Палажэнне аб рэйтынгавым галасаванні ў КР
Палажэнне аб рэйтынгавым галасаванні ў Каардынацыйнай Радзе Беларусі
Раздзел 1. Агульныя палажэнні
1.1. Дадзенае Палажэнне вызначае парадак правядзення выбараў у Каардынацыйнай Радзе па сістэме рэйтынгавага галасавання.
1.2. Згодна з пунктам 4.1.9 Статута Каардынацыйнай Рады (далей — Статут), усе, акрамя Спікера, Віцэ-спікера, Сакратара і кіраўнікоў камісій Каардынацыйнай Рады, абіраюцца па сістэме рэйтынгавага галасавання.
Раздзел 2. Метад галасавання
2.1. Рэйтынгавае галасаванне ў Каардынацыйнай Радзе адбываецца па метадзе Борда. Галасаванне па метадзе Борда прадугледжвае ранжыраванне ўсіх прапанаваных кандыдатаў у парадку перавагі ад першага да апошняга.
2.2. Выбаршчыкі прысвойваюць кожнаму кандыдату ранг, які адлюстроўвае іх перавагу:
Першаму месцу прысвойваецца N-1 балаў,
Другому — N-2,
Апошняму — 0 балаў,дзе N — агульная колькасць кандыдатаў.
2.3. Пераможцамі становяцца кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасць балаў па выніках сумавання рэйтынгаў усіх выбаршчыкаў.
Раздзел 3. Працэдура галасавання
3.1. Ранжыраванне кандыдатаў:Выбаршчыкі ў бюлетэні пазначаюць усіх кандыдатаў у парадку пераваг (ад 1 да N, дзе 1 — найвышэйшая перавага). Кожны выбаршчык абавязаны ранжыраваць усіх кандыдатаў. Калі бюлетэнь не ўтрымлівае ранжыравання ўсіх прапанаваных кандыдатаў у парадку, прадугледжаным пунктам 2.2 Палажэння, такі бюлетэнь лічыцца несапраўдным і не ўлічваецца пры падліку галасоў. Несапраўдныя галасы ўлічваюцца пры вызначэнні кворуму.
3.2. Падлік балаў:Для кожнага кандыдата падлічваецца агульная колькасць балаў шляхам сумавання балаў, прысвоеных яму ўсімі выбаршчыкамі.
3.3. Вызначэнне пераможцаў:Кандыдаты з найбольшай колькасцю балаў займаюць месцы ў адпаведнасці з колькасцю пасад, якія абіраюцца.У выпадку роўнасці балаў паміж кандыдатамі на апошнім праходным месцы праводзіцца дадатковае галасаванне паміж двума кандыдатамі, якія набралі роўную колькасць балаў. Пераможцам становіцца той, хто набярэ большую колькасць галасоў.
Раздзел 4. Працэдура галасавання
4.1. Галасаванне адбываецца ў адкрытым фармаце і праводзіцца цягам 24 гадзін. У выключных выпадках, па прапанове Нарады фракцый, тэрмін галасавання можа быць скарочаны.
4.2. Вынікі галасавання агучваюцца Спікерам неадкладна пасля завяршэння падліку і публікуюцца Сакратарыятам не пазней за 24 гадзіны пасля завяршэння галасавання.
Раздзел 5. Заключныя палажэнні
5.1. Палажэнне ўступае ў сілу з моманту яго зацвярджэння Агульным сходам Каардынацыйнай Рады.
5.2. Змены і дапаўненні ў Палажэнне могуць уносіцца толькі ў парадку, вызначаным Статутам.