«Раней Віктар заўсёды расказваў дзецям казкі, якія сам прыдумляў находу. Для іх гэта была такая гульня перад сном. Дык вось, калі яго пасадзілі, самае складанае для мяне было – гэта расказваць дзецям казкі». 

Незалежны назіральнік на выбарах на пляцоўцы ў Хацежына, сябра Пашыранага складу КР Віктар Лосік знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за 10 месяцаў. У Віктара двое маленькіх сыноў, якія раней не засыналі без татавых казак. Жонка Віктара расказала, як цяпер сям’я спраўляецца з расстаннем:

 – Мы з мужам дамовіліся, што зараз ён будзе дасылаць нам казкі ў лістах. Цікава, што ўсе гэтыя гісторыі заснаваны на ідэях нашых дзяцей. Мы апісвалі ў лістах Віктару фантазіі дзяцей, а ён ужо пісаў казку – пра добрага зомбі, пра ажыўшую муху, пра ваверчаня, зачараванае ў хлопчыка, пра добрую сям’ю

Казкі звычайна суправаджаюць ілюстрацыі, якія малюе сукамернік Віктара мастак Іван Міхейкін. 

Жонка Віктара расказвае, што яе муж у калоніі выконвае дапаможныя працы на дрэваапрацоўцы. Віктар папрасіў, каб яго запісалі на курсы падвышэння кваліфікацыі, аднак яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што ў яго ёсць вышэйшая адукацыя.

За 10 месяцаў Віктару дазволілі 6 званкоў родным і адно кароткае спатканне з жонкай. А вось лісты даходзяць дрэнна. 

 – Галоўным чынам даходзяць лісты ад блізкіх сваякоў, – расказвае жонка Віктара. – Я думаю, што гэта робіцца для таго, каб палітзняволеныя падумалі, што пра іх забыліся

У адным з гутарак Віктар расказаў, што будзе рады, калі яго казкі будуць недзе апублікаваныя ці перакладзеныя на замежныя мовы. Калі вы хаціце дапамагчы рэалізаваць гэту ідэю, то напішыце нам у бот зваротнай сувязі @FeedbackDvizhBot.

Яшчэ навіны

Падзяліцца