Польскае МЗС: «Польшча выступае за забарону на рэгістрацыю прадпрыемстваў з беларускім і расейскім капіталам, якія працуюць у галіне аўтамабільнага транспарту»

Польскія СМІ ў траўні пісалі пра зварот прэм’ера Матэвуша Маравецкага да Еўракамісіі з прапановай уключыць у наступны пакет санкцый поўную забарону на рэгістрацыю кампаній з беларускім капіталам. Ці быў гэты зварот накіраваны афіцыйна і якая на гэты конт пазіцыя кіраўніцтва Польшчы? Па ініцыятыве сябра Каардынацыйнай рады Аляксандра Кныровіча, мы накіравалі зварот да польскіх уладаў з просьбай патлумачыць сітуацыю. Публікуем атрыманы адказ:

«Польшча выступае за забарону на рэгістрацыю прадпрыемстваў з беларускім і расейскім капіталам, якія працуюць у галіне аўтамабільнага транспарту, каб санкцыі былі ў поўнай меры эфектыўныя. Па гэтай прычыне прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ў сваім лісце да старшыні Еўрапейскай камісіі ад 7 красавіка 2023 г. заклікаў да ўвядзення такой забароны. Прапанаваныя меры накіраваны на забеспячэнне максімальна шырокай бяспекі эканамічнага абароту ў ЕС на час расейскай агрэсіі супраць Украіны».

– Зазначу, што сітуацыя тут трывожная, бо лагістычныя кампаніі з беларускім капіталам працуюць у краінах ЕЗ і татальная большасць з іх ніяк не звязаныя з абыходам санкцый, – каментуе спікер КР Андрэй Ягораў. – Будзем працягваць высвятляць сітуацыю і дабівацца не ўвядзення татальнай забароны для беларускіх транспартных кампаній.

Яшчэ навіны

Падзяліцца