Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вольга Кавалькова атрымалі прэмію Яна Новака-Езераньскага

Апублікавана:
05.06.2021, 11:15

Учора ва Ўроцлаве прайшла цырымонія ўзнагароджання польскай нацыянальнай прэміі за грамадска-палітычную актыўнасць і заслугі перад грамадзянскай супольнасцю.

Прэмія імя Новака-Езераньскага прысуджаецца з 2004-га года. Да гэтага яна ўручалася кожны год аднаму чалавеку, але гэтым разам журы вырашыла пайсці па-іншаму прынцыпу, бо беларускі рух за дэмакратыю спецыфічны.

На ўручэнні прэміі прыехалі Святлана Ціханоўская, сябра прэзідыума КР Вольга Кавалькова і сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч.

На жаль, Марыя, не можа быць сёння з намі. Яе ўтрымліваюць у закладніках ужо 9 месяцаў. Але я адчуваю яе непераможны дух. Яна абавязкова выйдзе на свабоду, як і іншыя палітзняволеныя, – сказала Святлана Ціханоўская.

Журы конкурсу адзначае, што прэмія — гэта не толькі сімвалічная ўзнагарода за гераічнае змаганне за свабоду, але і выраз салідарнасці польскага грамадства з беларусамі.

Апроч удзелу ў цырымоніі ўручэння, падчас візіту ў Польшчу Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага кіравання ўзяла ўдзел у вялікай акцыі беларускай дыяспары ў цэнтры Варшавы, адкрыцці мемарыяла беларускай салідарнасці, а таксама сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Ціханоўская падзякавала Дуду за ініцыяваны Польшчай і прыняты ЕС План дапамогі для дэмакратычнай Беларусі і ўсебаковую дапамогу Беларусі: праграму Каліноўскага, падтрымку незалежных медыя, у тым ліку «Белсат», дапамогу людзям і бізнесам, якім давялося рэлакавацца.

Святлана Ціханоўская адзначыла недапушчальнасць гандлю палітзняволенымі:

Усе нявінныя людзі павінны выйсці на свабоду. Гэта не можа быць прадметам гандлю, – рэзюмавала Святлана.