Заява КР па Ўсебеларускім народным сходзе

Каардынацыйная рада застаецца адданай сваім прынцыпам і гатовая браць удзел у дыялогу паміж прадстаўнікамі ўлады і народа. Аднак мы бачым, што ў цяперашняй сітуацыі голас народа слухаць не хочуць. Мы, 56 прадстаўнікоў асноўнага складу і 5524 удзельнікаў і ўдзельніц пашыранага складу КР, супраць маналога і прадстаўлення сходу лаяльных уладам дэлегатаў як народнага. Спачатку – вызваленне палітычных зняволеных, потым – новыя выбары і сапраўдны народны сход.

УНС – гэта імітацыя народнага сходу

Усебеларускі народны сход, насуперак гучнай і амбіцыйнай назве, не можа ўспрымацца як голас беларускага народа, які прадстаўляе яго інтарэсы, клопаты і памкненні. Ва ўмовах сённяшняга палітычнага крызісу сход не будзе спрыяць яго вырашэнню, а, наадварот, – яго пагоршыць.

Каб вырашыць палітычны крызіс, грамадзяне павінны давяраць механізмам і прыладам, што выкарыстоўваюцца для гэтага. У грамадстве УНС ужо даўно ўспрымаецца як фіктыўная прылада, з дапамогай якой улады ствараюць толькі бачнасць рашэння важных для грамадства пытанняў і спрабуюць легітымаваць жаданы для сябе парадак.

Непразрыстае вылучэнне дэлегатаў і ўтоены парадак

З дапамогай непразрыстай працэдуры вылучэння ўлады збіраюць клуб уласных прыхільнікаў, аб’яўляючы іх голасам усяго беларускага грамадства. Шматлікія спробы атрымаць статус дэлегата УНС людзьмі, якія маюць на гэта права паводле закона, але не падзяляюць пазіцыю ўлад, традыцыйна блакаваліся ўладамі, часам нават брутальнымі сілавымі метадамі. Такім чынам, у грамадскім успрыманні УНС дыскрэдытаваў сябе, а таму не можа стаць прыладай для пераадолення цяперашняга палітычнага крызісу.

Працэдура вылучэння дэлегатаў на УНС традыцыйна непразрыстая і цалкам падкантрольная ўладам. Частка дэлегатаў УНС – дэпутаты палат Парламента. Грамадскі давер да іх і іх легітымнасць вельмі нізкія з прычыны шматлікіх заган, якія спадарожнічалі іх абранню. Іншая частка дэлегатаў абіраецца дэпутатамі мясцовых рад. Прытым часцяком яны абіраюць у якасці дэлегатаў саміх сябе. Грамадскі давер да іх і іх легітымнасць, як і ў выпадку дэпутатаў парламента і па аналагічных прычынах, надзвычай нізкія.

Ускладанне функцыі выбару часткі дэлегатаў на УНС на мясцовыя рады дэпутатаў ніяк не забяспечвае празрыстасці працэдуры. У выніку ў спіс дэлегатаў УНС трапляюць толькі лаяльныя і падкантрольныя ўладзе людзі або тыя, хто ўключаны ёю для імітацыі альтэрнатыўнай думкі.

Такім чынам, ад УНС не даводзіцца чакаць разгляду і абмеркавання пытанняў, якія сёння сапраўды хвалююць беларусаў. Склад дэлегатаў дадзенага сходу ніяк не прадстаўляе і не адлюстроўвае інтарэсаў грамадства. Рашэнні дадзенага сходу можна разглядаць толькі як думку ўлад і лаяльнай ім невялікай групы людзей.

Мы лічым, што замест імітацыі вырашэння палітычнага крызісу з дапамогай УНС і спробы заглушыць голас большай часткі беларускага грамадства, улады павінны нарэшце знайсці ў сабе сілы яго пачуць. Для гэтага патрэбна перайсці да паўнавартаснага дыялогу з народам Беларусі па пытаннях, якія цяпер насамрэч важныя.

Што ў гэтай сітуацыі можа зрабіць кожны з нас?

Дзяўбці. Пісаць вядомым нам дэлегатам УНС. Праз звароты і сэрвіс Skarga.help адпраўляць запыты ў мясцовыя адміністрацыі з просьбай вытлумачыць працэс выбару дэлегатаў. Гэта наша грамадзянскае права — ведаць, што адбываецца ў краіне.

Браць удзел. Заміж удзелу ў фіктыўным працэсе рэгіструйцеся на платформе народных прадстаўнікоў «СХОД» і абмяркоўвайце лёс Беларусі з абранымі большасцю беларусаў дэлегатамі.

Мы прапануем кожнаму і кожнай з вас самім стаць тымі прадстаўнікамі грамадства, якія разам з іншымі беларусамі прапануюць сваё бачанне рашэння важных для краіны пытанняў.

Падзеі, якія сёння разгортваюцца ў нашай краіне, — гэта чарговы момант з’яднання беларусаў. Гэта яшчэ адно дзеянне нелегітымнай улады, калі беларусы ўпэўнена скажуць, што яны ведаюць і разумеюць, што спрабуе зрабіць самаабвешчаны прэзідэнт. Развязкі, якія прымаюцца супраць волі беларускага народа, не могуць мець сілу. Беларусы не пагодзяцца жыць па прыдуманых непрызнанай групай людзей правілах.

Падзяліцца