Заява КР з нагоды Дня Волі і 105 гадавіны БНР – 25 сакавіка 2023 года.

105 гадоў таму 25 сакавіка 1918 года ў Мінску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла 3-ю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларусі.

Сёння мы адзначаем чарговы Дзень Волі Беларусі напамінам пра тое, як цяжка здабываецца свабода і незалежнасць дзяржавы, і як лёгка яе можна страціць. Дагэтуль 25 сакавіка не з’яўляецца дзяржаўным святам, таму што барацьба за незалежную Беларусь трывае.

За свой кароткі тэрмін існавання БНР не змагла стаць сапраўднай дзяржавай, але паспела стварыць інстытут грамадзянства, дзяржаўны друк і сімволіку, сістэму адукацыі і паштовыя маркі, рабіліся спробы стварэння ўзброеных сіл. Так, БНР не валодала ні суверэнітэтам над тэрыторыяй акупаванай на той час немцамі, ні канстытуцыяй, ні сілавым апаратам, ні манаполіяй на збор падаткаў. Галоўным капіталам той маладой краіны былі людзі і грамадскія каштоўнасці, якія яны абаранялі.

Сёння мы не святкуем, а адзначаем чарговую гадавіну мужнасці і вернасці беларусаў каштоўнасцям свабоды. У гэты дзень мы з павагай узгадваем падзеі, а таксама імёны беларускіх патрыётаў, якія штогод 25 сакавіка збіраліся, каб нагадаць дыктатарскаму рэжыму пра сваю няспынную барацьбу з ім.

Іх арыштоўвалі, катавалі, садзілі за краты, выкідалі з краіны, забівалі. Былі часы, калі здавалася, што іх барацьба марная, грамадства іх не заўважае ці не ўспрымае сур’ёзна. Але 2020 год паказаў, што ўсё было не дарма!

Таму сёння, перш за ўсё, мы хочам выказаць шчырую падзяку і пашану ўсім беларусам, намаганнямі якіх, Дзень Волі застаўся сімвалам нязломнасці і прагі да свабоды. Гэта падзяка тым, хто ва ўсе часы захоўваў і перадаваў памяць і гістарычную праўду нашчадкам. Дзякуючы вам выраслі некалькі пакаленняў годных беларусаў, якія ў 2020 узнялі бел-чырвона-белыя сцягі і выйшлі шчыльнымі радамі. Тое, што здавалася немагчымым, адбылося.

Таксама ў гэты дзень мы віншуем чальцоў і сяброў Рады БНР з 105-годдзем руху. І выказваем шчырую падзяку ўсім беларусам, якія дагэтуль змагаюцца за свабоду Беларусі ад імперскага гнёту Расіі і дыктатуры Лукашэнкі.

Разам мы працягваем здабываць волю і незалежнасць для Беларусі. І галоўнае для нас зараз – не расчаравацца, не здацца і захаваць адзінства. Мы выстаім, як тыя, хто змагаліся да нас. Як тыя, каго зараз катуе рэжым. Няма старой і новай апазіцыі. Ёсць беларусы, якім баліць за радзіму.

Пакуль Дзень Волі не стане афіцыйным дзяржаўным святам, а незалежнасць і дэмакратычны шлях – грунтоўнымі каштоўнасцямі і кірункамі беларускага грамадства, мы не супакоімся. І нашчадкам пакінем запавет быць пільнымі і памятаць, як цяжка здабываецца свабода і як лёгка яе можна страціць.