Палажэнне КР аб парадку рэкамендавання кандыдатаў на пасаду ў АПК
Прынята 24 верасня 2024
Палажэнне Каардынацыйнай рады Беларусі аб парадку рэкамендавання кандыдатаў на пасаду ў Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі
Раздзел 1. Агульныя палажэнні
1.1. Дадзенае Палажэнне вызначае парадак рэкамендавання кандыдатаў на пасаду прадстаўнікоў у Аб’яднаны Пераходны Кабінет (АПК) Каардынацыйнай радай Беларусі (КР), уключаючы працэдуры вылучэння, разгляду і прызначэння кандыдатаў.
1.2. Мэтай слуханняў з’яўляецца ацэнка кампетэнцый і праграм кандыдатаў для прызначэння на пасады ў АПК.
1.3 Палажэнне адпавядае Статуту Каардынацыйнай рады (далей Статут) і Пратаколу узаемадзеяння паміж Нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай, Каардынацыйнай радай Беларусі, Аб’яднаным пераходным кабінетам Беларусі і Офісам Святланы Ціханоўскай (далей Пратакол).
Раздзел 2. Вылучэнне кандыдатаў
2.1 Згодна з пунктам 4.3. Пратакола, члены АПК прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Нацыянальнай лідаркай з улікам рэкамендацый КР, якая прадстаўляе сваю пазіцыю аб прызначэнні ў тэрмін да 15 дзён ад паступлення запыту. КР можа прапанаваць Нацыянальнай лідарцы кандыдатуры на пасады прадстаўнікоў АПК, якія, на думку КР, валодаюць адпаведнымі кампетэнцыямі і якасцямі.
2.2. Вылучэнне кандыдатаў з боку Нацыянальнай лідаркі адбываецца праз афіцыйнае паведамленне спікера КР. Цягам 5 дзён ад моманту атрымання паведамлення, сябры КР маюць права вылучаць альтэрнатыўных кандыдатаў шляхам пісьмовай прапановы да агульнага паседжання ад нарады фракцый, фракцыі, камісіі альбо групы дэлегатаў КР колькасцю не менш за 6 чалавек.
2.3 Вылучэнне кандыдатаў з боку КР адбываецца шляхам пісьмовай прапановы да агульнага паседжання ад нарады фракцый, фракцыі, камісіі альбо групы дэлегатаў КР колькасцю не менш за 6 чалавек.
2.4. Прапанаваныя кандыдаты абавязаны прадставіць агульнаму паседжанню КР да пачатку слуханняў:
– біяграфію;
– праграму дзеянняў у рамках прапанаванай пасады;
– абгрунтаванне сваёй кваліфікацыі і досведу.
Раздзел 3. Падрыхтоўка і правядзенне слуханняў
3.1. Слуханні праводзяцца не пазней за 10 дзён пасля вылучэння кандыдатаў.
3.2. Слуханні праводзяцца ў адкрытым фармаце і могуць транслявацца ў рэжыме анлайн для шырокай грамадскасці.
3.3. Слуханні складаюцца з праграмнай прамовы кандыдата, падчас якой кандыдат прадставіць свае погляды на развіццё і працу ў рамках АПК, а таксама блоку пытанняў і адказаў. На прэзентацыю сваёй праграмы кожнаму кандыдату прадастаўляецца 20 хвілін, падчас якіх кандыдат мае права прадставіць свае погляды на працу ў рамках АПК і асноўныя палажэнні сваёй праграмы дзеянняў.
3.4. Усе дэлегаты КР маюць права задаваць пытанні кандыдатам. Старшыня агульнага паседжання мае права абмежаваць колькасць пытанняў ад кожнай фракцыі і камісіі, і агульны час на пытанні і адказы на іх, але не менш за 2 пытанні ад кожнай фракцыі і не менш за 3 пытанні ад камісій, адпаведных профілю кандыдата.
Раздзел 4. Прызначэнне кандыдатаў
4.1 Па завяршэнні слуханняў, КР праводзіць галасаванне агульнага паседжання аб рэкамендацыі кандыдата на пасаду ў АПК. Галасаванне праводзіцца ў форме, прадугледжаннай Статутам КР.
4.2 Пасля правядзення слуханняў і галасавання КР афармляе пратакол са спісам рэкамендаваных кандыдатаў і перадае яго Нацыянальнай лідарцы.
У выпадку, калі галасаванне не адбылося, або ніводзін з кандыдатаў не быў зацверджаны па выніках галасавання, праводзяцца паўторнае вылучэнне кандыдатаў і слуханні, аб чым Спікер паведамляе АПК.
4.3 Нацыянальная лідарка ўлічвае рэкамендацыі КР пры прызначэнні кандыдатаў на пасады ў АПК. Згодна з пунктам 4.3 Пратакола, рашэнне аб прапанаваных кандыдатурах павінна быць прынята не пазней за 15 дзён пасля паступлення рэкамендацый ад КР.
4.4 Кандыдаты, якія не былі прызначаны на пасаду, маюць права паўторна ўдзельнічаць у наступных слуханнях.
4.5 Пасля прызначэння кандыдата, КР мае права прадставіць пісьмовыя рэкамендацыі аб працы і бачанне сумесных планаў прадстаўніку. Рэкамендацыі мае права падрыхтаваць профільная камісія альбо працоўная група КР.