Алана Гебрэмарыям, якую падазраваюць у арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, ніколі не парушала беларускага заканадаўства. Затрыманне Аланы – нішто іншае як палітычны ціск на Каардынацыйную раду і яго прадстаўнікоў.

Сёння, 14-га лістапада, сяброўцы Асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, Алане Гебрэмарыям, выбралі меру спынення – 2 месяцы пад вартай. Цягам 10 дзён ёй павінны выставіць абвінавачанне, пакуль яна знаходзіцца ў статусе падазраванай па артыкуле 342 ч.1 КК.

Разам з Аланай былі затрыманыя яшчэ некалькі моладзевых актывістаў, якія дагэтуль знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ягор Канецкі, Кася Будзько, Яна Арабейка, Глеб Фіцнэр, Ксенія Сырамалот, Вікторыя Гранкоўская, Марыя Каленік, Настасся Булыбенка – усе затрыманыя студэнты павінны быць неадкладна вызвалены.

Сяброўка Каардынацыйнай Рады, Алана Гебрэмарыям, актывістка “Моладзевага Блока” і прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі, цягам апошніх гадоў бараніла правы студэнтаў у Асацыяцыі беларускіх студэнтаў “Задзіночанне беларускіх студэнтаў”. Яна прадстаўляла і натхняла сотні маладых беларусаў, якія вучацца ў ВНУ. Сваімі дзеяннямі Алана дапамагала творчым і актыўным студэнтам у Беларусі паляпшаць сваю краіну, а не з’язджаць за мяжу ў роспачы.

Каардынацыйная Рада заяўляе: Алана Гебрэмарыям ніколі не брала ўдзел у арганізацыі дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак і дзенічала толькі ў межах закона. Гэты артыкул выкарыстоўваецца выключна для ціску на тых, хто не падтрымлівае тых, хто ўтрымлівае уладу.

Каардынацыйная Рада заклікае:

  1. Неадкладна вызваліць Алану Гебрэмарыям з-пад варты.
  2. Спыніць крымінальны пераслед у дачыненні Аланы Гебрэмарыям.
  3. Вызваліць усіх затрыманых актывістаў студэнтаў і спыніць кожныя палітычныя пераследы (адлічэнні, запалохванні) супраць іх.

Голас Аланы стаў голасам беларускай моладзі, якая хоча зменаў, хоча браць удзел у жыцці дзяржавы і ўніверсітэта, прымаць рашэнні і браць адказнасць за сваю будучыню. Алана, мы чакаем цябе і будзем змагацца за тваё вызваленне!

Яшчэ навіны

Падзяліцца