31 жніўня прайшла прэс-канферэнцыя па выніках другога паседжання Каардынацыйнай Рады.

Чытайце галоўныя тэзісы выступленняў у традыцыйнай справаздачы.

Марыя Калеснікава.
Мы хочам сказаць вялікі дзякуй прадстаўнікам прэсы, якія сёння тут. Мы ведаем, як складана зараз працаваць вам і вашым калегам, трымайцеся, мы з вамі!
Сустрэча КР прайшла вельмі плённа, мы пачулі шмат ідэй. Нас сёння трое, Святлана Алексіевіч, на жаль, не змагла прысутнічаць па стане здароўя. Мы чакаем вызвалення Вольгі і Сяргея, яны зараз у Жодзіна, да іх не дапускаюць адвакатаў, і мы за іх вельмі перажываем. Спадзяемся, што з імі ўсё ў парадку і яны далучацца да нас ужо ў чацвер. Навіны пра Лідзію Ўласаву вы ведаеце, падрабязней пра гэта раскажа Павел Паўлавіч.

Павел Латушка.
Я хацеў бы зрабіць зварот ад імя Каардынацыйнай Рады, што сёння ў 15 гадзін была затрыманая Лілія Ўласава, член Презідыума Каардынацыйнай Рады і заснавальнік адной з першых юрыдычных кампаній у гісторыі незалежнай Беларусі. Яна зьяўляецца таксама адным з самых вядомых медыятараў у Беларусі, ведаюць яе і па за межамі нашай краіны. Такі «сімвалізм» у двукоссі атрымліваецца. Тая асоба, якая на працягу дзесяцгоддзяў займалася будаваннем інстытута медыяцыі ў краіне, знаходіла шляхі выхаду са складаных сітуацый, якія ўнікаюць паміж юрыдычнымі і фізічнымі асобамі ў рамках дзелавых зносін, была затрыманая.
Мы выказваем заклапочанасць у сувязі з затрыманнем чарговага члена Каардынацыйнай Рады, менавіта Прэзідыума, і дадзеныя дзеянні праваахоўчых органаў мы разглядаем як непасрэдны ціск на дзейнасць усёй Каардынацыйнай Рады, разам з фактамі, якія сёння былі ўжо прыведезеныя і вы іх ведаеце: затрыманне і Вольгі Кавальковай, і Сяргея Дылеўскага, а таксама з фактам узбуджэння крымінальнай справы па факту стварэння Каардынацыйнай Рады. Мы лічым, што дадзеныя дзеянні маюць палітычную матывацыю і маюць на мэце дэзарганізаваць дзейнасць Каардынацыйнай Рады. Але мы, як бачыце, працягваем свою працу, мы сёння правялі чарговае пасяджэнне пашыранага складу Каардынацыйнай Рады. Дадзеныя дзеянні, на наш пункт гледжання, зьяўляюцца сведчаннем таго, што сапраўды ўлада на сённяшні дзень не зацікаўлена ў тым, каб падтрымліваць дыялог і знайсці выхад са склаўшайся палітычнай сітуацыі ў краіне шляхам перамоваў. Мы патрабуем, каб усе дзеянні, скіраваныя на ціск на членаў Каардынацыйнай Рады былі перапыненыя. Мы гатовыя і далей працаваць для таго, каб вырашыць тую склаўшуюся сітуацыю шляхам дыялогу. Спадзяемся, што Лілія Ўласава хутка будзе вызвалена і супраць яе не будзе ажыццяўляцца ціск.

Максім Знак.
Хачу далучыцца да слоў падтрымкі Ліліі Ўладзіміраўны, спадзяемся, што сітуацыя вырашыцца, хоць падзеі апошніх дзён выклікаюць сур’ёзную заклапочанасць з нагоды таго, што спрабуюць ставіць у віну. Мы ведаем, што гэта не справа ў межах узбуджанай Генпракуратурай па артыкуле 361, таму што нас дапытваў Следчы камітэт. Гэтае затрыманне праведзена Дэпартаментам фінансавых даследванняў, відавочна, што гэта нейкае пытанне, якое не датычыць дзейнасці Каардынацыйнай Рады. Але мы бачым і ведаем, што ёсць дзіўная карэляцыя паміж палітычнай актыўнасцю грамадзян Рэспублікі Беларусь і зьяўленнем нейкіх складаў, у тым ліку эканамічных, якія ў хуткім часе пачынаюць даследвацца. Гэта вельмі сумна.
З больш пазітыўных навін – у нас адбылося паседжанне Каардынацыйнай Рады. Мы хацелі спраўдзіць гадзіннікі, распавесці, чым мы займаліся гэтыя дні, даведацца, чым займаліся рабочыя групы. Паседжанне прайшло канструктыўна, мы са свайго боку паведамілі пра дзейнасць Презідыума, адказалі на пытанні, паслухалі даклады асобнай часткі рабочых груп – чым яны займаюцца і якія грамадзянскія ініцыятывы падтрымліваюць.
Мы ўбачылі, што тая схема, якая была абмеркаваная на першым паседжанні, пачала працаваць. Як вы ведаеце, на дадзены момант КР складаецца з трох узроўняў. Ёсць Прэзідіум, ён фактычна прымае калегіяльныя рашэнні, на падставе якіх дае пэўныя каментарыі, у тым ліку мае стасункі з прэсай. Асноўны склад абірае Прэзідыум, там знаходзіцца да 70 чалавек, зараз менш, таму што хтосьці быў вымушаны зьехаць з Беларусі, і зыходзячы з рэгламента, больш не можа зьяўляцца сябрам асноўнага складу.
Асноўны склад стварае рабочыя групы, актыўна ў іх удзельнічае, і сёння мы даведаліся, што адбываецца з пункту гледжання каардынацыі і нейкіх ініцыятыў. Гэтыя навіны вельмі ўзрадавалі. Мяркую, што ў найбліжэйшы час яны зьявяцца, кожная рабочая група зможа распавесці пра сваю дзейнасць, каб усе захапіліся тым, што беларусы робяць не зверху ўніз, а знізу наверх.
Яшчэ адна важная навіна. У сувязі з ціскам на КР, пасля затрымання Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага, мы запісалі відэа, у якім прапанавалі больш актыўна ўступаць у пашыраны склад Каардынацыйнай Рады. На бягучы момант у пашыраным складзе ўжо больш за 4100 сябраў – і ў нас яшчэ прыблізна неапрацаваных 10 000 заявак. І гэта тыя людзі, беларусы, якія пацвердзілі, што яны знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, якія падтрымліваюць рэзалюцыю і рэгламент Каардынацыйнай Рады, і пры неабходнасці з іх будзе дапоўнены і асноўны склад КР.

Ці ёсць план ці змяненне стратэгіі дзеянняў далей, таму што відавочна, што ціск не спыняецца, на дыялог ніхто ісці не збіраецца, а ўчора памочнік Лукашэнка адкрыта сказаў, што з Саветам, і ў прыватнасці, з Марыяй, ніхто размаўляць не будзе. Ці зменяцца неяк дзеянні? І другое: ідуць затрыманні, нейкіх паслабленняў няма. Ці ёсць у вас план на далейшыя затрыманні ключавых сябраў Прэзідыума, плануеце вы неяк змяніць работу?

Марыя Калеснікава.
Цалкам відавочна, што тая стратэгія, якую мы абралі і якой кіруемся ужо некалькі месяцаў, step by step, паступова, і ў якой ужо зараз пачынаем працаваць у выглядзе Каардынацыйнай Рады, – яна паспяховая. Таму што яшчэ два тыдні таму дзеючы прэзідэнт нават не збіраўся чуць пра тое, што магчымы нейкі дыялог, зараз ён і сам кажа пра дыялог, учора нават выйшаў ягоны прадстаўнік – і таксама гаворыць пра дыялог. Яны ўжо ведаюць мае прозвішча, але яшчэ не гатовыя да дыялогу. Але мы цярплівыя, мы можам пачакаць. Другі момант: цяпер ізноў узнімаюцца абмеркаванні Канстытуцыі, рэферэндума, – і мы лічым, што гэта адбываецца менавіта дзякуючы нашай стратэгіі і ціску грамадзянскага грамадства на органы ўлады. Што будзем рабіць, калі нас усіх пасадзяць? Вельмі жыццесцвярджальнае пытанне! Зараз 9 мільёнаў беларусаў знаходяцца ў сітуацыі, калі кожнага з нас могуць пасадзіць у любы момант. І наша перамога якраз у тым, што мы зразумелі, што мы свабодныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Мы хочам новага жыцця, мы гатовыя несці адказнасць і крок за крокам набліжаць гэтае новае жыццё Беларусі. У нас няма ніякіх ілюзій адносна ўлады, але мы адужалі свой страх і ідзем далей. Пытанне дыялога з уладай – гэта не пытанне веры, гэта пытанне рэферэндума і Канстытуцыі. І заява аб тым, што дыялог магчымы, але не з Калеснікавай, – гэта ўжо тыя крокі, якія яны робяць толькі пад ціскам. Заявы кіраўнікоў Расійскай Федэрацыі і Еўрасаюза гавораць аб тым, што яны Каардынацыйную Раду як партнёра прызнаюць, – гэта таксама вельмі істотны момант.

Яшчэ навіны

Падзяліцца