Сёння былую дацэнтку МДЛУ Наталлю Дуліну асудзілі да 3,5 гадоў калоніі па «народным» артыкуле. Суд над палітзняволенай праходзіў у закрытым рэжыме, таму інфармацыю, што там адбывалася знайсці вельмі складана.

Вядома, што зараз таксама судзяць заснавальніка крамы Symbal.by Паўла Белавуса. Наступнае паседжанне пазначана на 13 сакавіка і яно таксама будзе закрытым.

Памятаем, што і на частку паседжанняў над «вясноўцамі» не пускалі па афіцыйных прычынах, а блізкім сябрам праваабаронцаў і дыпламатам не дазволілі прысутнічаць нават у «адкрытыя» дні. З дня выраку ўвогуле зрабілі «выставу новага пакалення», прымусіўшы Курсантаў Акадэміі МУС заняць усе месцы ў судовай залі.

Чаму наша «правасуддзе» баіцца слухачоў?

Галоўная прычына – ёсць рызыка, што смелыя прынцыповыя медыйныя людзі нават за кратамі і ў кайданах не будуць маўчаць. Нашыя палітзняволеныя з судовых працэсаў выціскаюць усе магчымасці перадаць, што яны не здаліся. Яны каментуюць матэрыялы спраў, даюць парады суддзям, смяюцца падчас агалошвання выракаў і натхняюць вольных беларусаў сваімі моцнымі апошнімі словамі. Рэжыму непрыемна, што з яго кпяць.

Закрытыя суды – спроба пазбавіць палітзняволеных магчымасцяў зірнуць у вочы сябрам і неабыякавым беларусам, але ў той жа час гэта пацверджанне таго, што рэжым баіцца іх уплыву.

Сёння ў Минску пачалі разглядаць яшчэ адну «народную» справу з удзелам вядомай беларускі, трэнеркі па бізнэс-камунікацыях Аксаны Зарэцкай. Пакуль паседжанні пазначаны як адкрытыя і фармальна на іх можа прыйсці любы чалавек з пашпартам. На справе ж вас могуць не пусціць з-за «чарговай хвалі кавіду», «перапоўненасці залі» альбо без тлумачэння прычынаў.

Сябры, працягваем рабіць тое, што ў нашых сілах і набліжаць дзень вызвалення ўсіх палітзняволеных. Дзякуй ім за мужнасць і падтрымку. Жыве.

Яшчэ навіны

Падзяліцца