Зварот Каардынацыйнай Рады да беларусаў, беларусак і міжнароднай супольнасці ў сувязі з новай ініцыятывай Генеральнай пракуратуры, якая парушае правы ўразлівых групаў насельніцтва Беларусі

У чэрвені 2023 Генеральная пракуратура  Беларусі, якая працуе на нелігітымны рэжым, выступіла з ініцыятывай прыняць комплекс мераў, якія нібыта накіраваны на «абарону дзяцей ад сексуальнага гвалту і эксплуатацыі»:

“Главой государства поддержаны инициативы Генпрокуратуры о проработке вопросов, касающихся усиления ответственности родителей; установления административной ответственности за пропаганду нетрадиционных сексуальных отношений, смены пола, педофилии и чайлдфри; внедрения в образовательный процесс обязательного курса на тему полового воспитания детей и молодежи; усиления контроля за ранее судимыми лицами, в т.ч. с использованием электронных браслетов”.

 Сыходзячы з заявы праваабарончых арганізацый, якія канстатуюць, што ініцыятыва Генеральнай пракуратуры Беларусі “з’яўляецца неабгрунтаваным умяшальніцтвам дзяржавы ў асабістае жыццё грамадзян і грамадзянак i супярэчыць міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека, уключаючы сексуальныя і рэпрадуктыўныя правы, а таксама выклікае пагрозу для розных уразлівых групаў (уключна, але не абмежавана – для ЛГБТК+ супольнасці, падлеткаў, жанчын).”

Беларускія праваабарончыя арганізацыі, такія як “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, “Вясна”, “Respect – Protect – Fulfill”, “Human Constanta”, “Прававая ініцыятыва”, “Lawtrend”,  прыводзяць доказы, што ініцыятыва супярэчыць шэрагу асноўных правоў чалавека, такім як права не падпадаць пад адвольнае ці незаконнае ўмяшанне ў асабістае і сямейнае жыццё, права на свабоднае выказванне асабістага меркавання, права на абарону ад дыскрымінацыі.

За апошнi месяц шматлікія гарады сталі сведкамі мірных акцый у падтрымку ЛГБТК+ супольнасці. У Варшаве і Вільні беларусы аб’ядналіся ў найбуйнейшыя дыяспаральныя калоны. На жаль, у Беларусі ЛГБТК+ людзі рэгулярна падвяргаюцца пераследу і катаванням. 

Грамадзяне і грамадзянкі Беларусі не могуць чакаць абароны правоў чалавека з боку дзяржавы. Таму мы заклікаем міжнародную супольнасць успрыняць гэтыя праблемы сур’ёзна і прыняць неабходныя меры для гарантавання бяспекі і абароны ЛГБТК+ супольнасці Беларусі, заклікаем у межах сваёй унутранай палітыкі не ўчыняць дадатковых перашкод для тых, хто збягае ад гвалту і пераследаў, а наадварот падтрымліваць і абараняць беларусаў і беларусак з большай уразлівасцю.

Мы заклікаем грамадзян і грамадзянак Беларусі да талерантнасці, павагі і падтрымкі розных сацыяльных груп, якія складаюць наша грамадства. Гвалт, прыніжэнне і пераслед павінны быць асуджаныя і спыненыя ў любой форме, а сённяшняя палітыка, заснаваная на нянавісці і дыскрымінацыі, несумяшчальная з прынцыпамі гуманізму і салідарнасці. Гэта з’яўляецца важным крокам да нашай агульнай мэты – пабудовы інклюзіўнага і дэмакратычнага грамадства.

Падзяліцца