Рэгламент сітуацыйных слуханняў КР
Рэгламент сітуацыйных слуханняў Каардынацыйнай Рады
Праект ад 07.02.2025.
Аўтарка – Стася Гліннік з улікам каментароў Анжалікі Мельнікавай і Вадзіма Пракоп’ева.
Агульныя палажэнні
1.1. Сітуацыйныя слуханні ў КР праводзяцца для разгляду асобных выпадкаў або праблемных сітуацый асаблівай грамадскай значнасці, якія патрабуюць аператыўнага абмеркавання і прыняцця рашэнняў.
1.2. Асноўнымі мэтамі слуханняў з’яўляюцца:
ацэнка сітуацыі і выпрацоўка рэкамендацый;
павышэнне транспарэнтнасці дзейнасці дэмакратычных сілаў Беларусі;
умацаванне ўзаемадзеяння паміж КР і зацікаўленымі бакамі.
1.3. Усе ўдзельнікі слуханняў абавязаны прытрымлівацца этычных прынцыпаў, уключаючы павагу, недапушчэнне абраз і захаванне канфідэнцыйнасці (пры неабходнасці).
Арганізацыя і падрыхтоўка да слуханняў
2.1. Арганізацыйная адказнасць за правядзенне слуханняў ускладаецца на працоўную групу, створаную пасля рашэння аб правядзенні слуханняў агульнага паседжання альбо нарады фракцый КР.
2.2. Працоўная група фарміруецца згодна са Статутам КР. Кожная фракцыя мае права дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у склад працоўнай групы.
2.3. Адпаведная працоўная група:
фарміруе парадак дня слуханняў;
вызначае склад удзельнікаў (сябры КР, эксперты, зацікаўленыя бакі);
забяспечвае тэхнічную падтрымку пры дапамозе сакратарыяту КР (платформы для анлайн-сустрэч, трансляцыі – пры неабходнасці);
запытвае неабходныя матэрыялы і інфармацыю ад удзельнікаў і зацікаўленых бакоў.
2.4. Працоўная група, у прыватнасці фракцыя, якая ініцыявала слуханні, абавязана:
запытаць ад удзельнікаў слуханняў пісьмовыя заявы або дакументы да пачатку слуханняў, каб забяспечыць загадзя азнаямленне членаў працоўнай групы;
вынесці на парадак дня нарады фракцый пытанне аб тыпе слуханняў (адкрытыя альбо закрытыя);
распрацаваць спіс магчымых пытанняў і асноўных тэзісаў для абмеркавання падчас слуханняў;
стварыць інфармацыйныя матэрыялы, якія ўключаюць парадак дня, спіс удзельнікаў, кароткія біяграфіі сведкаў і іншыя адпаведныя дакументы.
паведаміць сябрам КР пра слуханні праз унутраны канал за не менш чым 5 дзён да іх пачатку;
прадаставіць удзельнікам доступ да дакументаў, звязаных са слуханнямі, не менш чым за 4 дні да іх пачатку;
у выпадку адкрытых слуханняў, пры дапамозе сакратарыяту, забеспячэчыць належнае асвятленне слуханняў у сродках масавай інфармацыі, уключаючы своечасовае паведамленне аб іх правядзенні, акрэдытацыю журналістаў і прадастаўленне ім неабходных матэрыялаў.
2.5. Пры знаходжанні ў працоўнай групе прадстаўнікоў больш чым 1 фракцыі, для прыняцця рашэнняў выкарыстоўваецца прынцып дэмакратычнага галасавання. Кожная фракцыя мае адзін голас. Рашэнні прымаюцца большасцю галасоў пры наяўнасці кворуму (не менш за 50% тых фракцый, якія ўваходзяць у групу).
2.6. Калі пытанне выклікае істотныя разыходжанні, працоўная група можа перадаць яго на разгляд агульнага паседжання КР або нарады фракцый для канчатковага рашэння.
Фармат правядзення слуханняў
3.1. Слуханні праводзяцца ў адпаведнасці са Статутам і Этычным кодэксам КР.
3.2 Мадэратар кіруе слуханнямі і забяспечвае парадак. Удзельнікі выступаюць у загадзя вызначаным парадку. Кожная фракцыя мае роўны час для прадсаўлення сваёй заключнай пазіцыі;
3.3 Пытанні, якія задаюцца падчас слуханняў, павінны быць наўпрост звязаныя з тэмай слуханняў. Не дапускаюцца пытанні, якія змяшчаюць асабістыя абразы, неэтычныя фармулёўкі або накіраваныя на дыскрэдытацыю ўдзельнікаў, а таксама распаўсюд персанальных дадзеных, не размешчаных легальным чынам у публічнай прасторы. Мадэратар мае права адхіліць пытанні, якія выходзяць за межы тэматыкі слуханняў або парушаюць этычныя нормы.
3.4. Часовы расклад:
уступная частка – да 5 хвілін (выступ спікера альбо мадэратара);
прадстаўленне кейса – да 20 хвілін на ўсіх, час роўна размеркаваны на колькасць выступаў (выступ прадстаўніка/оў працоўнай групы);
выступы зацікаўленых бакоў, экспертаў – да 10 хвілін на асобу;
пасля кожнага выступу прадстаўніка зацікаўленага боку або эксперта праводзіцца асобная сэссія пытанняў і адказаў, і толькі пасля яе завяршэння даецца слова наступнаму выступоўцу;
сэссія пытанняў-адказаў – да 10 хвілін на 1 фракцыю на 1 раўнд пытанняў;
заключныя выступы прадстаўнікоў фракцый – да 3 хвілін на фракцыю;
заключная частка – да 5 хвілін (выступ спікера альбо мадэратара).
3.5. Удзельнікі слуханняў:
Мадэратар (спікер, віцэ-спікер альбо іншы сябра КР/чалец працоўнай групы па падрыхтоўцы слуханняў);
Запрошаныя ўдзельнікі (эксперты, сведкі, прадстаўнікі зацікаўленых бакоў);
Сябры КР.
3.6. Рашэннем нарады фракцый, слуханні могуць быць праведзеныя ў закрытым фармаце з прычын канфідэнцыйнага характару пытання, вынесенага на разгляд.
3.7. Усе слуханні запісваюцца для далейшага аналізу і публікацыі вынікаў (з улікам патрабаванняў канфідэнцыйнасці).
3.8. Некаторыя экспертныя думкі могуць быць прадстаўлены толькі ў пісьмовым выглядзе (без выступленняў). У такім выпадку яны прадастаўляюцца сябрам КР разам з іншымі дакументамі да пачатку слуханняў, а ў наступстве прыкладаюцца да пратакола слуханняў на ўмовах канфідэнцыйнасці ці публічна (па дамоўленасці з працоўнай групай).
Правілы паводзін удзельнікаў
4.1. Удзельнікі абавязаны:
звяртацца адзін да аднаго ў ветлівай форме, выкарыстоўваючы зварот ‘вы’, незалежна ад асабістых адносін або знаёмства, каб падтрымліваць прафесійную і паважлівую атмасферу;
паважаць меркаванне іншых;
не перарываць выступоўцаў;
пазбягаць асабістых абраз;
выконваць нормы паводзін, вызначаныя Этычным кодэксам Каардынацыйнай рады (https://www.rada.vision/dakument/etychny-kodeks-kaardynacyynay-rady).
4.2. У выпадку парушэння правілаў мадэратар можа вынесці заўвагу ўдзельніку. Пры паўторных парушэннях удзельнік можа быць адхілены ад слуханняў;
4.3. Калі ўдзельнік лічыць, што санкцыі да яго былі неабгрунтаванымі, ён можа падаць запыт на перагляд рашэння да працоўнай групы, якая арганізавала слуханні.
Прыняцце рашэнняў
5.1. Па выніках слуханняў працоўная група:
рыхтуе выніковы пратакол;
фармулюе рэкамендацыі па рашэнні праблемы.
5.2. Выніковыя рэкамендацыі і рашэнні выносяцца цягам 7 дзён пасля слуханняў. У выпадку неабходнасці могуць быць прызначаныя дадатковыя дні слуханняў.
5.3. Выніковы дакумент ухваляецца шляхам галасавання агульным паседжаннем КР.
5.4. Выніковыя дакументы слуханняў:
размяшчаюцца на афіцыйным сайце КР для публічнага доступу, за выключэннем канфідэнцыйных частак;
у выпадку наяўнасці канфідэнцыйных дадзеных, яны адзначаюцца асобна, і да іх маюць доступ толькі сябры КР і адпаведныя зацікаўленыя бакі;
адпраўляюцца зацікаўленым бакам (ОСЦ, АПК, міжнародныя партнёры, праваабарончыя арганізацыі і інш.) цягам 10 дзён пасля іх зацвярджэння.