2 кастрычніка 2020 на адкрыцці чарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь было абвешчана пра неабходнасць змены Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Праз пяць дзён Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь абвясціла пра збор прапаноў па ўнясенні змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, які падоўжыцца да 25 кастрычніка 2020.

Стварэннем ілюзіі канстытуцыйнай рэформы дзейная ўлада спрабуе падмяніць парадак выйсця з палітычнага крызісу і выйграць час, адцягнуць увагу беларусаў ад фальсіфікацыі выбараў і наступнага беспрэцэдэнтнага гвалту.

Каардынацыйная Рада ўпэўненая: абвешчаныя ініцыятывы ўнясення зменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца заўчаснымі і не спрыяюць вырашэнню палітычнага крызісу ў краіне; рэформа канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь магчыма толькі пасля аднаўлення законнасці і вяртання даверу народа дзяржаўнай уладзе; правядзенне рэферэндуму пад кантролем прэзідэнта, чыя легітымнасць не прызнаецца большасцю краін свету і падлік галасоў на ім выбарчымі камісіямі, якія дыскрэдытавалі сябе,  – робіць любыя ягоныя вынікі нелегітымнымі.

Адзіным спосабам выйсця з крызісу з’яўляецца пачатак перамоў пра выкананне патрабаванняў беларускага грамадства:

  1. Спыненне палітычнага пераследу грамадзянаў Рэспублікі Беларусь з боку ўлад, узбуджэнне крымінальных спраў, прыцягненне вінаватых да адказнасці;
  2. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, скасаванне незаконных судовых пастаноў, выплата кампенсацый усім пацярпелым;
  3. Прызнанне выбараў 9 жніўня 2020 года несапраўднымі; правядзенне новых выбараў па міжнародных стандартах з новым складам усіх выбарчых камісій усіх узроўняў, уключаючы Цэнтральную выбарчую камісію.

Выкананне дадзеных патрабаванняў магчыма пры выкананні нормаў дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Каардынацыйная Рада лічыць, што любыя змены Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь павінны гарантаваць выкананне базавых прынцыпаў:

  • змяняльнасць улады, уключаючы абмежаванне на знаходжанне прэзідэнта ва ўладзе цягам не больш за два тэрміны;
  • падзел заканадаўчай, выканаўчай і судовай галін улады;
  • правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў;
  • недатыкальнасць незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь.

Каардынацыйная Рада заклікае ўсіх беларусаў адкрыта выказаць сваю думку пра змену Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе своечасовасці!

Яшчэ навіны

Падзяліцца