Палажэньне аб выключэньні дэлегата КР

Палажэньне аб выключэньні дэлегата Каардынацыйнай рады

Прынята 26 лістапада 2023 года на Агульным паседжаньні Каардынацыйнай Рады

Паводле пункта 2.6.2. Статута Каардынацыйнай рады для выключэньня дэлегата са складу Каардынацыйнай рады павінна быць прынята адмысловае палажэньне, у якім будзе прапісана працэдура такога выключэньня. Палажэньне аб выключэньні дэлегата Каардынацыйнай рады вызначае гэтую працэдуру.

Для пачатку працэдуры разьбіральніцтва дзейнасьці дэлегата дастаткова заявы фракцыі альбо пазафракцыйнай групы пра падазрэньне, што дзейнасьць дэлегата несумяшчальна з мэтамі Каардынацыйнай рады ці дэлегат сваімі дзеяньнямі дыскрэдытуе дзейнасьць Каардынацыйнай рады, на паседжаньні Нарады фракцыяў.

Адразу пасьля паседжаньня, на якім было агучана абвінавачаньне, ставіцца на галасаваньне прапанова аб стварэньне часовай камісіі па расьсьледаваньні дзейнасьці дэлегата, супраць якога агучаны абвінавачаньні. Галасаваньне ідзе на працягу 24 гадзінаў.

Часовая камісія складаецца са старшыні й аднаго прадстаўніка ад кожнай фракцыі й пазафракцыйнай групы. Старшыня адначасова зьяўляецца прадстаўніком фракцыі ці пазафракцыйнай групы.

Дэлегат, супраць якога высунуты абвінавачаньні, інфармуецца Сакратарыятам аб пачатку працэдуры яго выключэньня са складу Каардынацыйнай рады праз Telegram і электронную пошту.

На пэрыяд працы часовай камісіі дэлегат, супраць якога былі высунуты абвінавачаньні, па рашэньні Нарады фракцыяў можа быць часова выдалены з усіх чатаў Каардынацыйнай рады, а таксама гэты дэлегат можа быць часова пазбаўлены доступу да дакумэнтаў, тэчак Каардынацыйнай Рады.

Пры станоўчым галасаваньні па стварэньні часовай камісіі кожная фракцыя й пазафракцыйная група можа дэлегаваць аднаго свайго прадстаўніка ў часовую камісію. Таксама абвяшчаецца конкурс на пасаду старшыні гэтай камісіі. На працягу наступных 24 гадзінаў пасьля прыняцьця рашэньня ад фракцыяў ці пазафракцыйнай групы прымаюцца прапановы кандыдатаў на пасаду. Кандыдат на пасаду павінен прадставіць Нарадзе фракцыяў плян працы камісіі. Кандыдат на пасаду ня можа быць сябрам фракцыі ці пазафракцыйнай групы, калі асоба, супраць якой высунуты абвінавачаньні, за апошнія 90 дзён перад абвяшчэньнем конкурсу была сябрам гэтай фракцыі ці пазафракцыйнай групы.

Пасьля завяршэньня прыёму заявак на пасаду старшыні камісіі адразу абвяшчаецца галасаваньне ў Нарадзе фракцыяў. Старшыня абіраецца рэйтынгавым галасаваньнем. Галасаваньне ідзе 24 гадзіны. Галасаваньне можа скончыцца раней, калі прагаласавалі ўсе сябры Нарады фракцыяў, якія маюць голас, альбо калі нейкае рашэньне набрала большасьць галасоў ад агульнай колькасьці галасоў у Нарадзе фракцыяў.

Пасьля прызначэньня старшыні камісія пачынае сваю працу. На працягу да 7 дзён часовая камісія праводзіць наступныя дзеяньні: запытвае інфармацыю ў дэлегатаў адносна справы, зьбірае факты, якія пацьверджваюць ці абвяргаюць абвінавачаньня супраць дэлегата, праводзіць размовы з дэлегатам, супраць якога высунуты абвінавачаньні й іншыя дзеяньні, неабходныя для яе працы.

У сваёй дзейнасьці часовая камісія кіруецца Статутам Каардынацыйнай Рады, этычным кодэксам і іншымі нарматыўна-прававымі актамі Каардынацыйнай рады.

Часовая камісія прымае рашэньні простай большасьцю галасоў ад колькасьці прыняўшых удзел у галасаваньні сяброў камісіі.

На восьмы дзень пасьля прызначэньня старшыня камісіі прадстаўляе складу камісіі справаздачу па працы камісіі й выносіць на галасаваньне камісіі пытаньне аб канчатковай рэкамэндацыі камісіі наконт падпаданьня дзейнасьці дэлегата пад пункт 2.6.2. Статута Каардынацыйнай Рады. Сябры камісіі, якія ня згодны з рашэньнем камісіі, могуць дадаць сваё асабістае меркаваньне да справаздачы ў выглядзе дадатку. Старшыня камісіі можа прапанаваць правесьці галасаваньне па рэкамэндацыі раней за гэты тэрмін. Галасаваньне па рэкамэндацыі ідзе 24 гадзіны.

На бліжэйшым Агульным паседжаньне пасьля прыняцьця камісіяй уласнай справаздачы старшыня камісіі, ці сябра камісіі, якога прапануе старшыня замест сябе ў выпадках няздольнасьці самому прыняць удзел, агучвае выніковую справаздачу й рэкамэндацыю часовай камісіі. Пры няздольнасьці дэлегата, якога абвінавацілі, прысутнічаць на паседжаньне, дэлегат можа выслаць свой адказ у пісьмовай форме, які будзе разьмешчаны ў канале анонсаў.

Справаздача камісіі й адказ дэлегата, якога абвінавацілі, публікуюцца для агульнага склада Каардынацыйнай Рады

Пасьля заканчэньня Агульнага паседжаньня на галасаваньне выносіцца пытаньне аб выключэньні дэлегата, якога абвінавацілі ў тым, што дзейнасьць дэлегата несумяшчальная з мэтамі Каардынацыйнай рады ці дэлегат сваімі дзеяньнямі дыскрэдытуе дзейнасьць Каардынацыйнай рады згодна са Статутам Каардынацыйнай Рады.

Паводле пункта 2.6 Статута Каардынацыйнай рады, калі рашэньне аб выключэньні набірае кваліфікаваную большасьць, дэлегат выключаецца са складу Каардынацыйнай рады.

Пасьля завяршэньня галасаваньня старшыня камісіі перадае ўсе дакумэнты камісіі Сакратарыяту Каардынацыйнай рады, а камісія аўтаматычна спыняе сваю дзейнасьць.

26 лістапада 2023 года

Праект палажнэньня падрыхтаваў Яўген Караулаў, сябра фракцыі Моладзевы Наступ.