Сябра асноўнага складу КР, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў 6 жніўня быў асуджаны на 3 месяцы арышту за разгалашэнне дадзеных следства па справе КР. Сёння, 28 снежня, прысуд па справе набыў моц, і Мікалай пачаў адбываць прызначаны судом тэрмін.

Па інфармацыі АГП, сябра КР сам прыйшоў у Цэнтральнае РУУС да 18.00 па позве. Яго праводзілі таварышы.

Гэта крымінальная справа, у якой адсутнічае крымінал. Увогуле. Прысуд заснаваны на глыбакадумных намёках, а не якіх-небудзь фактах. Гэта яшчэ адзін ганебны прысуд, – сказаў Мікалай напярэдадні свайго арышту. – Я не маю намер нікуды з’язджаць, не маю намер пакідаць сваю краіну. Прайду гэты шлях разам з беларусамі.

Абарона Мікалая Казлова падавала на апеляцыю, аднак другая інстанцыя пакінула прысуд у сіле. Наступнай скаргі суд яшчэ не разглядаў, але гэта не перашкодзіла адправіць сябра КР адбываць кару.

Яшчэ навіны

Падзяліцца