Каардынацыйная рада ў рамках падрыхтоўкі да выбараў наступнага складу прыняла за аснову праект выбарчай сістэмы. У ёй былі ўлічаны пажаданні і асцярогі розных прадстаўнікоў дэмакратычнага руху дзеля дасягнення агульнай мэты — сапраўдных свабодных дэмакратычных выбараў.

  1. Мэта: абраць новы склад Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органа дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі.
  2. Спосаб фарміравання КР павінен садзейнічаць кансалідацыі, аб’яднанню палітычных структур, арганізацый грамадзянскай супольнасці вакол праграмных мэт на аснове дэмакратычных каштоўнасцей.
  3. Спосаб фармавання КР павінен грунтавацца на стандартах дэмакратычных выбараў.
  4. Выбарчая сістэма павінна быць зразумелай выбаршчыку, які не мае спецыяльнай падрыхтоўкі. Механіка галасавання павінна быць простай. Сістэма і механіка галасавання павінны быць заснаваны на прыярытэце бяспекі выбаршчыкаў.
  5. Выбарчая сістэма павінна сфарміраваць склад КР з членаў, якія маюць мандаты на роўных падставах, каб пазбегнуць трэнняў у КР адносна большай ці меншай легітымнасці асобных членаў.
  6. Выбарчая сістэма павінна быць заснавана на такіх крытэрыях для ўдзельнікаў выбарчага працэсу, якія змогуць забяспечыць прадстаўніцтва як палітычных акцёраў, так і грамадзянскай супольнасці. Выбарчая сістэма павінна матываваць кансалідацыю палітычных і грамадзянскіх акцёраў, а таксама і стымуляваць асобных кандыдатаў актыўна ўзаемадзейнічаць з выбаршчыкамі і матываваць іх на актыўны ўдзел у выбарах у КР.
  7. Колькасць КР: 120, г.зн. 112 і 8 членаў з ліку дэлегатаў першага (асноўнага) складу Кардынацыйнай рады, якія знаходзяцца ў зняволенні. Наступны склад Каардынацыйнай Рады абіраецца на тэрмін у 2 гады.
  8. 15% месцаў (г.зн. 18 мандатаў) прадугледжана для дэлегатаў ад арганізацый грамадзянскай супольнасці. Гэтыя месцы займаюцца на аснове выбараў сярод арганізацый грамадзянскай супольнасці.
  9. Будзе выкарыстана прапарцыйная выбарчая сістэма з закрытымі спісамі. У выбарах удзельнічаюць выбарчыя суб’екты.
  10. Адным з выбарчых суб’ектаў выступае адкрыты спіс самавылучэнцаў. Кандыдаты размяшчаюцца ў ім па парадку падачы заяў аб рэгістрацыі ў якасці кандыдата. Кандыдаты ў гэтым спісе вызваленыя ад патрабавання прадастаўляць праграму. Каб стаць кандыдатам у гэтым спісе, трэба сабраць 20 подпісаў ці быць дэлегаваным ад грамадскай/некамерцыйнай арганізацыі. У спісе самавылучэнцаў магчыма прагаласаваць толькі за кандыдата.
  11. Патрабаванні да выбарчых суб’ектаў:
  •    11.1. выбарчы суб’ект павінен прадаставіць спіс з не менш 10 кандыдатаў у сябры КР.
  •    11.2. кандыдатамі ў сябры КР могуць быць грамадзяне РБ (альбо асобы, супрацьпраўна пазбаўленыя грамадзянства рэжымам) не маладзейшыя за 18 гадоў на дзень пачатку рэгістрацыі выбарчых суб’ектаў;
  •    11.3. кожны кандыдат можа знаходзіцца толькі ў адным спісе;
  •    11.4. выбарчы суб’ект можа быць сфарміраваны адной ці некалькімі беларускімі палітычнымі структурамі (партыя, устаноўчы аргкамітэт палітычнай партыі, фракцыя КР 2-га склікання) і/або арганізацыямі грамадзянскай супольнасці;
  • 11.5. выбарчы суб’ект павінен мець сваю назву;
  • 11.6. не менш за 40% кандыдатаў у спісе выбарчага суб’екта павінны быць жанчынамі (і ў кожнай пяцёрцы кандыдатаў павінны быць мінімум дзве жанчыны);
  • 11.7. выбарчы суб’ект заяўляе палітычную праграму на перыяд не меншы за тэрмін паўнамоцтваў новага складу Каардынацыйнай рады і дэкларуе каштоўнасці (або прынцыпы ці ідэалогію) на аснове якіх сфарміраваны палітычны суб’ект.

12. Кожны выбаршчык мае тры галасы. Кожны голас выбаршчык можа аддаць за адзін любы канкрэтны спіс выбарчага суб’екта, альбо за некалькі розных спісаў, альбо за аднаго кандыдата ў спісе самавылучэнцаў. Можна падаць усе тры галасы, альбо прагаласаваць адзін ці два разы і не галасаваць больш.

13. Вызначэнне вынікаў:

  • 13.1. Вызначаецца агульная колькасць галасоў за ўсіх суб’ектаў — гэта сума галасоў, пададзеных за ўсе спісы і за кожнага асобнага кандыдата ў спісе самавылучэнцаў.
  • 13.2. Вызначаецца агульная колькасць галасоў за кожны суб’ект — гэта сума галасоў, пададзеных за спіс, а таксама за кандыдатаў у спісе самавылучэнцаў.
  • 13.3. У размеркаванні мандатаў удзельнічаюць суб’екты, за якія (пункт 13.2) пададзена больш за 3 працэнты ад агульнай колькасці галасоў (пункт 13.1) і самавылучэнцы, якія пераадолелі парог з 750 галасоў.
  • 13.4. Для кожнага выбарчага суб’екта, які мае права ўдзельнічаць у размеркаванні мандатаў, па метадзе найбольшых астаткаў вызначаецца колькасць мандатаў у Каардынацыйнай радзе. Спіс не можа атрымаць больш мандатаў, чым кандыдатаў у спісе.
  • 13.5. Мандаты сярод кандыдатаў у спісе самавылучэнцаў размяркоўваюцца, зыходзячы з колькасці галасоў, пададзеных за індывідуальных кандыдатаў у гэтым спісе.
  • 13.6. У выпадку роўнасці галасоў прыярытэт аддаецца кандыдату, які знаходзіцца вышэй у спісе.

Яшчэ навіны

Падзяліцца