Супольная заява Офіса Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай Рады і Народнага Антыкрызіснага Кіравання пра недапушчальнасць накіравання беларускіх вайскоўцаў у аперацыі за мяжой.

Падзеі ў Казахстане з’яўляюцца ўнутраным палітычным канфліктам. Няма фактаў, што пацвярджаюць, што крызіс выкліканы вонкавай агрэсіяй або звязаны з вонкавымі тэрарыстычнымі пагрозамі.

Вулічны пратэст – гэта адзін з нешматлікіх даступных пры аўтарытарных рэжымах спосабаў выразу грамадзянскай волі. Мы разумеем імкненне супрацьстаяць дыктатуры і паважаем права казахстанцаў вызначаць лёс сваёй краіны.

Дамова пра калектыўную бяспеку стваралася для адбіцця вонкавай агрэсіі, а не развязання ўнутраных палітычных праблем краін-удзельніц. Адпраўленне войскаў, а таксама аказанне любой іншай вайсковай дапамогі дзейнаму ўраду Казахстана стварае небяспечны прэцэдэнт замежнага ўзброенага ўмяшання ва ўнутраныя палітычныя канфлікты.

У сувязі з гэтым мы заяўляем: увод войскаў можа на шмат гадоў ускладніць сяброўскія адносіны паміж беларускім і казахскім народамі. Вайсковае ўмяшанне ва ўнутраны канфлікт у Казахстане супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, можа прывесці да значных людскіх і матэрыяльных страт і шкодзе міжнароднай рэпутацыі нашай краіны.

Мы не прымаем ужывання беларускіх войскаў для развязку палітычных канфліктаў як у Беларусі, гэтак і за межамі краіны. Іх заданне – абарона суверэнітэту і забеспячэнне бяспекі Беларусі.

Мы не прымаем прыняцця падобных развязкаў ад імя чалавека, пазбаўленнага легітымнасці па выніках выбараў 2020 гады, які сілай захапіў і ўтрымлівае ўладу ў Беларусі.

Мы выказваем упэўненасць, што бягучы крызіс можа быць развязаны народам Казахстана самастойна праз шырокі ўнутраны дыялог і дэмакратычныя працэдуры. Замежнае вайсковае ўмяшанне ва ўнутраны палітычны канфлікт будзе мець негатыўныя наступствы як для суверэнітэту Казахстана, гэтак і для бяспекі ўсяго рэгіёна.

Яшчэ навіны

Падзяліцца