«У 2021 годзе паміж каталіцкім і праваслаўным Вялікаднямі самы вялікі прамежак з магчымых. Але ў Беларусі, у выніку грамадскага руху за мір і законнасць як ніколі раней праваслаўныя, каталіцкія і евангельскія хрысціяне адзіныя». Група КР «Хрысціянскае бачанне» кажа пра ўплыў мірнага пратэсту на вернікаў:

 – Яны разам падпадаюць пераследам. У жніўні Беларуская Праваслаўная Царква і Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі засталіся без сваіх кіраўнікоў: Мітрапаліта Паўла Мінскага знялі з пасады і выдалілі з Беларусі, а Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу на працягу чатырох месяцаў улады не дазвалялі вярнуцца ў краіну. У кастрычніку ў адзін аўтазак трапілі каталіцкі актывіст Арцём Ткачук і евангельскі хрысціянін Зміцер Дашкевіч. У лістападзе ў пракуратуру адначасна выклікалі праваслаўнага святара Сергія Лепіна і каталіцкага біскупа Юр’я Касабуцкага. У снежні ў Віцебску на адным лаве ў судзе сядзелі рымска-каталіцкі святар-езуіт Віктар Жук і грэка-каталіцкі святар Аляксей Варонка. У Гомелі на суткі адправілі праваслаўнага святара Уладзіміра Драбышэўскага, у Расонах — каталіцкага святара-блогера Вячаслава Барка, а ў Івацэвічах — грэка-каталіцкага святара Віталя Быстрова.

Яны разам сведчаць — узвышаюць свой голас супраць гвалту і беззаконня. І праваслаўныя, і каталікі, і евангельскія хрысціяне кажуць пра адно — праўду і справядлівасць нельга прыносіць каб дагадзіць стабільнасці і спакою. Гвалт і катаванні не маюць апраўданняў. Улада, заснаваная на хлусні, гвалце і тыраніі — не пажаданая Богу. Салідарнасць, імкненне да праўды, да справядлівасці, да дыялогу — гэта той падмурак, на якім толькі і можна пабудаваць здаровае грамадства.

Беларускія хрысціяне разам моляцца. У жніўні вялікая міжканфесійная малітва прайшла ў Мінску па ініцыятыве мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, а ў Гродна розных канфесій прайшлі па вуліцах гарады з хросным ходам. У першы тыдзень пачатку пратэстаў вялікая група вернікаў розных хрысціянскіх цэркваў пачала маліцца каля Ратушы ў Мінску, паміж двума кафедральнымі саборамі, праваслаўным і каталіцкім. Праваслаўныя і каталікі прыйшлі з абразамі і ружанцамі, пратэстанты трымалі ў руках Бібліі — усе яны былі аб’яднаны адной агульнай малітвай. І дагэтуль кожны дзень малітва ў Ратушы працягваецца. У лютым вядомыя вернікі розных канфесій запісалі відэазварот, у якім заклікалі да малітвы за Беларусь — кожны дзень а дзявятай вечара.

Яны супрацоўнічаюць. Прыкладам, сустракаюцца ў валанцёрскім лагеры на Акрэсціна, каб аказваць духоўную і матэрыяльную дапамогу бедным. Ці праводзяць маніторынг парушэння свабоды рэлігіі ці перакананняў. Разам дапамагаюць сем’ям палітычных зняволеных. Разам збіраюць ахвяраванні на падтрымку тым, хто мае патрэбу. Разам складаюць дакументы, пішуць запыты, праводзяць акцыі, прыцягваюць міжнародную ўвагу да сітуацыі ў Беларусі. Разам аналізуюць ролю цэркваў і хрысціянаў у сучасным палітычным крызісе. Разам думаюць пра тое, што такое хрысціянства і як быць сапраўдным хрысціянамі тут і цяпер, разважаюць пра прынцыпы сацыяльнай навукі цэрквы і прапануюць сваё бачанне будучай Беларусі.

Яны праяўляюць салідарнасць адзін да аднаго: у верасні ў Гроднана суд над хірургам Аляксандрам Цыліндзем прыйшлі святары чатырох канфесій. А на набажэнствы, якія ў Мінску пад голым небам праводзіць пераследаваная поўнаевангельская царква «Новае жыццё», з’язджаюцца хрысціяне ўсіх канфесій. Праваслаўныя ў верасні стаялі ў пікетах у салідарнасць з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам.

Беларускія хрысціяне, аб’яднаныя ў групе «Хрысціянскае бачанне» Каардынацыйнай рады, а таксама ў іншыя міжхрысціянскія багаслоўскія, малітоўныя, практычныя аб’яднанні і групы — гэта зародак шчырага, а не фармальнага, заснаванага на даверы, а не на канкурэнцыі, на разнастайнасці, а не на ўніфікацыі экуменічнага руху.

Яшчэ навіны

Падзяліцца