Невядомымі людзьмі ў цэнтры Мінска выкрадзены сябра Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Марыя Калеснікава, прэс-сакратар Антон Раднянкоў, выканаўчы сакратар Іван Краўцоў.

Іх месцазнаходжанне невядома. Пры гэтым органы, якія закліканы ў нашай краіне бараніць парадак і законнасць, дагэтуль не падалі інфармацыю пра месцазнаходжанне нашых калегаў, і адмаўляюць сваё дачыненне.

У суботу была прымусам вывезена з краіны сябра Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова. Раней было падана абвінавачанне сябру Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Ліліі Уласавай, пад адміністрацыйным арыштам знаходзіцца сябра Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Сяргей Дылеўскі.

Відавочна, што такія метады з’яўляюцца няпраўнымі і не могуць прывесці ні да якога іншага выніку, апроч абвастрэння сітуацыі ў краіне, паглыблення крызісу і далейшага нарастання пратэстаў.

Мы бачым, што ў апошнія дні ўлада заміж спробы дыялогу з грамадствам пачала адкрыта выкарыстоўваць метады тэрору.

Каардынацыйная рада адзначае, што ўсе дзеянні, учыненыя асобамі, што выступаюць ў афіцыйным статусе, спалучаныя з ужываннем гвалту і скіраваныя на прыгнечанне палітычнай і грамадскай актыўнасці грамадзянаў, з’яўляюцца злачынствамі супраць бяспекі чалавецтва, у якіх адсутнічаюць тэрміны даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Каардынацыйная рада патрабуе неадкладнага вызвалення Марыі Калеснікавай, Ліліі Уласавай, Антона Раднянкова, Івана Краўцова, а таксама пацверджання магчымасці вольнага вяртання Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі і Святланы Ціханоўскай у краіну.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu