання гвалту, пагроз ці запалохвання паміж сабой для дасягнення палітычных мэт.

1.2.6. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады імкнуцца забяспечыць эфектыўнае выкананне міжнародных норм і абавязацельстваў у галіне правоў чалавека і дэмакратыі.

1.2.7. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады абавязаны працаваць над паскарэннем ліквідацыі аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі і ўмацаваннем дэмакратыі ў краіне.

1.2.8. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады абавязаны забяспечваць магчымасці арганізацый грамадзянскай супольнасці і медыя, дзейнічаць адкрыта і свабодна як у Беларусі, так і ва ўсім свеце.

1.2.9. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады абавязаны адстойваць і абараняць інстытуцыйныя паўнамоцтвы і прэрагатывы Каардынацыйнай Рады, як вызначана ў Статуце.

1.3. Служэнне інтарэсам беларускага грамадства

1.3.1. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны дзейнічаць выключна з інтарэсаў грамадскіх групп і асоб, якія яны прадстаўляюць у Радзе.

1.3.2. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны прыкласці ўсе намаганні, каб садзейнічаць эфектыўнаму кіраванню Каардынацыйнай Радай праз прыняцце рашэнняў, заснаваных на аб’ектыўнасці, бесстароннасці і адкрытасці. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны дзейнічаць і прымаць рашэнні бесстаронна, справядліва і па сутнасці, карыстаючыся праверанай інфармацыяй, без дыскрымінацыі ці прадузятасці.

1.3.3 Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны прысвяціць неабходную энергію, намаганні і стараннасць на выкананне ўзятых на сябе ў рамках дзейнасці ў Радзе маральных і пісьмовых абавязкаў, зафіксаваных у дакументах Каардынацыйнай Рады.

1.3.4. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны сваечасова прадастаўляць і запытваць у іншых делегатаў і структур Каардынацыйнай Рады неабходную для выконвання сваіх паўнамоцтваў інфармацыю аб усіх аспектах дзейнасці Каардынацыйнай Рады, рэлевантных для іх працы і дзеля дасягнення максімальнай аб’ектыўнасці па спорных пытаннях.

1.3.5. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны рабіць усё магчымае, каб быць даступнымі для грамадзян Беларусі, а таксама супрацоўнікаў арганізацый, якія іх дэлегавалі ў Раду, і далучаць іх да дзейнасці Каардынацыйнай Рады, прадугледжанай Статутам. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны праяўляць максімальную сумленнасць і адкрытасць у сваёй дзейнасці.

1.3.6. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады абавязаны падтрымліваць грамадскія слуханні або іншыя механізмы для атрымання аб’ектыўнай інфармацыі і ўключэння грамадзян Беларусі і супрацоўнікаў арганізацый, якія іх дэлегавалі ў Раду.

1.3.7. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады абавязаны інфармаваць і адукоўваць грамадзян Беларусі і супрацоўнікаў арганізацый, якія іх дэлегавалі ў Раду, аб дзейнасці Каардынацыйнай Рады і аб тым, як грамадзяне могуць узяць удзел у дзейнасці Каардынацыйнай Рады.

1.3.8. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны даваць поўныя і праўдзівыя адказы на абгрунтаваныя пытанні, якія задаюць ім прадстаўнікі грамадскасці і медыя, як падчас выбарных і медыйных кампаній, так і падчас выканання імі сваіх абавязкаў.

1.3.9. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны быць шчырымі і не павінны наўмысна ўводзіць у зман прэсу і медыі аб справах Каардынацыйнай Рады.

1.4. Распараджэнне рэсурсамі Каардынацыйнай Рады

1.4.1. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны ажыццяўляць распараджэнне рэсурсамі Рады адказна, празрыста і падсправаздачна.

1.4.2. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны прыкладаць неабходныя намаганні, каб пазбегнуць нямэтавага выкарыстання рэсурсаў Каардынацыйнай Рады.

1.4.3. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады абавязаны сачыць за тым, каб фінансавыя і іншыя рэсурсы (сродкі) да выканання мэт і забяспячэння дзейнасці Каардынацыйнай Рады не выкарыстоўваліся дзеля мэт асоб, якой-небудзь канкрэтнай групы, палітычнай партыі, фракцыі ці кандыдата, або для прасоўвання прыватных інтарэсаў, не з’вязаных непасрэдна з дзейнасцю Каардынацыйнай Рады.

1.5. Прадухіленне канфліктаў інтарэсаў і неналежнага ўплыву

1.5.1. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны пазбягаць канфліктаў інтарэсаў, у якіх асабістыя інтарэсы перашкаджаюць ім выконваць свае абавязкі ў Каардынацыйнай Радзе.

1.5.2. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады не павінны выкарыстоўваць свой уплыў або статус дэлегата ў асабістых мэтах.

1.5.3. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады не павінны прымаць фінансавыя ўнёскі ў сваю кампанію ці сваю фракцыю, якія могуць неналежным чынам уплываць ці ствараць уражанне неналежнага ўплыву на выкананне грамадскіх абавязкаў.

1.5.4. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады не павінны ўзаемадзейнічаць з лабістамі або групамі інтарэсаў такім чынам, каб гэта магло стварыць рэальны або меркаваны неналежны ўплыў і шкоду.

1.6. Раскрыццё дзелавых адносін і інфармацыі

1.6.1. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады павінны пазбягаць якіх-небудзь абавязацельстваў перад людзьмі або группамі асоб, якія могуць паспрабаваць неналежным чынам паўплываць на іх і іх працу ў Радзе. Яны не павінны дзейнічаць ці прымаць рашэнні для таго, каб атрымаць фінансавую ці іншую матэрыяльную выгоду для сябе, сваёй сям’і ці сваіх сяброў, калі гэта супярэчыць мэтам Каардынацыйнай рады.

1.6.2. Дэлегаты і дэлегаткі Каардынацыйнай Рады не павінны выдаваць якую-небудзь інфармацыю, якая з’яўляецца канфідэнцыйнай па сваім характары або якая прадастаўляецца канфідэнцыйна без спецыяльнага дазволу для далейшага распаўсюджвання. Такая інфармацыя ўключае давераныя дэлегату або дэлегатке асабістыя дадзеныя іншых дэлегатаў і распаўсюджваецца на ўсе яго ці яе каналы зносін: чаты месэнджараў, сацсеткі, СМІ і г.д. Гэты абавязак працягвае дзейнічаць і пасля таго, як дэлегат выйшаў са складу Каардынацыйнай Рады.

  1. Прынцыпы ўзаемадзеяння і камунікацыі ў Каардынацыйнай Радзе

2.1. Палітычная канкурэнцыя

Палітычная канкурэнцыя паміж дэлегатамі і дэлегаткамі ажыццяўляецца на здаровай і сумленнай аснове і дапамагае Каардынацыйнай Радзе выпрацоўваць найлепшыя рашэнні для яе дзейнасці, фармаваць шырокі палітычны спектр для паўнавартаснага ўключэння дэлегатаў і дэлегатак у працэсы прыняцця рашэнняў.

2.2. Канструктыўная крытыка

Узаемная канструктыўная крытыка дэлегатаў і дэлегатак з’яўляецца неад’емным элементам дэмакратычнай палітычнай культуры. Яна ажыццяўляецца з апорай выключна на рэальныя факты і накіраваная на паглыбленне ў сэнс праблемы, у тым ліку шляхам альтэрнатыўных прапановаў. Разам з тым, дэлегаты і дэлегаткі павінны пазбягаць выкарыстання прыніжальных выразаў, асабістых нападаў або любых паводзінаў, якія могуць падарваць асабістыя гонар і годнасць .

2.3. Танальнасць камунікацыі

Дэлегаты і дэлегаткі усведамляюць, што супольнасць Каардынацыйнай Рады рэагуе не толькі на змест іх заяваў, але і на іх інтанацыю. Танальнасць камунікацыі дэлегатаў і дэлегатак вытрымліваецца ў межах агульнапрынятых этычных правілаў прафесійнай камунікацыі з максімальным выкарыстаннем механізмаў самакантролю.

2.4. Дыскусія

У ходзе працы Каардынацыйнай Рады перад дэлегатамі і дэлегаткамі паўстаюць вельмі складаныя пытанні, якія немагчыма вырашыць хутка і адназначна. У сувязі з гэтым дэлегаты і дэлегаткі разглядаюць дыскусію не як прастору для канфлікту, а як месца для сумеснага пошуку аптымальных рашэнняў праз прамы і адкрыты дыялог.

2.5. Прэзумпцыя павагі

Дэлегаты і дэлегаткі у сваіх узаемадзеяннях абапіраюцца на прыярытэт узаемнай павагі. Аніводзін дэлегат або дэлегатка не можа быць ахарактарызаваны іншымі як той, хто не заслугоўвае даверу ці павагі, без дастатковага і аб’ектыўнага абгрунтавання.

2.6. Дыскрэдытацыя і самадыскрэдытацыя

Пад дыскрэдытацыяй разумеюцца наўмысныя дзеянні, накіраваныя на пагаршэнне рэпутацыі чалавека, арганізацыі ці групы людзей з дапамогай распаўсюджвання ілжывай, загадзя няправільнай ці перабольшанай інфармацыі аб іх. У выпадку спробаў дыскрэдытацыі, наўмысна прадпрынятых кімсьці адносна да дэлегатаў, апошні або апошняя мае права звярнуцца да Камісіі па этыцы Каардынацыйнай Рады, а ў адпаведных выпадках – і да праваахоўных структураў адпаведных дэмакратычных краінаў па дапамогу ў супрацьстаянні такой дыскрэдытацыі. У выпадку, калі дзеянні дэлегата або дэлегаткі прывялі да яго або яе самадыскрэдытацыі, найлепшым рашэннем будзе публічнае прызнанне ім або ёй гэтага факта.

2.7. Адкрытасць

У сваіх публікацыях у сацсетках, адносінах з медыя і шырокай грамадскасцю дэлегаты і дэлегаткі устрымліваюцца ад любой дэзінфармацыі, абразлівых заяваў, маніпулявання і імкнуцца да максімальнай адкрытасці, якая, аднак, можа абмяжоўвацца меркаваннямі этыкі і бяспекі.

2.8. Стаўленне да ананімнасці

У выпадку з’яўлення ў інфармацыйнай прасторы ананімнай інфармацыі, якая з’яўляецца адчувальнай ці стварае сітуацыю небяспекі для дэлегата або дэлегаткі, факт ананімнасці гэтай інфармацыі ўспрымаецца як інструмент правакацыі і застаецца ў такім статусе да выяўлення альтэрнатыўнай прычыны ананімнасці. У выпадку публікацыі ў медыя ці сацсетках спасылак на ананімныя крыніцы інфармацыі адказнасць за дакладнасць інфармацыі ляжыць на тым або той, хто яе апублікаваў.

2.9. Гумар, іронія, саціра і сарказм

Дэлегаты і дэлегаткі усведамляюць, што выкарыстанне гумару, іроніі, саціры і сарказму з’яўляецца неад’емнай часткай палітычнай камунікацыі, аднак мусяць разумець дапушчальны дыяпазон паміж гэтымі інструментамі і прамой абразай, парушэннямі персанальнай прасторы і ўмяшальніцтвам у прыватнае жыццё або наўмыснай дыскрэдытацыяй.

2.10. Асабістыя дадзеныя

Дэлегаты і дэлегаткі у сваёй працы з асабістымі дадзенымі людзей кіруюцца павагай да іх прыватнага жыцця і дзейнічаюць у адпаведнасці з Генеральным

рэгламентам па абароне дадзеных (General Data Protection Regulation, GDPR), які рэгулюе гэтую сферу ў Беларусі і Еўрапейскім Саюзе.

2.11. Адказнасць за неэтычныя паводзіны

Для вызначэння паводзінаў дэлегата або дэлегаткі як неэтычных дастаткова факта парушэння аднаго з пунктаў гэтага Кодэкса. Надаць галоснасць такому факту, спасылаючыся на гэты Кодэкс, можа любы дэлегат або дэлегатка, а таксама Камісія па этыцы Каардынацыйнай Рады.

Першаснай мерай адказнасці з’яўляецца агалошванне парушэння з яго адпаведнай ацэнкай у чатах Каардынацыйнай Рады, і, у асаблівых выпадках, зварот да Камісіі па этыцы з запытам у пацверджанні дадзенага факта. Каміссія па этыцы накіроўвае свае вымаганні да вызначэння аб’ектыўных дадзенных і аднаўлення даверу паміж дэлегатамі.

Да правядзення разбіральніцтва этычнай камісіі і да вынясення рашэння Агульным паседжаннем, выставленнае абвінавачанне з’яўляецца асабістай суб’ектыўнай пазіцыяй делегатаў і дэлегатак.

Справа аб асобе, якая сістэматычна парушае нормы этыкі, уключаючы нормы гэтага Этычнага Кодэкса і іншых, выносіцца на Агульнае паседжанне Каардынацыйнай Рады.

Заключныя палажэнні

Этычны Кодэкс ухвалены на агульнам сходзе Каардынацыйнай Рады 15 снежня 2023 года.

Этычны Кодэкс прызначаны забяспечыць канструктыўны характар узаемадзеяння, супрацьдзеянне правакацыям і стварэнне асновы новай палітычнай камунікацыі.

Кодэкс быў распрацаваны працоўнай групай па падрыхтоўцы Камісіяй па этыцы КР на базе асновы, прапанаванай Канферэнцыяй дэмакратычных сілаў “Новая Беларусь”, якая прайшла ў жніўні 2022 года ў Вільні.

Гэты Кодэкс можа быць дапоўнены агульным сходам Каардынацыйнай Рады і выдадзены ў абноўленай рэдакцыі.

Яшчэ навіны

Падзяліцца