Сёння беларускія дэмакратычныя сілы распачалі афіцыйнае супрацоўніцтва з Радай Еўропы. У «кантактную групу» ўвайшлі 10 чалавек, якія прадстаўляюць беларускія дэмакратычныя сілы, у тым ліку Каардынацыйную раду.

Святлана Ціханоўская падчас выступу на мерапрыемстве сказала, што стварэнне групы – першы крок па ўступленні Беларусі ў Раду Еўропы.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі прыярытэты, сярод якіх правы чалавека, палітвязні, інстытуты дэмакратыі і вяршэнства права.
Асабліва адзначылі важнасць накіравання ўсіх дзеянняў на беларусаў унутры Беларусі.

– Мы дамовіліся аб выпрацоўцы канкрэтнага плана дзеянняў і праграм супрацоўніцтва, – распавядае ўдзельніца ад КР. – Вельмі важна адзначыць, што група адкрытая для прапановаў звонку. Яна не абмяжоўваецца канкрэтным складам удзельнікаў і будзе запрашаць экспертаў па розных напрамках да супрацоўніцтва.

У групу з боку Рады Еўропы ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх ключавых палітычных арганізацыяў РЕ, уключаючы ПАРЭ і Офіс камісара па правах чалавека.

Нагадаем, што супрацу з афіцыйнымі беларускімі ўладамі Рада Еўропы прыпыніла ў сакавіку 2022 года ў сувязі з удзелам Беларусі ў вайсковай агрэсіі супраць Украіны. У той жа час камітэт вырашыў падтрымліваць і ўмацоўваць адносіны з беларускай грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Еще новости

Поделиться