Мемарандум беларускага грамадства, Каардынацыйнай Рады і дэмакратычных сіл у абарону суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Мы, прадстаўнікі беларускага народу, дэмакратычных сіл, палітычных партый, грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў і платформаў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, лідары меркаванняў і грамадскія аўтарытэты, незалежна ад нашых палітычных поглядаў па любых іншых пытаннях, адзіныя ў наступнай прынцыповай пазіцыі, якую мы выказваем ад імя ўсяго беларускага народа:

  1. Суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца найвышэйшай канстытуцыйнай дзяржаваўтваральнай каштоўнасцю беларускага народа.
  2. Любы замах на суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найцяжэйшым дзяржаўным злачынствам.
  3. Такія дзеянні будуць з’яўляцца здрадай народу нашай краіны, які шмат стагоддзяў дамагаўся сваёй незалежнай і суверэннай дзяржавы, і застануцца нязмыўнай ганьбай у гісторыі Беларусі для тых асоб, якія іх здзейсняць.
  4. Мы патрабуем ад улады адмовіцца ад любых спробаў знішчыць незалежную беларускую дзяржаву, або падпарадкаваць яе замежнай дзяржаве. Гандаль суверэнным правам беларускага народа на сваю нацыянальную дзяржаву ў міжнародна прызнаных межах – недапушчальны ні ў якім выглядзе.
  5. Беларускі народ не прызнае падпісанне міжнародных дамоў ці іншых дакументаў і заканадаўчых актаў, якія ставяць пад пагрозу незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь.
  6. Мы, як і ўвесь беларускі народ, будзем змагацца ўсімі канстытуцыйнымі метадамі супраць любой пагрозы незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны, лічачы гэта абавязкам і свяшчэнным доўгам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Рэспубліка Беларусь – гэта і Рэспубліка ўсяго беларускага народа, і гэта дзяржава кожнага беларуса. Кожнага з нас.

Мы хочам, каб мы і нашыя дзеці жылі ў незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі.

І так будзе!

Да Мемарандума могуць далучыцца арганізацыі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, аўтарытэтныя грамадзяне і кожны, хто падтрымлівае тэзісы Мемарандума.

Падпісацца ў падтрымку Мемарандума можна па спасылцы.

Спіс падпісантаў можна паглядзець тут.

Падзяліцца