Палажэнне аб выбарах у Каардынацыйную Раду

ПАЛАЖЭННЕ АБ ВЫБАРАХ У КААРДЫНАЦЫЙНУЮ РАДУ

Канстатуючы глыбокі палітычны крызіс ў Рэспубліцы Беларусь, дзе неканстытуцыйным шляхам ўтрымліваецца дзяржаўная ўлада і ў прадстаўнічых органаў адсутнічае легітымнасць;

Адмаўляючы бяспраўныя аўтарытарныя формы кіравання як несумяшчальныя з годнасцю чалавека і непрымальныя беларускаму грамадству;

Падкрэсліваючы, што неад’емнай часткай еўрапейскай супольнасці з’яўляецца беларускі народ, які развіваўся ў традыцыях прадстаўнічай дэмакратыі, закладзеных яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага;

З гонарам адзначаючы, што нягледзячы на шырокамаштабныя рэпрэсіі, ціск і пагрозы, беларускае грамадства стварыла ўласныя палітычныя інстытуты, заснаваныя на дэмакратычных каштоўнасцях, якія працуюць у змушанай эміграцыі, ў тым ліку Каардынацыйную раду;

Прызнаючы неабходнасць пацвярджэння легітымнасці Каардынацыйнай рады праз дэмакратычную электаральную працэдуру;

Кіруючыся міжнароднымі стандартамі правядзення свабодных, канкурэнтных і празрыстых выбараў — Каардынацыйная рада прымае дадзенае Палажэнне дзеля устанаўлення парадку арганізацыі і правядзення выбараў у склад Каардынацыйнай рады чарговых скліканняў.

Агульныя палажэнні

Дадзенае Палажэнне вызначае парадак арганізацыі выбараў у Каардынацыйную раду Беларусі (далей — КР), уключаючы пытанні парадку галасавання выбаршчыкаў, вылучэння спісаў кандыдатаў выбарчых суб’ектаў, правядзення агітацыі, фармавання Выбарчай камісіі (тут і далей — Камісія) і разгляду выбарчых спрэчак.

Дадзенае Палажэнне прынята ў адпаведнасці з правам кожнага беларускага грамадзяніна без усялякай дыскрымінацыі прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў праз свабодна абраных прадстаўнікоў, галасаваць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія праводзяцца на аснове ўсеагульнага роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні і забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў.

Выбаршчыкі

Права галасаваць на выбарах у КР маюць грамадзяне і грамадзянкі Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў на дзень пачатку галасавання.

Удзел у галасаванні прадугледжвае праходжанне працэдуры верыфікацыі асобы.

Выбарчыя суб’екты

Удзельнікамі выбараў з’яўляюцца выбарчыя суб’екты. Выбарчым суб’ектам могуць быць палітычныя партыі, устаноўчыя камітэты партый, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, фракцыі КР дзейнага склікання, іх кааліцыі, ці групы грамадзян, якія аб’ядналіся для ўдзелу ў выбарах, якія адпавядаюць патрабаванням гэтага Палажэння.

Камісія рэгіструе ўсе выбарчыя суб’екты, якія адпавядаюць наступным патрабаванням:

маюць сваю назву;

маюць сваю палітычную праграму на перыяд не меншы за тэрмін паўнамоцтваў новага склікання КР і дэкларуюць каштоўнасці (прынцыпы ці ідэалогію), на аснове якіх сфармаваны выбарчы суб’ект;

падаюць спіс з не менш як 10 кандыдатаў у дэлегаты КР, якія выказалі згоду на ўдзел у выбарах у КР;

забяспечваюць гендарную квоту ў сваіх спісах на ўзроўні не менш 40% асобаў менш прадстаўленага полу ад агульнай колькасці чальцоў спіса, прычым у кожнай пяцёрцы кандыдатаў павінна быць не менш за дзве асобы менш прадстаўленага полу, з магчымасцю зніжэння квоты да 20% (у кожнай пяцёрцы кандыдатаў павінна быць не менш за адну асобу менш прадстаўленага полу) рашэннем Камісіі для тых выбарчых суб’ектаў, якія аргументавана не могуць выканаць квоту ў 40% (арганізацыі ў сферы бяспекі, ветэранскія арганізацыі беларускіх добраахвотнікаў і іншыя падобныя арганізацыі);

прадстаўляе пісьмовую згоду ўсіх кандыдатаў спіса з палажэннямі Мемарандума аб прынцыпах і правілах удзелу ў выбарчай кампаніі.

Выбарчая камісія, склад і паўнамоцтвы

Выбарчая камісія фармуецца для правядзення выбараў у КР.

У склад Камісіі ўваходзяць асобы, якія маюць беларускае грамадзянства і здольныя забяспечыць незалежнае, бесстаронняе і добрасумленнае выкананне паўнамоцтваў чальцоў Камісіі; як правіла, пры фармаванні складу Камісіі ўлічваецца наяўнасць неабходных ведаў і досвед у галіне выбарчай працэдуры і правоў чалавека. Чальцамі Камісіі не могуць быць дзейныя дэлегаты Каардынацыйнай рады, супрацоўнікі сакратарыята КР, а таксама прадстаўнікі і супрацоўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і Офіса Святланы Ціханоўскай.Сябры Камісіі не могуць быць кандыдатамі на выбарах у Каардынацыйную раду.

Колькасны склад Камісіі налічвае ад 5 да 9 асобаў і вызначаецца Нарадай Фракцый да правядзення галасавання па кандыдатурах; кандыдатуры чальцоў Камісіі могуць быць вылучаны фракцыямі Каардынацыйнай рады, Нацыянальнай лідаркай і кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, Аб’яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі, палітычнымі партыямі і іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў колькасці не больш за 2 асобы ад адной фракцыі, структуры або арганізацыі.

Для вылучэння кандыдатуры ў склад Камісіі суб’екты, пералічаныя ў пп. 4.3 п. 4 Палажэння, накіроўваюць на адрас Каардынацыйнай рады адпаведную заяву з кароткім рэзюмэ кандыдата, пацвярджэннем наяўнасці беларускага грамадзянства і згодай кандыдата на ўдзел у Выбарчай камісіі і перадачу яго персанальных дадзеных Каардынацыйнай радзе. Сакратарыят Каардынацыйнай рады цягам 3 дзён правярае наяўнасць пералічаных у дадзеным падпункце дакументаў і інфармуе заяўніка аб прыняцці заявы або аб неабходнасці выправіць хібы. Поўны спіс кандыдатаў з біяграфічнымі звесткамі павінен быць даведзены да дэлегатаў Каардынацыйнай рады не пазней за 3 дні да галасавання па кандыдатурах.

Галасаванне па кандыдатурах у чальцы Камісіі праводзіцца ў адпаведнасці са Статутам КР. У выпадку сітуацыі, калі некалькі кандыдатаў атрымалі роўную колькасць галасоў і гэта не дазваляе сфармаваць Камісію ў вызначаным колькасным складзе, па гэтых кандыдатах праводзіцца асобны тур галасавання. Па выніках галасавання рашэннем Каардынацыйнай рады зацявярджаецца склад Камісіі.

Чальцы Камісіі са свайго ліку выбіраюць яе Старшыню таемным галасаваннем простай большасцю галасоў.

Прынцыпы работы Выбарчай камісіі: Чальцы Камісіі дзейнічаюць публічна ў індывідуальнай якасці і незалежны ў сваіх рашэннях ад структур, якія вылучылі іх у склад Камісіі.

Незалежнасць. Камісія з’яўляецца калегіяльным органам, які дзейнічае незалежна ад структур дэмакратычных сіл: Нацыянальнай лідэркі і кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, яе Офіса, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, КР.

Бесстароннасць. Камісія пры прыняцці сваіх рашэнняў кіруецца гэтым Палажэннем і агульнапрызнанымі прынцыпамі правоў чалавека і стандартамі дэмакратычных выбараў.

Прафесіяналізм. У склад Камісіі, як правіла, вылучаюцца спецыялісты па выбарах, правах чалавека, а таксама юрысты.

Празрыстасць.

Камісія вядзе дакументаванне сваёй дзейнасці.

Пратаколы пасяджэнняў Камісіі маюць публічны характар ​​і размяшчаюцца ў сетцы Інтэрнэт.

Камісія можа разгледзець пытанне аб трансляцыі яе пасяджэнняў у прамым эфіры, што не выключае магчымасці правядзення закрытых кансультацый членаў Камісіі.

У працы Камісіі могуць удзельнічаць міжнародныя і нацыянальныя назіральнікі без права голасу. Парадак удзелу назіральнікаў вызначаецца рашэннем Камісіі.

Камісія павінна быць сфармавана не пазней як за 90 дзён да пачатку галасавання.

У сферу кампетэнцыі Камісіі ўваходзіць:

вызначэнне формы і сродкаў правядзення галасавання;

рэгістрацыя выбарчых суб’ектаў;

адмена рэгістрацыі выбарчых суб’ектаў у выпадку, прадугледжаных дадзеным Палажэннем;

распрацоўка ўласных правіл і працэдур, а таксама ўзораў выбарчых матэрыялаў;

прыняцце і разгляд заяў і скаргаў ад выбарчых суб’ектаў і грамадзян Беларусі, у тым ліку скаргаў на адмову ў рэгістрацыі выбарчых суб’ектаў, і таксама заяў адносна адмены выбараў;

падлік галасоў і падвядзенне папярэдніх і канчатковых вынікаў выбараў, і іх публічнае абвяшчэнне;

адмена вынікаў выбараў;

іншыя пытанні арганізацыі выбараў.

Рашэнні Камісіі абавязковыя для выканання ўсімі ўдзельнікамі выбарчага працэсу.

Для прыняцця рашэнняў Камісіі неабходны ўдзел у яе пасяджэнні не менш як ⅔ ад колькасці членаў Камісіі.

Камісія прымае рашэнні простай большасцю галасоў ад прысутных. Пры роўнасці галасоў прымаецца рашэнне, за якое пададзены голас старшыні пасяджэння.

Пасяджэнне Камісіі можа быць склікана яе Старшынёй або па патрабаванні не менш як 3 членаў Камісіі. Перыядычнасць пасяджэнняў Камісіі вызначаецца самой Камісіяй у прынятых ёю правілах і працэдурах.

Камісія паведамляе зарэгістраваным выбарчым суб’ектам аб сваіх пасяджэннях неадкладна пасля прыняцця рашэння аб іх правядзенні. Кожны зарэгістраваны выбарчы суб’ект можа накіроўваць свайго прадстаўніка на пасяджэнні Камісіі. Прадстаўнікі выбарчых суб’ектаў маюць права выказваць свае заўвагі і вылучаць прапановы ў ходзе пасяджэнняў Камісіі ва ўстаноўленым Камісіяй парадку. Прадстаўнікі выбарчых суб’ектаў не маюць права голаса пры прыняцці рашэнняў Камісіяй.

Пры Камісіі фармуецца Сакратарыят Выбарчай камісіі, які ажыццяўляе арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне працы Камісіі і падсправаздачны Камісіі. Супрацоўнікі Сакратарыята Выбарчай камісіі не могуць быць кандыдатамі на выбарах у КР.

Камісія можа прыцягваць да сваёй дзейнасці экспертаў і тэхнічных спецыялістаў.

Патрабаванні да кандыдатаў у дэлегаты Каардынацыйнай рады

Кандыдатамі ў дэлегаты КР могуць быць грамадзяне і грамадзянкі Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў на дзень пачатку рэгістрацыі выбарчых суб’ектаў (спісы кандыдатаў суправаджаюцца копіямі іх дакументаў, якія пацвярджаюць асобу, а таксама дакументаў, якія пацвярджаюць іх згоду на ўдзел у выбарах КР па дадзенаму спісу).

Кожны кандыдат можа быць уключаны толькі ў адзін спіс.

Рэгістрацыя выбарчых суб’ектаў

Для рэгістрацыі выбарчага суб’екта ў Камісію падаюцца наступныя звесткі:

назва выбарчага суб’екта;

палітычная праграма выбарчага суб’екта;

спіс кандыдатаў, расстаўлены ў парадку прыярытэту атрымання мандата;

па неабходнасці, звесткі аб тым, якія структуры і арганізацыі ўдзельнічаюць у фармаванні выбарчага суб’екта, з адпаведнымі выпіскамі з рашэнняў іх кіруючых органаў;

імя і кантактныя дадзеныя прадстаўніка выбарчага суб’екта, які будзе мець права на яго прадстаўленне ва ўзаемаадносінах з Камісіяй, а таксама кантактныя дадзеныя выбарчага суб’екта ў выпадку, калі спіс кандыдатаў фармуецца палітычнай партыяй, устаноўчым камітэтам палітычнай партыі, арганізацыяй грамадзянскай супольнасці ці фракцыяй КР;

кантактная інфармацыя кандыдатаў, якая дапаможа Камісіі правесці выбарачную (ці поўную) верыфікацыю сапраўднасці пададзеных дакументаў;

згоду выбарчага суб’екта і кандыдатаў спісу выбарчага суб’екта з палажэннямі Мемарандума аб прынцыпах і правілах удзелу ў выбарчай кампаніі (Дадатак 1).

Дакументы падаюцца ў Камісію не пазней 40 дзён да дня пачатку галасавання.

У выпадку выяўлення недахопаў у пададзеных дакументах Камісія звяртаецца да заяўніка з просьбай аб дапаўненні дакументаў або выпраўленні хібаў у тэрмін, які не перавышае 2 дзён.

Па выніках разгляду дакументаў Камісія на працягу 3 дзён з моманту падачы дакументаў ці моманту дапаўнення дакументаў прымае рашэнне аб рэгістрацыі выбарчага суб’екта і спісу кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах або аб адмове ў рэгістрацыі.

Адмова ў рэгістрацыі можа быць абскарджана на працягу 2 дзён з дня вынясення такога рашэння.

Камісія выносіць канчатковае рашэнне па спрэчках аб рэгістрацыі выбарчых суб’ектаў не пазней як за 30 дзён да дня пачатку галасавання.

Пасля прыняцця рашэння па ўсіх выбарчых суб’ектах Камісія праводзіць лёсаванне для вызначэння нумароў спісаў кандыдатаў выбарчых суб’ектаў для выкарыстання ў выбарчым працэсе.

Адмена рэгістрацыі выбарчага суб’екта

Калі пасля завяршэння рэгістрацыі з спіса выбарчага суб’екта выбывае кандыдат, выбарчы суб’ект павінен паведаміць аб гэтым у Камісію цягам 1 дня. Кандыдат мае права сам звярнуцца ў Камісію аб выключэнні яго са спіса.

У выпадку, калі ў выніку выбыцця кандыдатаў са спіса выбарчага суб’екта колькасць асобаў у ім становіцца меншай за 10 або спіс перастае адпавядаць іншым патрабаванням дадзенага Палажэння, рашэнне аб рэгістрацыі выбарчага суб’екта адмяняецца. Выбарчы суб’ект мае права звярнуцца ў Камісію з заявай аб уключэнні кандыдатаў у спіс замест тых, якія з яго выбылі, не пазней чым у тэрмін 2 дзён з моманту выбыцця адпаведных кандыдатаў. Колькасць кандыдатаў, уключаных у спіс замест тых, хто выбылі, не можа перавышаць 1/3 ад колькасці зарэгістраваных кандыдатаў выбарчага суб’екта. Уключэнне кандыдатаў у спіс дапускаецца не пазней чым за 5 дзён да дня галасавання пры выкананні патрабаванняў, прадугледжаных пп. 3.2 п. 3, п. 5 і пп. 6.1 п.6 Палажэння.

Адмена рэгістрацыі выбарчага суб’екта не ўплывае на нумарацыю спісаў выбарчых суб’ектаў.

Па меры тэхнічнай магчымасці, спіс кандыдатаў выбарчага суб’екта, рэгістрацыя якога была адменена, выдаляецца з выбарчага бюлетэня. Калі няма тэхнічнай магчымасці выдаліць спіс кандыдатаў выбарчага суб’екта, рэгістрацыя якога была адменена з выбарчага бюлетэня, галасы, пададзеныя за гэты спіс кандыдатаў, лічацца несапраўднымі.

Выбарчая кампанія

Грамадзяне Беларусі могуць свабодна агітаваць за ці супраць выбарчых суб’ектаў, спісаў кандыдатаў, асобных кандыдатаў у дэлегаты КР, а таксама за альбо супраць правядзення выбараў у КР.

Выбарчыя суб’екты і кандыдаты вольныя ў выбары сродкаў і метадаў вядзення выбарчай кампаніі з улікам агульнапрызнаных прынцыпаў правоў чалавека і стандартаў дэмакратычных выбараў.

Спісы кандыдатаў і выбарчыя праграмы выбарчых суб’ектаў публікуюцца на сайце КР не пазней як за 30 дзён да дня пачатку галасавання.

Па прапанове выбарчага суб’екта КР дае магчымасць апублікаваць на сайце КР дадзеныя аб кандыдатах.

Галасаванне

Кожны выбаршчык мае адзін голас для выбару аднаго са спісаў выбарчых суб’ектаў.

Галасаванне праводзіцца на працягу тыдня з 00:00 першага дня галасавання да 24:00 апошняга дня галасавання па Мінскім часе.

Галасаванне адбываецца праз лічбавую платформу. Выбаршчык праходзіць верыфікацыю на лічбавай платформе, пасля чаго яму надаецца доступ да галасавання.

У надзвычайных сітуацыях, якія негатыўна ўплываюць на правядзеньне галасаваньня, для рэалізыціі грамадзянамі свайго выбарчага права Каардынацыйная Рада можа перанесьці першыя й апошнія дні галасаваньня.

Пры пераносе да 7 дзён уключна ад першапачатковага дня пачатку альбо канца дня галасаваньня рашэньне аб пераносе прымае Нарада фракцыяў.

Пры пераносе на 8 дзён і больш ад першапачатковага дня пачатку альбо канца дня галасаваньня рашэньне аб пераносе прымае Агульнае паседжаньне.

Падвядзенне вынікаў

Камісія падводзіць вынікі галасавання неадкладна пасля завяршэння галасавання.

У размеркаванні мандатаў удзельнічаюць выбарчыя суб’екты, для якіх сума галасоў, пададзеных за спіс у цэлым, перавышае 3 працэнты ад колькасці сапраўдных галасоў, пададзеных на выбарах КР.

Па выніках выбараў фармуецца КР ў складзе 80 дэлегатаў.

Колькасць мандатаў для выбарчага суб’екта, які мае права ўдзельнічаць у іх размеркаванні, вызначаецца па метадзе найбольшага астатку Хэра-Німейера (Дадатак 2).

Выбарчы суб’ект не можа атрымаць больш месцаў, чым колькасць кандыдатаў у ягоным спісе. Незапатрабаваныя мандаты размяркоўваюцца прапарцыйна сярод іншых выбарчых суб’ектаў, якія маюць права ўдзельнічаць у размеркаванні мандатаў, па меры змяншэння колькасці астаткаў (з прымяненнем сістэмы Хэра-Німейера).

Мандаты сярод кандыдатаў у спісе выбарчага суб’екта размяркоўваюцца ў адпаведнасці з размяшчэннем кандыдата ў спісе.

Камісія аб’яўляе папярэднія вынікі неадкладна пасля завяршэння размеркавання мандатаў, але не пазней за наступны дзень пасля завяршэння галасавання.

Абскарджанне вынікаў галасавання

Зарэгістраваны выбарчы суб’ект можа падаць у Камісію заяву аб адмене вынікаў галасавання на выбарах у КР на працягу 2 дзён пасля іх абвяшчэння.

Камісія на працягу 3 дзён пасля атрымання такой заявы прымае рашэнне наконт задавальнення або незадавальнення патрабавання аб адмене вынікаў галасавання на выбарах у КР.

Зацвярджэнне вынікаў

Камісія зацвярджае канчатковыя вынікі выбараў у КР і спіс абраных дэлегатаў КР пасля разгляду ўсіх заяў па абскарджанні вынікаў галасавання.

Заключныя палажэньне

Пункты 9.4, 9.4.1, 9.4.2 даданы Камісіяй па пытаньнях Статута й іншых унутраных дакумэнтаў на падставе Рашэньня Каардынацыйнай Рады ад 14/05/2026.

Дадатак 1:Мемарандум аб прынцыпах і правілах удзелу ў выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду Беларусі

Мы, грамадзяне Беларусі,

_______________________________________

_______________________________________

(Імя і прозвішча, арганізацыя ці ініцыятыва)

прытрымліваемся наступных прынцыпаў у правядзенні выбарчай кампаніі:

● абароны дэмакратыі і правоў чалавека,

● служэння інтарэсам беларускага грамадства,

● плюралізму і разнастайнасці меркаванняў;

● канструктыўнага дыялогу, празрыстасці і адказнасці ў выкананні сваіх грамадзянскіх абавязкаў;

выказваем сваю згоду з наступнымі сцвярджэннямі:

выбары прэзідэнта Беларусі 2020 года былі сфальсіфікаваныя;

Расея вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны;

рэжым Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі Расеі супраць Украіны;

заяўляем аб згодзе з правіламі правядзення выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду Беларусі і прымаем абавязкі выконваць гэтыя правілы, у прыватнасці:

выконваць правілы “Палажэння аб выбарах у Каардынацыйную раду Беларусі” і рашэнні выбарчай камісіі.

прадставіць у выбарчую камісію ўсю неабходную інфармацыю для працэдуры верыфікацыі і рэгістрацыі выбарчага суб’екта да ўдзелу ў выбарах;

выконваць этычныя і камунікатыўныя нормы і правілы падчас правядзення агітацыі і публічных выступаў, у тым ліку правілы Этычнага Кодэкса Каардынацыйная рады;

выконваць усе неабходныя меры бяспекі і абароны інтарэсаў удзельнікаў кампаніі і грамадзян Беларусі;

паважаць свабодны выбар і волевыяўленне грамадзян Беларусі.

Дадатак 2:Метад Хэра-Німейера

Метад Хэра-Німейера, (вядомы таксама як метад Гамільтона ці метад найбольшага астатку) выкарыстоўваецца для вызначэння колькасці мандатаў, атрыманых спісам кандыдатаў пры прапарцыйнай выбарчай сістэме. Метад названы па прозвішчу брытанскага юрыста Томаса Хэра і германскага матэматыка Хорста Фрыдрыха Німейера.

Дадзены метад прадугледжвае наступны парадак размеркавання мандатаў:

● Агульная колькасць галасоў выбаршчыкаў дзеліцца на агульную колькасць мандатаў. Атрыманая велічыня называецца квотай Хэра.

● Колькасць галасоў, атрыманых кожным спісам кандыдатаў, дзеліцца на квоту Хэра.

● Цэлая частка (да коскі) атрыманай лічбы вызначае колькасць мандатаў для кожнага спіса. Як правіла, некаторая колькасць мандатаў пасля гэтага застаецца неразмеркаванай.

● Наступны мандат перадаецца таму спісу, у якога па выніках дзялення колькасці галасоў на квоту Хэра застаецца найбольшы астатак (дробная частка пасля коскі). Так паўтараецца, пакуль не будуць размеркаваныя ўсе мандаты.

Прынята Каардынацыйнай радай

Спікер Каардынацыйнай радыАрцем Брухан