15 верасня – міжнародны дзень дэмакратыі. Давайце ўспомнім падзеі апошняга стагоддзя, якія наблізілі нашу краіну да свабоды і незалежнасці.

Можна пачаць з атрымання беларускімі гарадамі магдэбургскага права ці ўтварэння Полацкага княства, але мы прапануем спыніцца на 8 галоўных датах апошняга стагоддзя. 

Напішыце ў каментарах, якія важныя падзеі вы б дадалі ў спіс? 

25 сакавіка 1918 г. БНР

Абвяшчэнне незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі

 З гэтага дня і да моманту савецкай акупацыі Беларусь стала асобнай незалежнай краінай на палітычнай карце Еўропы, а не групай правінцый ці ваяводстваў у складзе іншых дзяржаў.

Сёння ў гэты дзень беларусы адзначаюць свята «Дзень Волі», хоць дзеючая ўлада гэтай даты не прызнае.

25 жніўня 1991 г. Суверэнітэт

Вярхоўны Савет БССР прыняў два дакументы, дзякуючы якім Беларусь атрымала дзяржаўны суверэнітэт, палітычную і эканамічную ўгрунтаванасць. Гаворка ідзе пра закон «Пра наданне статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнай Рады Беларускай ССР пра дзяржаўны суверэнітэт БССР» і пастанову «Пра забеспячэнне палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР»

19 верасня 1991 г. БЧБ і «Пагоня»

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі – бела-чырвона белы сцяг і герб «Пагоня».  Гэтыя знакі дзейнічалі ў Беларусі да 7 чэрвеня 1995 года. У 2020 годзе БЧБ і Пагоня сталі сімваламі змагання за сумленныя выбары і супраць гвалту. 

БЧБ вывешвалі яшчэ ў 1514-м годзе ў выглядзе сцяжкоў конніцы ВКЛ у бітве пад Оршай. Герб «Пагоня» быў сімвалам ВКЛ, а таксама кіруючай дынастыі Гедзімінавічаў з канца XIV стагоддзя.

Афіцыйнымі сімвалам БНР таксама былі бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоня».

19-25 сакавіка 2006 г. Плошча ці Джынсавая/Валошкавая рэвалюцыя

Па афіцыйных дадзеных на прэзідэнцкіх выбарах 2006-га года ў трэці раз і з вялікім адрывам перамог Аляксандр Лукашэнка. 19 сакавіка, у дзень выбараў, на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску ад 9 да 30 тысяч беларусаў выйшлі, каб сказаць, што не вераць. Менавіта тады з’явіўся лозунг «Верым! Можам! Пераможам!»

20 сакавіка да мінчукоў, якія пратэставалі, далучыліся і беларусы з іншых гарадоў. На плошчы пачалі будаваць намётавы гарадок, у якім да 23 сакавіка налічвалі ўжо 35 намётаў.

Уначы 24 сакавіка міліцыя абвясціла пра ліквідацыю гарадка і прапанавала ўдзельнікам добраахвотна прайсці да аўтазакаў. У адказ пратэстоўцы селі на зямлю, трымаючыся адзін за аднаго. У выніку міліцыя ўжыла сілу. Па афіцыйных дадзеных, было арыштавана больш за 500 чалавек.

25 сакавіка людзі зноў хацелі сабрацца на плошчы, аднак праваахоўнікі зноў ужылі сілу. Супраць мірных пратэстоўцаў ужывалі дубінкі, светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі і слезацечны газ.

19 снежня 2010 г. Плошча-2

Пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў выбараў, на якіх, па афіцыйных дадзеных, у чацвёрты раз перамог дзеючы прэзідэнт, у цэнтры Мінску пачаўся масавы мітынг. Каля тысячы мірна пратэстуючых, у тым ліку 7 кандыдатаў у прэзідэнты, былі затрыманыя. Пасля Плошчы 2010 гады сусветная супольнасць увяла санкцыі супраць улад, пасля чаго большасць палітзняволеных вызвалілі цягам года. 

На Кастрычніцкай плошчы, па розных ацэнках, сабраліся ад 30 да 60 тысяч чалавек. Пратэстоўцы скіраваліся на плошчу Незалежнасці, дзе запатрабавалі правядзення паўторных выбараў без удзелу дзеючага кіраўніка краіны.

9 жніўня 2020 г. 

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га года масавыя акцыі пратэсту ўпершыню пачаліся не толькі ў сталіцы, але і ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. Уначы з 9 на 10 жніўня на плошчы ў розных населеных пунктах Беларусі выйшлі некалькі сотняў тысяч чалавек. Улады зноў ужылі сілу супраць мірных пратэстантаў, аднак людзі гэтак стаміліся ад фальсіфікацый, што іх ужо не спыніць. 

Кожны дзень у жніўні людзі выходзілі на галоўныя вуліцы сваіх гарадоў і прадэманстравалі ўсяму свету, што нас шмат і мы гатовы змагацца за перамены да лепшага кожны дзень.  

16 жніўня 2020 г. Агульнаграмадскі марш за волю

Праз тыдзень пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га ў Беларусі прайшла самая масавая акцыя пратэсту за ўсю суверэнную гісторыю краіны. Каля 500 тысяч беларусаў па ўсёй краіне вышлі на вуліцы з заклікам адпусціць палітычных зняволеных і правесці новыя сумленныя выбары.

У Новай Беларусі гэта дата, без сумнення, трапіць у падручнікі па гісторыі. Беларусы прадэманстравалі сабе, уладам і ўсяму свету, што яны імкнуцца пабудаваць дэмакратычную дзяржаву. Наш мірны пратэст нарастаў шмат гадоў і на сёння беларусы выспелі як культурная, утвораная еўрапейская нацыя, што імкнецца да свабоды. 

19 жніўня 2020 г. Каардынацыйная рада

Каардынацыйная рада –  удалы прыклад дэмакратычнага інструмента. Гэта адзін паважны орган беларускага грамадства, які створаны дзеля арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве, а таксама для абароны суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 

У склад КР уваходзяць аўтарытэтныя прадстаўнікі розных сфер дзейнасці, якія ўжываюць свае экспертныя і прафесійныя навыкі для набліжэння да дэмакратычнай Беларусі. 

Яшчэ навіны

Падзяліцца