Напярэдадні суда Максіма Знака, французскае выданне Le Courrier d’Europe Centrale і бельгійская газета La Libre Belgique апублікавалі інтэрв’ю з сябром прэзідыума КР. 

Прыводзім асноўныя цытаты з інтэрв’ю

– Добра, што мы (усе, хто ў такой жа сітуацыі, як і я) ніяк не прывыкнем да канца. Таму што прывыкнуць цалкам – гэта пагадзіцца з канцэпцыяй, якая навязваецца: ты ўсё гэта заслужыў, ты – злачынец, гэта нармальна, што табе нельга шмат што з таго, што можна нармальным людзям. Але не згодны, не прывыкаем. 

Я стаўлюся да сваёй «справы» з максімальнай увагай. Цягам усяго дазволенага часу – на працягу месяца – я штодня чытаў тамы справы, рабіў выпісы, складаў схемы і сістэматызаваў вывучаныя матэрыялы, яднаў выяўленыя супярэчнасці і прамыя доказы неадпаведнасці абвінавачання фактам. 

– Я не ведаю, ці ёсць на дадзены момант спосабы пачаць канструктыўнае абмеркаванне, а не яго імітацыю, прыпраўленую рэпрэсіямі. Але, разглядаючы чаінкі ў маім кругале, я думаю, што з кожным днём мы ўпэўнена ідзём прэч ад таго месца, дзе мог бы пачацца наш шлях да нармальнасці. 

Выкарыстоўваючы метафару, можна спытаць сябе: ці варта шкадаваць, калі ты спусціўся ў склеп і ўбачыў, што пачынаецца пажар? Ці лепш было не адкрываць гэтых дзвярэй і жыць у спакойнай недасведчанасці? Не лепш, вядома. Не шкадую.

Яшчэ навіны

Падзяліцца