Публічная дыскусія, арганізаваная Камісіяй па адукацыі, навуцы і грамадскай думцы Каардынацыйнай рады (КР), прайшла 6 лютага 2024 г. у анлайн-фармаце з удзелам ключавых зацікаўленых бакоў. Асноўныя спікеры: Андрэй Ягораў (спікер КР), Таццяна Шчытцова (дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі), Андрэй Лаўрухін (Камісія па адукацыі, навукі і грамадскай думцы КР), Святлана Мацкевіч (Камісія па адукацыі, навуцы і грамадскай думцы КР) абмяняліся думкамі аб прыярытэтах развіцця сектара, падзяліліся вопытам і праблемамі, прыкладамі паспяховых праектаў і ініцыятыў. Запрошаная на сустрэчу Аліна Коўшык, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні АПК, не ўдзельнічала ў абмеркаванні з прычыны камунікатыўнага збою, аднак падзялілася сваімі тэзамі ў публічных крыніцах.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы выступіў спікер Каардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў. У сваім выступленні спікер КР адзначыў важнасць і высокую значнасць сферы адукацыі ў рашэнні задач дэмакратызацыі беларускага грамадства.

Сябра Камісіі па адукацыі, навуцы і грамадскай думцы Святлана Мацкевіч прадставіла даклад “Удзельнікі беларускага адукацыйнага працэсу: мэты і задачы абмеркаванняў Каардынацыйнай Рады”.

Яна вызначыла ключавыя напрамкі работы Камісіі ў адукацыйнай сферы, сярод якіх:

  •       Развіццё адукацыйных працэсаў, падрыхтоўка спецыялістаў па-за межамі Беларусі на фоне палітычных канфліктаў, грамадскага расколу, рэпрэсій і росту міграцыі беларусаў;
  •       Стварэнне кіраўнічай і арганізацыйнай структуры новай сістэмы беларускай адукацыі;
  •       Падтрымка існых адукацыйных ініцыятыў і арганізацый, распрацоўка праграм адукацыйных рэформ.

Святлана Мацкевіч таксама ахарактарызавала шырокае кола ўдзельнікаў і зацікаўленых бакоў у беларускай адукацыі, у тым ліку адукацыйныя праекты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, палітычныя прадстаўнікі (АПК, ОСЦ, КР), праграмна-праектныя арганізацыі, фонды, навукова-экспертныя групы і міжпрафесійныя калектывы, якія працуюць над стратэгічнымі планамі.

Асаблівая ўвага ў дакладзе была нададзеная ўнікальнасці бягучай сітуацыі: на фоне палітычнага супрацьстаяння, сацыяльнай палярызацыі, сістэмнага крызісу і рэгіянальнага канфлікту акцэнтуецца неабходнасць закладання фундаментальных прынцыпаў адукацыі, якія садзейнічалі б грамадзянскай згодзе ў Беларусі і ўкараненню дэмакратычных рэформ. Гэтыя асновы вызначаць будучыню адукацыйных структур і фарматаў. Важна ўжо зараз актыўна абмяркоўваць разнастайнасць падыходаў і імкнуцца да ўзгаднення агульных мэт і бачання.

Андрэй Лаўрухін, член Камісіі па адукацыі, навуцы і грамадскай думцы, падзяліўся вынікамі працы Камісіі. З красавіка 2023 па люты 2024 камісія займалася шэрагам арганізацыйных і змястоўных пытанняў, якія датычацца развіцця беларускай адукацыі як унутры краіны, так і за яе межамі.

Дзейнасць Камісіі была накіравана на аператыўнае рэагаванне і прадстаўленне інтарэсаў удзельнікаў адукацыйнага працэсу ва ўмовах, якія патрабуюць асаблівай увагі да абароны правоў і магчымасцей навучання. Гэта ўключала ў сябе выпрацоўку заяў і зваротаў у сувязі са скандаламі і ўціскамі, звязанымі з правядзеннем тэставання і іншымі падзеямі ў Рэспубліцы Беларусь, адстойваннем правоў беларускіх навучэнцаў і выкладчыкам за межамі краіны, а таксама актыўнае абмеркаванне ініцыятыў па стварэнні новых адукацыйных цэнтраў і праграм, напрыклад, Цэнтра беларусістыкі ў Германіі і стыпендый для беларусаў, навучэнцаў нямецкіх ВНУ. Важнай часткай працы было слуханне па праблемах Праграмы імя Кастуся Каліноўскага і абмеркаванне стратэгіі супрацоўніцтва ЕГУ з беларускай грамадзянскай супольнасцю.

На палітычным і праграмным узроўнях Камісія сфакусавалася на падрыхтоўцы асновы для будучых адукацыйных рэформ у краіне і распрацоўцы Мемарандума “Аб’яднанне намаганняў для падрыхтоўкі рэформы адукацыі”, падрыхтаванага ў супрацоўніцтве з Беларускай Асацыяцыяй адукацыі і навукі і Офісам па адукацыі для новай Беларусі. Мемарандум дае аналіз сітуацыі ў сферы адукацыі ў Беларусі і фармулюе мэты і задачы для будучай адукацыйнай палітыкі, накіраванай на дэмакратычныя пераўтварэнні.

У галіне знешніх сувязяў Камісія актыўна ўдзельнічала ў міжнародных сустрэчах і дыялогах, уключаючы стратэгічны дыялог з ЗША і сустрэчы на вышэйшым узроўні ў Бруселі, прысвечанай абмеркаванню патрэбаў у дапамозе грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Таццяна Шчытцова, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навуцы, канстатавала сістэмны крызіс у сферы адукацыі і навукі, які працягвае ўзмацняцца з прычыны рэпрэсій, вымушанай эміграцыі спецыялістаў, мілітарызацыі і прапагандысцкага ціску. Яна падкрэсліла важнасць дэмакратызацыі адукацыйнай сферы, прадастаўлення аўтаноміі навучальным установам і ўцягвання розных бакоў у працэс прыняцця рашэнняў, падтрымкі беларускай мовы і культуры, а таксама неабходнасці дэідэалагізацыі адукацыі, вызвалення ад уплыву аўтарытарнай і антынацыянальнай ідэалогіі.

Дарадца падкрэсліла, што галоўнымі прыярытэтамі ОСЦ у сферы адукацыі з’яўляюцца:

  •       падтрымка педагогаў, выкладчыкаў, навукоўцаў, студэнтаў,
  •       садзейнічанне развіццю незалежнай адукацыі і навукі,
  •       падрыхтоўка да рэфармавання сістэмы адукацыі ў дэмакратычнай Беларусі.

Таццяна Шчытцова адзначыла фрагментацыю і дэфіцыт каардынацыі ў сферы адукацыі, схільнасць асобных супольнасцей да самазамыкання. Пры гэтым наяўныя незалежныя структуры – і грамадзянскія, і палітычныя – застаюцца ўразлівымі і абмежаванымі ў сваіх магчымасцях. У сувязі з гэтым яна адзначыла неабходнасць сінергіі паміж ключавымі палітычнымі структурамі (ОСЦ, АПК і КР) і распрацоўкі эфектыўнай камунікатыўнай стратэгіі як галоўнай палітычнай задачы. Палітыкі павінны садзейнічаць канструктыўнай камунікацыі паміж усімі зацікаўленымі бакамі і клапаціцца аб дасягненні кансэнсусу пры абмеркаванні актуальнага адукацыйнага парадку дня.

У якасці прыкладу плённага супрацоўніцтва ОСЦ з беларускімі і міжнароднымі партнёрамі ў 2023 годзе дарадца назвала семінар “Досвед Польшчы і Германіі ў падрыхтоўцы да рэформы адукацыі ў дэмакратычнай Беларусі” і канферэнцыю “Рэформа кіравання сістэмай адукацыі ў Беларусі”. Сярод важных дасягненняў 2023 года яна адзначыла запуск вялікай грантавай праграмы “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра”; запуск конкурсу калектыўных даследчыцкіх праектаў для беларускіх навукоўцаў у рамках праграмы SALT-II. Таццяна Шчытцова расказала таксама пра дзве дарожныя карты (па вышэйшай і сярэдняй адукацыі), падрыхтаваныя экспертамі ў кантэксце агульнай “Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі”, прадстаўленай дэмсіламі ў 2023.

Спікер Каардынацыйнай рады, сябры Камісіі і дарадца Святланы Ціханоўскай пагаджаюцца з тым, што:

  1.     Сістэма адукацыі накіравана ў будучыню і непасрэдна ўплывае на стварэнне будучыні Беларусі. Змест сённяшняй адукацыі закладае светаўспрыманне, мысленне і кампетэнцыі людзей, якія ў будучым будуць практычна пераўтвараць і змяняць жыццё нашай краіны.
  2.     Рэформа адукацыі – адна з самых галоўных, калі не самая галоўная, рэформа для будучай Беларусі. Ужо сёння нам неабходна ствараць інстытуты будучай адукацыі Беларусі: укладацца ў развіццё розных форм і фарматаў адукацыі і ў станаўленне сучаснага ўніверсітэта.
  3.     Адукацыя – гэта тая сфера, дзе цяпер застаюцца магчымасці практычнага дзеяння ў Беларусі. Мы можам і павінны ствараць альтэрнатыўны цэнтр адукацыі для беларусаў. Як для таго, каб падтрымліваць нацыянальную ідэнтычнасць і беларускую мову, так і для таго, каб спрыяць удзелу беларусаў у глабальнай міжкультурнай і навуковай камунікацыі.
  4.     У адукацыйную палітыку заўсёды ўцягнутыя суб’екты з вельмі рознымі інтарэсамі і пазіцыямі, таму адносіны паміж імі ніколі не бываюць простымі.
  5.     Грунтуючыся на разуменні, што паспяховая адукацыйная палітыка, супольнае адстойванне інтарэсаў беларусаў ажыццяўляецца з дапамогай актыўнага ўзаемадзеяння і каардынацыі паміж рознымі зацікаўленымі бакамі – ад палітычных актараў да непасрэдных выканаўцаў адукацыйных праграм, – удзельнікі сустрэчы падкрэсліваюць, што эфектыўная камунікацыя і ўзаемаразуменне з’яўляюцца ключавымі.

Усведамляючы, што адукацыйная сфера сутыкаецца з мноствам выклікаў, у тым ліку праз абмежаванасць рэсурсаў, удзельнікі абмеркавання:

  1.     Падкрэслілі важнасць распрацоўкі стратэгічных падыходаў і рашэнняў разнастайных праблем. Была выказана цвёрдая прыхільнасць да паляпшэння камунікацыі і супрацоўніцтва паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу для пераадолення існых перашкод.
  2.     Адзначылі неабходнасць зваротнай сувязі і маніторынгу з мэтай бесперапыннага паляпшэння адукацыйнай палітыкі і практык. Для дасягнення гэтых мэт неабходна рэгулярна збіраць і аналізаваць дадзеныя ад усіх зацікаўленых бакоў, уключаючы настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў і адукацыйныя арганізацыі.

На заканчэнне дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі і члены Камісіі па адукацыі, навуцы і грамадскай думцы Каардынацыйнай рады звярнуліся да ўсіх зацікаўленых бакоў з заклікам працягваць і ўмацоўваць дыялог і супрацоўніцтва. Толькі праз сумесныя намаганні і адкрытыя зносіны можна будзе дасягнуць значных паляпшэнняў у адукацыйнай сферы, што, у сваю чаргу, будзе садзейнічаць развіццю і ўмацаванню дэмакратычнага грамадства.

Наша агульная мэта – стварыць аснову для новай Беларусі, дзе адукацыя і навука будуць служыць асновай дэмакратычнага грамадства, свабоднага ад рэпрэсій і поўнага інавацыйных ідэй. Гэта няпростая задача. Але разам мы можам пераадолець любыя перашкоды на шляху да свабоды, ведаў і інавацый.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі і члены Камісіі па адукацыі, навуцы і грамадскай думцы Каардынацыйнай рады заявілі пра сваю рашучасці працягваць супрацоўніцтва і дыялог, каб працаваць над стварэннем гнуткай інклюзіўнай адукацыйнай экасістэмы для ўсіх беларусаў, незалежна ад месца пражывання, рыхтаваць аснову для рэфармавання адукацыі ў новай. Яны запрасілі ўсе зацікаўленыя бакі далучыцца да іх у гэтых намаганнях.

Яшчэ навіны

Падзяліцца